Вы тут

Чаму ў «Музеі Вавёркі» ў Вялікай Бераставіцы жыве чылійскі дэгу


Вавёрка стала сімвалам Бераставіцы падчас святкавання 500-гадовага юбілею гарадскога пасёлка ў 2006 годзе.


З чым звязана такое пакланенне вавёрцы, невядома. Толькі ў архівах ёсць звесткі аб тым, што ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя Вялікай Бераставіцы было дадзена Магдэбургскае права, і на тым дакуменце захаваўся адбітак пячаткі з вавёркай на авальным шчыце пад залатой каронай. Гэта пячатка і была пакладзена ў аснову сучаснага герба, які быў зацверджаны Указам Прэзідэнта да 500-годдзя гарадскога пасёлка.

Тэма вавёркі атрымала далейшае развіццё ў стварэнні манумента «Дрэва жыцця» вядомага гродзенскага скульптара Уладзіміра Церабуна. На бронзавым дрэве, вышыня якога большая за чатыры метры, уладкавалася вавёрка з каронай. Каб прывабіць турыстаў, у Вялікай Бераставіцы адкрылі яшчэ і адпаведны музей.

— Вавёрка — гэта сімвал багацця, дабрабыту, — расказвае дырэктар музея Яўген Волкаў. — На тэрыторыі ВКЛ яна ўяўлялася таксама як адзіная дачка ў сям'і альбо нявеста на выданні. Многія гарады маюць на сваіх гербах выяву гэтага звярка — у Швецыі, Латвіі, Украіне і Германіі. Але большасць прадстаўлена ў Расіі. Магчыма, гэта звязана са здабычай пушніны. У Беларусі вавёрка на гербах двух гарадскіх пасёлкаў — Вялікай Бераставіцы і Акцябрскім, што на Гомельшчыне.

У музеі сабраны рэчы, звязаныя з сямействам вавёркавых. Гэта посуд, адзенне, паштовыя маркі, кнігі, цукеркі, манеты, нават першыя беларускія грошы... Ёсць і чучалы вавёрак, якія прывезены з майстэрні заказніка ў Брэсцкай вобласці. Яны размешчаны ў імправізаваным прыродным асяроддзі, разам з рознымі драпежнікамі, якія нясуць пагрозу гэтым звяркам.

Яўген Волкаў расказаў, што ў свеце налічваецца 280 відаў вавёрак. На інтэрактыўнай карце можна даведацца аб арэале іх распаўсюджання. Асобная экспазіцыя датычыцца прадстаўнікоў вавёркавых у Беларусі. З інфармацыі экскурсаводаў можна даведацца аб асаблівасцях гэтага звярка. Аказваецца, што адзін з відаў — суслік — знаходзіцца пад пагрозай знікнення. А нядаўна на тэрыторыі краіны зарэгістравана вавёрка-палятуга, яе яшчэ называюць лятучай. Гэта даволі рэдкі звярок, занесены ў Чырвоную кнігу. Ёсць звесткі, што ў Англіі ў ХІХ стагоддзі было модна трымаць дома вавёрак, быццам яны нават разумнейшыя за катоў...

Самым цікавым экспанатам можна лічыць жыхарку музея — чылійскую вавёрку дэгу па мянушцы Юзя. Яна жыве тут некалькі гадоў. Напачатку была спроба змясціць у музейны вальер звычайную насельніцу нашых беларускіх лясоў. Але, на жаль, яна не прыжылася. Работніца музея лічыць, што гэта сталася ад рэзкай змены тэмпературы, калі ўключылі ацяпленне. А вось чылійская вавёрка аказалася больш прыстасаванай да такіх умоў. Яе набылі ў Гродзенскім заапарку, і вось ужо некалькі гадоў яна з'яўляецца галоўным экспанатам.

— Гэта асоба зусім непераборлівая ў ежы, — адзначае Яўген Волкаў. — Харчуецца гарбузовымі семкамі, сушаным тапінамбурам, садавіной і агароднінай, купляем і спецыяльны корм.

Каб атрымаць патомства, у вальер да Юзі падсялілі вавёрку-самца, але яна не прыняла яго і ледзь не скалечыла. Прыйшлося яго вызваляць ад такога суседства. Між тым гарэзлівая Юзя вельмі спакойна рэагуе на наведвальнікаў музея, не хаваецца ад іх і заўсёды гатова прыняць пачастунак ад музейных работнікаў. Паколькі Юзя прывыкла жыць адна, звярка вырашылі перадаць у добрыя рукі, а для музея набыць парачку маладых чылійскіх вавёрак.

У тэму

У Гродзенскай вобласці налічваецца каля 11 тысяч вавёрак. Гэта на 200 экзэмпляраў больш, чым пазалетась. Улікам звяркоў займаецца абласное лесагаспадарчае аб'яднанне. Як паведаміў галоўны паляўнічы гаспадаркі Яўген Ашаеў, вавёркі ўваходзяць у пералік пушных звяркоў, на якіх дазволена паляванне. Сезон пачынаецца з першай суботы лістапада і завяршаецца ў апошнюю нядзелю студзеня. Кошт адной пуцёўкі складае каля дзесяці рублёў. Праўда, сярод паляўнічых гэты від пушных звяркоў не вельмі папулярны, аб чым сведчыць іх шырокая распаўсюджанасць у прыродзе і стабільная колькасць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Галоўны экспанат

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.