Вы тут

Жанчына скардзіцца, што былы муж не дае ёй сустракацца з дачкой


Калі бацькі разводзяцца, то ў пераважнай большасці выпадкаў суд пакідае дзіця з маці. Гісторыя Ганны* не з іх ліку. Яе дзевяцігадовая дачка жыве з бацькам. З маці дзяўчынка праводзіць час па графіку, устаноўленым судом. Але сустракацца па раскладзе не заўсёды ўдаецца: Ганна кажа, што не бачыць дачку месяцамі, бо былы муж чыніць перашкоды.


«Трэба было маму слухаць»

З будучым мужам Ганну пазнаёміла сяброўка. Павел папрасіў нумар тэлефона, прапанаваў прагуляцца. Ганна, тады 18-гадовая вясковая дзяўчына, якая толькі прыехала ў Мінск, была ўсцешана такой увагай з боку мужчыны (Павел старэйшы за яе амаль на 20 гадоў).

Праз паўтара года яны пабраліся шлюбам, потым нарадзілася дачка.

— Яго сям'я не хацела дзіця, казалі, што не ад яго. Мяне заўсёды гнабілі за тое, што я вясковая, у мяне няма маёмасці, бацькі звычайныя заводскія рабочыя, — успамінае жанчына. — Трэба было маму слухаць, калі яна папярэджвала. Я ж вучобу кінула дзеля мужа. Бо на дзённым вучылася, а ён паставіў умову: хочаш добра адзявацца і есці — ідзі працуй. Сваім дзецям заўсёды буду паўтараць: калі мама кажа не выходзіць замуж за гэтага чалавека, лепш паслухацца.

Сямейнае жыццё не складвалася. Калі дачцэ Веры споўнілася тры, пара развялася. Ганна то здымала аднапакаёўку, то вярталася на кватэру да мужа: той часта быў у раз'ездах, таму бачыліся рэдка. Пытання наконт выхавання дачкі не ўзнікала. Пакуль Павел не вырашыў зноў ажаніцца. Суд пастанавіў, што малой лепш будзе ў таты — у мамы, у адрозненні ад яго, на той момант не было ні мінскай прапіскі, ні ўласнага жылля ў сталіцы.

Год таму Ганна выйшла замуж. Кватэрнае пытанне вырашылася, але рашэнне суда засталося нязменным. І хоць у законе прапісана, што пасля разводу бацькі маюць роўныя правы на ўдзел у выхаванні дзіцяці, для жанчыны незразумела: як дачку маглі не пакінуць з ёй?

— Я не алкагалічка, да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці ніколі не прыцягвалася. Так, у мяне менш квадратных метраў, але ж жыллё ёсць. Я працавала касірам, прыносіла даведку з работы з даходамі. Паказвала графік, што у мяне пяцідзёнка, што я паспяваю дзіця адвесці ў садок і забраць, усе выхадныя магу праводзіць з ім. Ёсць усе ўмовы, і ўсё роўна суд не на маім баку. Чаму так? За што нармальных мам пазбаўляюць дзяцей? Я ўсю цяжарнасць з жыватом прабегала па судах (месяц таму Ганна нарадзіла другую дачку. — Аўт.). Мне суддзя казаў: «Вы ў цяжары, сядзелі б дома». А як я магу кінуць сваё дзіця?

«Дзіця настроілі супраць»

Суд вызначыў парадак удзелу Ганны ў выхаванні дачкі. Так, жанчына можа забіраць малую да сябе на выхадныя з начлегам два разы на месяц, кожны аўторак бачыцца з ёй з 14 да 18 гадзін, другі і чацвёрты чацвер з 17 да 20 гадзін — без прысутнасці бацькі дзяўчынкі і з правам наведваць культурна-адукацыйныя, забаўляльныя, спартыўныя і аздараўленчыя мерапрыемствы. Плюс маці «аддалі» некаторыя святы, зімовыя канікулы і месяц летніх. Але, па словах Ганны, праблема ў тым, што Павел гэта рашэнне суда не выконвае і перашкаджае сустрэчам: не адказвае на званкі, не адчыняе дзверы кватэры.

— Да прыставаў звяртаюся, там ужо стос маіх скаргаў — нічога не робяць. Ніхто не хоча лезці ў сямейныя справы. Паўла, можа, баяцца. Дзіця ён настроіў супраць мяне: калі размаўляю з дачкой, чую ў трубцы, як ёй падказваюць, што гаварыць. Вера з айчымам не можа пазнаёміцца — кожны раз, калі я прыязджала з ім, дзверы мне ніхто не адчыняў.

Па рашэнні суда Ганна мае права вывозіць дачку летам на аздараўленне, у тым ліку і за межы краіны. Спачатку жанчына думала паехаць з малой у бацькоўскі вясковы дом, што стаіць на рэчцы, ці да цяперашняй свекрыві на Віцебшчыну, на азёры. А потым сястра прапанавала адправіцца на мора. Але, дзеліцца суразмоўніца, былы муж Веру з ёй не адпускае.

Ганна запэўнівае, што аліменты яна плаціць спраўна. Плюс купляе дачцэ адзенне, прадукты.

— Прыносіла фрукты. Мяса не набывала: дачка адбіўныя не есць. Яна любіць катлеткі, але я ведаю, што ніхто ёй гатаваць гэтага не будзе. На дзень нараджэння да дачкі ехалі з сястрой, падарункаў накупілі. Ролікі, мікраскоп, розныя сумачкі, кветкі. Вера любіць цюльпаны, як і я: толькі мне падабаюцца жоўтыя, а ёй фіялетавыя.

На роліках, уздыхае Ганна, малая так і не каталася. «Проста яе ніхто не вучыць. У яе няма дзяцінства, як у звычайных дзяцей, нават сябровак. Раней пойдзеш з дачкой у двор — на цэлы дзень, бегае з дзяўчаткамі. А цяпер мне суседзі кажуць, што Вера сядзіць дома або з дзедам выходзіць на вуліцу — ён курыць, яна на лавачцы сядзіць. Дачка сама нічога не расказвае, забаранілі. Паводзіць сябе так, як ёй загадалі. Яна баіцца тату. Я сама яго баялася, калі жылі разам. Не магла слова сказаць, запярэчыць, бо ведала, што прыбіць можа».

Турбуе жанчыну і тое, што малая не ходзіць у школу — яна на дамашнім навучанні.

— Толькі на першым званку была, і ўсё. Яна не ведае, што такое калектыў, урокі. Мне, як маці, такое не падабаецца.

«Дзяўчынка сама не хоча»

Павел званком журналістаў быў шакаваны, але пагадзіўся растлумачыць сітуацыю са свайго боку. Мужчына запэўнівае, што бачыцца малой з маці не забараняе, пакідае іх сам-насам і на адпачынак таксама гатовы адпусціць. Але дзяўчынка сама не хоча.

— Яна хаваецца, плача. Што я, насільна пасаджу яе ў машыну і скажу «едзь»? Гэта ж не немаўля. Дачцэ ўжо 9 гадоў, яна лагічна мысліць, у яе ёсць сваё бачанне сітуацыі, яна ў праве сама вырашаць. Хто можа яе прымусіць, абавязаць? — дзеліцца Павел.

— Чаму Вера не хоча бачыцца з мамай?

— Напэўна, мама вінаватая. Яна ў свой час зрабіла ўсё, каб дзіця адпіхнуць. Гуляла, кідала дачку па начах. Яна ёй псіхалагічную траўму нанесла. А калі забірала Веру ў бацькоўскі дом, дачка там моцна хварэла. Тэмпература была пад 40, а Ганна нават не выклікала «хуткую», не лячыла малую. Дзіця мне само ўсё расказвала.

У матэрыялах суда ёсць псіхалагічнае заключэнне сацыяльна-педагагічнага цэнтра аднаго з раёнаў Мінска. Там напісана, што прывязанасць дзяўчынкі да маці носіць неналежны характар. «У адносінах да маці ў Веры выяўлена негатыўнае стаўленне, якое сведчыць аб наяўнасці эмацыянальных праблем у адносінах з ёй». (Праўда, па словах Ганны, дачку апытвалі ў прысутнасці бацькі, што магло паўплываць на яе адказы.)

Мужчына прызнаецца: раней у яго не так шмат часу было, каб дачцэ ўвагу ўдзяляць, на працы прападаў. Але цяпер графік больш вольны, і ён можа займацца выхаваннем Веры.

— Са мной яна цудоўна жыве, развіваецца, вучыцца. Я засцерагаю дачку ад негатыву, яна не ведае ніводнага мацернага слова. Чаму на дамашнім навучанні? Мы так вырашылі, бо ў яе ёсць іншая занятасць, яна ў вакальнай школе займаецца.

Павел дадае, што бясконцыя судовыя пасяджэнні яго ўжо стамілі.

— Я разумею Ганну як маці. Але, мне здаецца, яна не ўлічвае інтарэсы дзіцяці — якая ж тут любоў? Яе мэта — скрасці мір з нашай сям'і. Адна справа, калі б дачцэ тут дрэнна было, але ж не. У нас выхаваная, інтэлігентная сям'я. У мяне цудоўная жонка, якая дапамагае. У нас усё выдатна, паверце.

Каментуе адвакат Ірына ШЭЛЕГ:

— Калі пасля разводу адзін з бацькоў перашкаджае іншаму сустракацца з дзіцем у час, устаноўлены судом, трэба звяртацца ў аддзел прымусовага выканання раёна з заявай аб прыцягненні былога мужа ці жонкі да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне рашэння суда. Выканаўцы мусяць пракантраляваць, ці мае месца парушэнне. Калі, напрыклад, бацька кажа, што не аддасць дзіця, адсутнічае дома без уважлівай прычыны ў час, калі маці павінна забраць малога, — гэта невыкананне з прамым намерам. Але, бывае, што чалавек у водпуску ці захварэў — такія сітуацыі не будуць лічыцца прамым намерам, і правапарушэння тут не будзе.

У кожным канкрэтным выпадку ёсць нюансы. Гэта пытанне бывае складана вырашыць. Часам дзіця спецыяльна аддаюць на гурткі і секцыі, дзе заняткі супадаюць з тым часам, які выдзелілі камусьці з бацькоў. Нядобрасумленныя людзі рознае прыдумваюць. Не буду расказваць пра ўсе варыянты, каб гэта не ўспрынялі як інструкцыю да дзеяння.

Што датычыцца адукацыі дзіцяці, то па законе гэта пытанне вырашаецца па згодзе між бацькамі. Я яшчэ не чула, каб такія спрэчкі разглядалі ў судзе. Але, калі ў аднаго з былых сужэнцаў ёсць прэтэнзія да арганізацыі навучання сына ці дачкі, трэба звяртацца са скаргай ва ўпраўленне адукацыі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

*Усе імёны зменены з этычных меркаванняў

Загаловак у газеце: Выхаванне па раскладзе

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.