Вы тут

Абмяркоўваем змяненні ў Закон аб СМІ


На інтэрнэт-старонках многіх выданняў і ў сацыяльных сетках такое абмеркаванне адбываецца ўжо некалькі дзён. Учора да яго падключыўся Беларускі саюз журналістаў.


Пра тое, што прапанаваныя змены навядуць парадак у медыясферы, казаў старшыня Беларускага саюза журналістаў Анатоль ЛЕМЯШОНАК.

— У тых, хто выступае ў інтэрнэце, ёсць пэўныя перавагі: недакладнасць можна ўзяць і выправіць, — разважаў кіраўнік прафесійнага саюза. — У газеце надрукаванае слова ўжо не высечаш сякерай. З іншага боку, спроба паўплываць на судовыя рашэнні ў журналістаў СМІ заўсёды была немагчымая. Зараз жа, калі адбываецца падзея, якая хвалюе грамадства, пачынаецца яе бурнае абмеркаванне на форумах, у каментарыях да публікацыі ў інтэрнэце — яшчэ да завяршэння расследавання, да вынясення прысуду і тэарэтычна можа паўплываць на рашэнне суддзі. Зараз будзе наведзены з гэтым парадак. Вы хацелі быць журналістамі — калі ласка, але ёсць Закон аб СМІ.

Спікеры ў Доме журналіста (офіс БСЖ) пагадзіліся, што неабходнасць прававога рэгулявання медыйнай сферы даўно наспела. Намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў Сяргей Сверкуноў прывёў прыклад абмеркавання сучаснай сітуацыі ў СМІ, якое адбылося некалькі гадоў таму на прафесійным семінары ў Рэчыцы. «Рэдактар раённай газеты прыводзіў прыклад: блогер фейкавымі навінамі забяспечвае вялікую колькасць праглядаў сваёй старонкі, прыцягвае рэкламадаўцаў, атрымлівае грошы, але не нясе адказнасці ні за дакладнасць распаўсюджанай інфармацыі, ні за наступствы распаўсюджвання падману, не плаціць падаткі, — расказаў ён. — Вельмі правільна, што Палата прадстаўнікоў вынесла на абмеркаванне журналісцкіх арганізацый прапановы па змяненні Закона аб СМІ. Думаю, у пярвічных, абласных арганізацыях людзі выкажуцца з гэтай нагоды».

Дзмітрый Партон, старшыня камітэта па прэміях і прафесійнай этыцы журналіста Беларускага саюза журналістаў, дырэктар дырэкцыі інтэрнэт-вяшчання СТБ, заўважыў, што адставанне заканадаўства ад развіцця ІТ-тэхналогій было вельмі зручна некаторым медыя. Газета павінна адказваць на лісты, несці адказнасць за каментарыі наведвальнікаў свайго сайта. Разам з тым маса буйных інтэрнэт-рэсурсаў, дзе чытачоў непараўнальна больш, засталіся за бортам гэтых патрабаванняў і іх гэта задавальняе. Хоць еўрапейскі вопыт паказвае, што любыя медыя нясуць адказнасць за каментарыі, якія размяшчаюць».

Сродкі масавай інфармацыі павінны называцца сродкамі масавай інфармацыі, пагадзіўся з калегамі медыяэксперт, аўтар кнігі, прысвечанай прафесійнай этыцы журналіста, Анатоль ГУЛЯЕЎ.

— Іншая справа, што мне ў гэтых прапановах не падабаецца тое, што датычыцца рэгістрацыі... Бясспрэчна, журналісты павінны працаваць у прававым полі, і змяненні ў Закон аб СМІ павінны быць унесеныя, але, калі дзяржава робіць больш жорсткімі нейкія рамкі, калі незарэгістраваныя як СМІ інтэрнэт-рэсурсы, якія па факце такімі з'яўляюцца, не атрымліваюць акрэдытацыю, наўрад ці гэта правільна, — выказаў думку ён.

Палітычны аглядальнік Белтэлерадыёкампаніі Андрэй Крывашэеў у сваю чаргу дадаў, што тэма знікнення ананімнасці ў каментарыях, якая актыўна абмяркоўваецца ў сувязі з прапанаванымі зменамі, надуманая. «Ніякай ананімнасці ў інтэрнэце быць не можа, усе, хто заходзяць у сеціва, не ананімныя. Трэба быць вельмі прасунутым у сучасных тэхналогіях чалавекам, каб захоўваць долю ананімнасці. Прычым, калі ўзнікне патрэба ў буйнога сеткавага рэсурсу выявіць месцазнаходжанне чалавека, гэта будзе зроблена дастаткова аператыўна», — сказаў журналіст.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Блогер = Журналіст?

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.