«Мама паглядзела на мой рост і целасклад і сказала: ідзі ў мадэлі, — усміхаецца сімпатычны 15-гадовы юнак у клятчастай кашулі, пакуль яго аднагрупніцы адточваюць дэфіле. — А тату не падабаецца. Ён заўсёды спрабаваў адправіць мяне ў спартыўныя секцыі. Ну, я хаджу на баскетбол, але ўжо надакучыла».
Стаць мадэллю дагэтуль мараць многія падлеткі. Але ці лёгка трапіць у гэту сферу? Якія сёння стандарты прыгажосці? Ці ёсць на подыуме месца пышкам? Колькі можна зарабіць за паказ? Па адказы мы адправіліся ў Нацыянальную школу прыгажосці, дзе праходзяць курсы па прафесіі «Мадэль».
У пашане — натуральная прыгажосць
Ахвотных скараць подыум і глянцавыя часопісы тут набіраюць два разы на год. Ёсць платныя і бюджэтныя месцы. На першыя могуць трапіць амаль усе, хто хоча навучыцца прыгожа хадзіць і пазіраваць для сябе: акрамя медыцынскіх, ніякіх патрабаванняў да кандыдатаў няма. На другія — строгі кастынг.
— Конкурс дастаткова вялікі, параўнальны з адборам у ВНУ. Мінімум чатыры чалавекі на месца прэтэндуюць, часам даходзіць і да шасці, — кажа Дзмітрый ВРУБЛЕЎСКІ, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце школы.
Здаецца, што хлопцам на бюджэт трапіць прасцей: ахвотных жа менш. «Але і попыт на мужчын-мадэляў не такі высокі, — заўважае Дзмітрый Врублеўскі. — Усё ж такі мода арыентуецца на жаночую частку насельніцтва. Не толькі ў нас, але і ў Еўропе мужчынскіх паказаў праходзіць мала, хлопцам складаней знайсці работу. Звычайна ў групе на бясплатным навучанні з 25 чалавек толькі пяць хлопцаў».
Крытэрыі пры адборы мадэляў класічныя: зграбная фігура, рост ад 175 сантыметраў для дзяўчат і ад 185 — для хлопцаў. Занадта высокім быць не пажадана: калекцыі шыюць па пэўных параметрах, і штаны ці пінжак не павінны быць для мадэлі кароткімі.
— У дзяўчат стандартны памер — 42—44. Але заўсёды ёсць папраўка на плюс-мінус сантыметр, бо пры адборы камісія звяртае ўвагу і на харызму. У кандыдата, які ўмее сябе падаць, мае нейкую іскрынку, болей шанцаў, — дзеліцца намеснік дырэктара.
Вітаецца натуральная прыгажосць. Валасы павінны быць нефарбаваныя і максімальна доўгія — дызайнерам патрэбна «база», каб можна было зрабіць мадэлі любую прычоску і стварыць гарманічны вобраз.
А што наконт кандыдатак памеру плюс-сайз? У школе адказваюць, што іх набіраюць толькі на платнае навучанне. Прычына простая — у краіне не так шмат запытаў на работу такіх мадэляў. У асноўным поўныя дзяўчаты працуюць у сегменце трыкатажнага адзення, а паколькі ў нас гэта галіна прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай прамысловасці, дзе прывыклі абыходзіцца сваімі сіламі, заказаў для іх мала. Вядома, праекты для нестандартных мадэляў ёсць, але яны адзінкавыя.
Забудзьцеся на капрызы!
Курсы цягнуцца чатыры месяцы. Заняткі — тры разы на тыдзень. За прагулы могуць адлічыць. «У працэсе навучання павінна прывівацца дысцыпліна», — лічыць Дзмітрый Врублеўскі.
Прадметаў тут шмат: харэаграфія, візаж і цырульніцкае мастацтва, фотапластыка, стыль у адзенні, асновы псіхалогіі... У рабоце мадэлі можа спатрэбіцца ўсё. Адна з былых навучэнак, якая нядаўна працавала ў Мілане, расказвала, як сорамна ёй было, калі на прымерцы не пазнала вядомага дызайнера, хоць на занятках яго дакладна праходзілі.
На сцэнічным майстэрстве вучаць валодаць словам і працаваць са сваім целам — звяртаюць увагу на жэсты, міміку. Стараюцца разняволіць хлапцоў і дзяўчат.
— Самы галоўны бар'ер — іх падлеткавы ўзрост. У гэты перыяд вельмі важна меркаванне аднагодкаў, а многія тэатральныя практыкаванні вымушаюць цябе выглядаць, скажам так, не вельмі прывабна. Дзяўчаты і хлопцы баяцца паказацца непрыгожымі, — гаворыць выкладчык па сцэнічным майстэрстве Аляксандр СТАСЕВІЧ. — Няма практыкаванняў для падлеткаў больш смешных, чым артыкуляцыйная гімнастыка. Але яна вельмі карысная, каб умець кіраваць сваім голасам.
Праходзяць на курсах і этыкет. Разбіраюць, як паводзіць сябе за сталом, у грамадскіх месцах, пры знаёмстве і вітанні. Існуе нават этыкет мадэляў са сваім спісам правілаў і забарон. Так, калі дзяўчына ўжо пераапранулася для паказу, нельга садзіцца, есці і фарбавацца, каб не пашкодзіць убор.
— Мадэль павінна забыцца на капрызы. І не заяўляць, што не будзе нешта надзяваць на сябе, бо ёй не падабаецца, — адзначае Дзмітрый Врублеўскі. — Трэба прадэманстраваць любую рэч, як апошні піск моды, незалежна ад таго, што гэта.
На дыеты будучых манекеншчыц не садзяць — замест гэтага ім расказваюць пра здаровае харчаванне. Але дзяўчатам нагадваюць, што важна захоўваць свае параметры і, калі трэба, хадзіць у спартзалу, каб трымаць сябе ў форме.
Завод пачакае
— З правай пайшлі! Раз, два, тры, чатыры. Выраўнялі плечы! Крок, разварот, — дае ўказанні групе выкладчыца дэфіле Аляксандра ПЛАТОНАВА.
Навічкі падціскаюць вусны і нясмела паўтараюць рухі.
— Галоўныя памылкі — гэта сутуласць і сагнутыя калені. Таксама прысутнічае заціснутасць, няўпэўненасць у сабе, — звяртае ўвагу педагог і дадае, што добрая паходка важная не толькі для подыума, але і для жыцця — правільная постаць адразу вылучае цябе з натоўпу.
Каб навучыцца трымаць спіну роўна, мадэлі робяць «дамашняе заданне» — стойку каля сценкі з фіксацыяй пяці кропак: патыліцы, спіны, ягадзіц і пятак. Першы месяц у такой пазіцыі трэба штодзённа праводзіць па дзве хвіліны.
— А з кніжкай на галаве не ходзіце?
— Гэта практыкаванне ўжо крыху састарэла, — усміхаецца Аляксандра Платонава. — Ёсць шмат іншых — ёга, пілатэс. Можна, напрыклад, зафіксаваць рукі за спінай.
Мужчынская подыумная хада адрозніваецца ад жаночай. У дзяўчыны корпус крыху адхіляецца назад, а хлопец наадварот імкнецца плячыма наперад.
...Ігнат САБКО вывучае мікраэлектроніку ў політэхнічным каледжы. Паспрабаваць сябе ў якасці мадэлі вырашыў раптоўна.
— На кастынгу хваляваўся, думаў, наўрад ці прайду, — прызнаецца хлопец. — Вучыцца тут цікава, але многае не зразумела. Складана пакуль даецца фотапазіраванне: крыху скавана сябе адчуваю перад камерай.
Ігнат асвойвае азы мадэлінгу толькі месяц, але ўжо паспеў паўдзельнічаць у паказе. Кажа, па подыуме прайшоў упэўнена. А вось пасля дэфіле пачаў хвалявацца: ці добра выглядаў збоку?
— Рэакцыя аднакурснікаў на маё цяперашняе хобі? «Ваў, нічога сабе, хутка зляціш куды-небудзь». Усе здзівіліся, але станоўча паставіліся.
Варыянт папрацаваць нейкі час мадэллю 17-гадовы хлопец разглядае: маўляў, пакуль малады, было б цікава. А ўжо потым можна і тэхнікам-тэхнолагам на завод пайсці.
Дзесяцікласнік сталічнай 85-й школы Аляксей ГРЫНКЕВІЧ у адказ на пытанне, навошта яму ўсё гэта, жартуе: "Вы паглядзіце, колькі дзяўчат! А я адзін, выбар ёсць. Тыдні два таму свайго сябра сюды прывёў, той таксама стаў займацца. Дзяўчына яму нейкая спадабалася, але ён не з-за гэтага застаўся".
Лёшу навучанне даецца лёгка. Дый гэтыя веды спатрэбяцца яму ў будучым: хлопец бачыць сябе ў творчай прафесіі і збіраецца паступаць ва ўніверсітэт культуры.
Сярод тых, хто трапіў на бюджэт, — "Другая віцэ-міс Беларусь" Анастасія ЛАЎРЫНЧУК.
— Мне трэба падцягнуць дэфіле, — крытычна ацэньвае сябе дзяўчына. — Ёсць складанасці з харэаграфіяй, бо гэта фізічная нагрузка — трэба быць у найлепшай форме. У далейшым я разглядаю мадэлінг як прафесію: вядома, не на пяць гадоў, на адзін-два. Думаю, гэта будзе цікавы вопыт.
Цяпер Анастасія вучыцца на другім курсе Інстытута бізнесу БДУ. "Веды з галіны бізнесу дапамагаюць і ў моднай сферы. У гэтым выпадку таварам з'яўляюся я, і трэба адпаведна прадставіць сябе, каб атрымаць работу".
Ёсць на курсах і тыя, хто ўжо пакаштаваў «мадэльнага хлеба». Напрыклад, у адзінаццацікласніцы мінскай 43-й гімназіі Марыі СКРЫПКІНАЙ за плячыма 30 паказаў. Усміхаецца, што на кішэнныя расходы ўдавалася зарабіць. У школу прыгажосці дзяўчына прыйшла, каб набрацца навыкаў у фотапазіраванні і завесці новыя знаёмствы.
— Вучобе ў гімназіі гэта не перашкаджае, спрабую сумяшчаць. Бал у мяне вышэйшы за сярэдні, — кажа Маша.
За паказ — ад 40 рублёў
— Пасля курсаў мы бяром на кантракт толькі найлепшых. Гэта можа быць і 50, і 75 працэнтаў ад групы, — адзначае Дзмітрый Врублеўскі.
Перспектывы? У Беларусі мадэлінг, хутчэй, падпрацоўка. «У нас не так шмат паказаў, — тлумачыць намеснік дырэктара школы. — Дый заробкі ў сферы не самыя вялікія, каб можна было жыць толькі на іх. Колькі заплацяць за паказ, залежыць ад узроўню дызайнера, спонсараў. Ніжняя планка — 40 рублёў, верхняя можа дасягаць і некалькі соцень долараў. На заробак уплывае і вопыт мадэлі: калі гэта пераможца конкурсаў прыгажосці, яна працавала ў іншых краінах, то будзе атрымліваць больш».
Калі казаць пра работу за мяжой, то самы аб'ёмны рынак — гэта Азія, у першую чаргу Кітай. Чаму? Па-першае, інвестыцый у модную галіну на Усходзе ўкладаецца шмат, а таму заказаў хапае. Па-другое, беларуская знешнасць там запатрабаваная.
У Еўропе цэнтрамі прыцягнення мадэляў застаюцца Мілан, Парыж і Лондан.
— Там на кастынгах жорсткі адбор — па 70 чалавек стаяць у чэргах на паказ, куды патрэбна ўсяго некалькі чалавек. Камісіі дастаткова ўбачыць стомлены твар, няўпэўненасць у хадзе — і табе скажуць «да пабачэння», — канстатуе Дзмітрый Врублеўскі. — Напярэдадні тыдняў моды кастынгаў вельмі шмат, яны праходзяць у розных частках горада, і ўсюды трэба паспець. Калі не пашанцуе, дзяўчаты месяцамі могуць жыць без работы і атрымліваць толькі пражытковы мінімум ад агенцтва. Калі лянуешся, рызыкуеш вярнуцца дадому ні з чым.
Якія тыпажы цяпер больш запатрабаваныя, сказаць складана. Дызайнеры пастаянна ў пошуку новых твараў: мінуў той перыяд, калі мадэлі доўга трымаліся ў топе. А пенсійны ўзрост у гэтай галіне наступае гадоў на 20 раней.
— Ужо ў 30 звычайна кар'еры канец. Але ёсць і выключэнні. Усё залежыць ад дзяўчыны. Вялікую частку сродкаў, якія зарабляе мадэль, яна павінна ўкладваць у сябе — фітнес, касметалогія, веданне мовы, — каб максімальна даўжэй заставацца канкурэнтаздольнай.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.