Першага студзеня Веры Перапечы споўніўся 91 год. Усё сваё жыццё яна пражыла ў Валожыне. Выйшла замуж, нарадзіла траіх дзяцей, працавала, гадавала ўнукаў. Вера не баіцца старасці і ўспрымае яе як апошні сезон, апошні жыццёвы этап. Яна любіць прыхарошвацца. У шафе з адзеннем — усё яе жыццё. З кожнай сукенкай звязана свая гісторыя, свой успамін.
«Гэта канец майго жыцця, — кажа яна. — Усё важнае ўжо было і прамінула. Дзяцінства, голад, вайна, каханне, дзеці. Татку расстралялі немцы. Мама тады была цяжарная Галінай, ды нас чацвёра. У памяць пра тату я захоўваю саматканы пояс. Ён ніколі нас не біў, але я была той яшчэ шкодніцай, і аднойчы ён мяне прыстрашыў: як не перастанеш шкоду рабіць, дык добра ад мяне атрымаеш. Я спужалася ды ўжо больш не шкоднічала.
Упершыню пабачыла сябе ў люстэрка, калі мне было гадоў дзесяць. Мы мясцовым яўрэям шчаўе прадавалі. А ў іх дома люстэрка вісела. Я замаркоцілася, калі пабачыла свой адбітак, бо была бледная, хударлявая, у непрыгожую сукенку адзетая. Прыбегла дахаты і плачу. Мама падвяла мяне да вядра з вадою ды сказала, што я самая прыгожая.
За мяшэчак шчаўя нам плацілі пяць капеек. Мы з сястрой купілі пацеркі. Я выбрала салатавага колеру. Пайшла па ваду да студні, схілілася, каб зірнуць, глыбока там ці не, — і бах, мае пацеркі паляцелі долу. Мусіць, і дагэтуль там ляжаць. Як доўга я плакала!
Колькі ўсяго было за тыя гады! Сама дабівалася і атэстата, і працы. Тады асаблівай пісьменнасці ніхто і не вымагаў. Чатыры класы польскай школы, потым прыйшлі Саветы, правучылася адзін год, потым немцы прыйшлі. Да іх у школу я не пайшла. Яны ў юнакі сталі запісваць (маецца на ўвазе арганізацыя «Саюз беларускай моладзі», створаная акупацыйнымі ўладамі. — Аўт.). Гэта як піянеры за Саветамі. Я і яшчэ некалькі хлапцоў спужаліся ды ўцяклі. Па вайне скончыла 10 клас у вячэрняй школе. Я ўжо працавала тады ў пашпартным стале. Мела добры почырк, дык мяне адразу ўзялі.
З'явіліся грошы. Я ўжо магла шыць і купляць сабе ўбранне. Сукенкі прыдумлялі самі. Фасоны змалёўвалі з мінакоў у горадзе. Мама рабіла выкрайкі. Мы з сёстрамі страчылі. Я вельмі любіла капялюшыкі. Бывала, паеду ў Мінск у камандзіроўку, абавязкова сабе новы набуду.
Я была фарсістая. Мне падабалася апранацца прыгожа. І кавалераў у мяне была процьма. Але любіла я Сяргея, свайго мужа. Пяць гадоў з ім сябравалі. Ён убачыў мяне, калі я з прыяцелькай шпацыравалі ўзімку па вуліцы. Такая мода ў нашым горадзе была — моладзь збіралася і хадзіла туды-сюды па вуліцах. Хлопцы дзяўчат выглядалі. А потым іх дадому праводзілі.
Я «дастала» сабе плюшавае паліто. Дзядзька да гумовых боцікаў драўляныя абцасікі прыбіў. Мама завязвала мне прыгожую хусту і заколвала брошку, каб усе кветкі было відаць. Сяргей закахаўся ў тую хусцінку. Потым расказваў, што не бачыў ні мяне, ні сяброўку, а толькі кветкі на хустцы. А я думала — чаго гэты салдацік за намі ўсё ходзіць ды ходзіць? Вось так і пражылі з ім трыццаць адзін год. Траіх дзяцей нарадзілі. Жылі дружна. Сварыцца не было калі.
Была тады мода на залатыя зубы. І мне залатыя каронкі захацелася паставіць. Сяргей адгаворваў, але я ўсё адно зрабіла. Часта згадваю, як ён узяў мяне тады на калені, абняў ды сказаў, што кахае.
Сяргей памёр ад анкалогіі пасля Чарнобыля. Згарэў за некалькі месяцаў. Разам з ім памерлі і ўсе яго грошы. І я засталася адна. Дзеці яшчэ вучыліся, трэба было дапамагаць. Аддам ім усю пенсію, а сама — зубы на паліцу пакладу.
Мая свякруха, як памірала, аддала мне сшыткі з малітвамі. Аднойчы я дапамагла жанчыне вылечыць палец. Проста памалілася над ёю — і боль прайшоў. Потым да мяне сталі хадзіць людзі, прасілі дапамагчы. Я згаджалася. Грошай не брала, а вось ад лусты хлеба не адмаўлялася. Так і выжывала.
Я непрыгожая, даўганосая. Але як сама сябе пахвалю, дык гляджу — і праўда прыгожая! Кожнаму твару свой нос пасуе.
Маладыя ўсе прыгожыя. Цэлы альбом гэтых фатаграфій. А жыццё праляцела як адзін дзень. І ў цябе праляціць.
Я вось ужо думаю: пара пачынаць раздаваць свае сукенкі. Нашто яны мне? Калі памру, усё павыкідаюць. А так я сама людзям аддам.
Улюбёнай сукенкі няма. Якую надзену, тая і ўлюбёная. Зараз я пакажу, якое ў мяне багацце! Так, я багатая, толькі няма ў мяне бацькі ды маці».
Аўтарскі праект Таццяны ТКАЧОВАЙ
На прасторах яе вялікасці кнігі.
Каментары