«СЯМ'Я — ГЭТА ТАБУРЭТКА... ... яна не проста аб'ядноўвае некалькі адзінак, але і мае ўласную дабаўленую вартасць». Такое нечаканае вобразнае азначэнне сям'і далі адны з нашых герояў. У аб'ектыў фотакарэспандэнта «Звязды» Таццяны Ткачовай трапілі сужэнцы, якія працуюць над сваімі адносінамі кожны дзень на працягу многіх гадоў.
«Я выбрала пары, якія жывуць у шлюбе мінімум дваццаць гадоў. З некаторымі з іх мы бачыліся ўпершыню. Было цікава назіраць за тым, як ён і яна па-рознаму згадваюць акалічнасці знаёмства, адказваючы на адны і тыя ж пытанні. Усе крыху нерваваліся. Часам не маглі ўспомніць дату роспісу і колькі дакладна жывуць разам. І калі яны шукалі правільны адказ, паміж імі штосьці адбывалася».
Іван і Тамара Бахарэвічы. Разам 44 гады. Пажаніліся ў 1974 годзе.
«Янка, ты заўсёды называў мяне «Вавёрка». Праз гады гэта сцерлася, і я стала проста жонкай і Тамарай. Але пяшчотнае «Вавёрка» я не забываю».
«Пазнаёміліся на прыпынку ў парку Горкага. Памятаеш, іграла песня «Льет ли теплый дождь...» Убачыла Івана і падумала: які мужчына, ад яго будуць прыгожыя дзеці. Адчуваю, што трэба загаварыць, а зачапіцца няма за што. Гляджу, а ў яго палова ўказальнага пальца адрэзана. Я і спытала: «Што, дзяўчаты адбою не даюць, пальчыкі адкусваюць?» Завязалася гутарка, і Янка пайшоў праводзіць мяне праз увесь Мінск».
Зміцер і Ганна Строцавы. Разам 35 гадоў. Пажаніліся ў 1983 годзе.
«Спачатку мы былі сябрамі».
«Пазнаёміліся ў 1980-х. Вучыліся ў адной групе. Нас адправілі на практыку ў Санкт-Пецярбург. У першы ж дзень усёй групай пайшлі шпацыраваць па горадзе. Праз нейкі час бегатні зразумелі, што засталіся са Змітром удваіх. Астатнія проста не паспявалі за нашым тэмпам хады».
«Я высокі, а Аня — не. Вось тэмп і супаў», — смяецца Зміцер.
Адам Глобус і Алена Адамчык. Разам 36 гадоў. Пажаніліся ў 1982 годзе.
«Мы пазнаёміліся ў 1981 годзе на танцах у Тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску. Да таго часу я быў ужо даволі вядомым мастаком. Памятаю, як Алена прыйшла да мяне ў майстэрню і пераклала капялюш ды штосьці яшчэ. Мне гэта вельмі не спадабалася».
«Для стварэння сям'і моцнага кахання недастаткова. Сям'я — гэта давер, агульны эстэтычны густ, капітал і дзеці».
Аляксандр Сцепанцоў і Зоя Качарская. Разам 45 гадоў. Пажаніліся ў 1973 годзе.
«Я і Зоя вучыліся разам у кансерваторыі. Сябравалі, сімпатызавалі адно аднаму. Не ўспомню, як мы з Зояй афіцыйна сталі парай. Абое піяністы. Праўда, я даўно ўжо не іграю. Калі пажаніліся, абраў навуку. Не хацелася быць шараговым музыкантам побач з геніяльнай піяністкай».
Уладзімір і Тарэса Глушаковы. Разам 34 гады. Пажаніліся ў 1984 годзе.
"Сям'я — гэта ўзаемная радасная ахвяра".
"Мы пазнаёміліся на турзлёце ў 1983 годзе. Сталі сустракацца. Абое студэнты філасофскага факультэта. Тарэса плакала, бо наш шлюб не мог адбыцца. Я — праваслаўны, яна — каталічка. Павянчаліся праз некалькі месяцаў пасля роспісу ў загсе. Усё было неафіцыйна. У тыя часы нас спачатку выключылі б з камсамола, а потым аўтаматам і з БДУ".
"Дагэтуль можам прагаварыць усю ноч да самай раніцы. Бывае, заўзята палемізуем на розныя тэмы. Аднойчы падчас спрэчкі пра Ельцына і Гарбачова парвала Уладзіміру майку".
Аляксей і Юлія Андрыянавы. Разам 45 гадоў. Пажаніліся ў 1973 годзе.
Да загса са сведкамі дабіраліся на грузавіку з сенам. Шкада, фотаздымкаў не засталося. Тады ніхто не заказваў фатографа на вяселле".
"Калі пачалі сябраваць з Юляй, у яе было некалькі кавалераў. Як толькі я даведаўся пра гэта, падумаў: звядуць. Прыняў рашэнне. У Юлі не заставалася выбару", — прызнаўся Аляксей.
Андрэй Бастунец і Сабіна Брыло. Разам 23 гады. Пажаніліся ў 2003 годзе.
"Сям'я — гэта "табурэтка", гэта не проста аб'яднанне некалькіх адзінак, яна мае ўласную дабаўленую вартасць".
"Мы пазнаёміліся ў 1993 годзе на літаратурным аб'яднанні "Святлацень" пры газеце "Знамя юности". Памятаю, як упершыню прачытала вершы Андрэя. Закахалася. Потым прызналася яму ў каханні — напісала прызнанне".
Андрэй Хадановіч і Марына Шода. Разам 26 гадоў. Пажаніліся ў 1998 годзе.
"Мы разам з 19 гадоў. Пазнаёміліся на першым курсе ўніверсітэта. Вучыліся на адным факультэце, у адной групе. Першыя паўгода мы не кантактавалі. Андрэй быў старанным студэнтам, насіў ружовую кашулю, якая мне жудасна не падабалася. Аднойчы на іспыце па літаратуразнаўстве мы апынуліся за адной партай. Я панічным шэптам папрасіла яго дапамагчы адказаць на пытанне "Іронія як троп". Андрэй, які ведаў усё на свеце, быў вельмі засяроджаны на сваім білеце і адмовіўся мне падказваць. Я пакрыўдзілася і не размаўляла з ім яшчэ паўгода. А потым была паездка на бульбу. Падобныя выпрабаванні збліжаюць".
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.