Вы тут

На працу ў глыб Палесся


Больш за палову маладых спецыялістаў з'язджае пасля адпрацоўкі з Ганцавіцкага раёна. Сорак працэнтаў застаецца.

Гадоў дзесяць таму выпускніца ганцавіцкай школы №2, на той час навучэнка каледжа мастацтваў, Алена Сталярэнка заявіла падчас сустрэчы выпускнікоў: «Я прыеду сюды і зраблю так, што праз тры гады Ганцавічы затанцуюць». Некаторыя тады палічылі заяву амбіцыйнай. А яна сказала — зрабіла. Раней з харэаграфіяй тут было сапраўды не вельмі. Цяпер танцамі ў палескім райцэнтры займаецца больш за сотню дзяцей. І ўжо вучні Алены Аляксандраўны (цяпер яе прозвішча Варэйка) прыязджаюць у дзіцячую школу мастацтваў у якасці педагогаў.


Дзя­ніс Са­ла­ду­ха.

Вучаніца — настаўніца

Пра гэты цікавы факт з жыцця раённай школы мастацтваў расказаў намеснік старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Сяргей САРОКАЎ. Сяргей Вітальевіч падкрэсліў, што Алена Варэйка знайшла калег-аднадумцаў і яны заахвоцілі да заняткаў танцамі столькі школьнікаў, што на справаздачных канцэртах зала літаральна не можа ўмясціць гледачоў — родных, блізкіх, сяброў юных танцораў.

У ліку многіх выхаванцаў школы была і Аліна Сапун. Сёлета пасля заканчэння Пінскага каледжа мастацтваў Аліна прыйшла ў родную школу настаўніцай харэаграфіі. Работа ёй падабаецца. З жыллём праблем няма — жыве дома, у бацькоў. Пакуль яна не можа сказаць, што адназначна застанецца ў родным горадзе. Толькі адно ведае Аліна Сапун дакладна, што харэаграфія назаўсёды стане яе прафесіяй, якую яна выбрала пад уплывам Алены Аляксандраўны Варэйкі.

На­дзея Хра­піц­кая і Дзміт­рый Ша­ла­міц­кі.

Унікальная практыка для ўрача

Варта адзначыць, што ва ўстановах адукацыі і культуры пасля абавязковай адпрацоўкі ў раёне застаецца больш за палову маладых спецыялістаў. Як, дарэчы, і ў медыцынскіх установах. Пагутарыла з двума маладымі ўрачамі, якія прыехалі па размеркаванні ў Ганцавічы ў 2011 годзе і засталіся тут. Уладзімір Цанда — урач лабараторнай дыягностыкі, з 2012 года працуе загадчыкам лабараторыі. Уладзімір Мікалаевіч падкрэсліў, што ў іх раённай бальніцы ўстаноўлена новае сучаснае дыягнастычнае абсталяванне, якое не саступае лабараторыям у Баранавічах або ў Брэсце. А наконт скарыстання вольнага часу доктар указаў на магчымасць у выхадныя паехаць у Баранавічы, Брэст, сталіцу. Чыгуначныя зносіны добрыя, ёсць і свой транспарт. Уладзімір Цанда разам з жонкай, урачом-педыятрам, гадуюць дваіх дзяцей, жывуць у службовай кватэры, якую атрымалі адразу пасля прыезду на працу. Потым сям'я ўзяла ўчастак і цяпер будуе свой дом.

Аналагічныя жыллёвыя ўмовы і ў калегі — доктара Дзяніса Саладухі. Яны з жонкай, урачом функцыянальнай дыягностыкі, таксама ўзводзяць уласнае жыллё. Дзяніс Віктаравіч — урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг, цяпер выконвае абавязкі загадчыка аддзялення. Кажа, што ў раённай бальніцы ў доктара ёсць магчымасці для практыкі, якую не атрымаеш у клініцы вялікага горада, дзе вузкая спецыялізацыя. Тут жа маеш справу з пацыентамі ва ўзросце ад нованароджанага да пажылога чалавека з узроставымі паталогіямі: «Скажам, у першы год работы я сутыкнуўся з такімі выпадкамі, як аказанне дапамогі пры ўкусе гадзюкі ў язык ды складанымі аперацыямі накшталт кесарава сячэння. Працаваць цікава. Вядома, ёсць свая спецыфіка. У вялікім горадзе ты адпрацаваў змену — і свабодны. Тут ты заўсёды на сувязі. І калі спатрэбіцца, цябе выклічуць ноччу, у выхадны ці святочны дзень».

Яшчэ Дзяніс адзначыў, што яму пашанцавала прыехаць сюды менавіта ў 2011 годзе, калі ў Ганцавічах памянялася кіраўніцтва раённай медыцынай. Новы кіраўнік, давялося пачуць ад многіх маладых урачоў, вельмі ўважліва ставіцца да маладога папаўнення і робіць усё магчымае, каб спецыялісты заставаліся.

Андрэй Халецкі пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта прыехаў на работу сёлета і адразу стаў галоўным урачом Малькавіцкай сельскай участковай бальніцы. Прыём у паліклініцы, абслугоўванне выклікаў, выезд на два ФАПы, якія ў зоне абслугоўвання ўчастка, стацыянар на 25 ложкаў, — адным словам, работы маладому доктару хапае. Пакуль Андрэй Аляксандравіч не будуе далёкіх планаў, але ўжо зразумеў, што тут ён атрымае ўнікальны вопыт.

Алі­на Са­пун.

Час пакажа

Лясная гаспадарка мае нядрэнныя паказчыкі замацавання моладзі. З усіх прыбылых на работу застаецца прыкладна палова. Прыкладам у гэтым сэнсе можа паслужыць, пэўна, Аляксей Дзічка, ляснічы Хатыніцкага лясніцтва. Аляксей прыехаў па размеркаванні ў лясгас у 2014 годзе, і вось ён ужо ляснічы, кіруе калектывам з 16 чалавек, адказвае за 12,7 тысячы гектараў лясных угоддзяў. Аляксей мясцовы, жыве з бацькамі, ездзіць на работу з Ганцавіч. Ён з дынастыі леснікоў, у лесе працавалі дзядзькі, дзяды і па бацькавай, і па матчынай лініі. Таму хлопец з маленства не бачыў сябе ў іншай прафесіі, адказна рыхтаваўся да паступлення, паспяхова скончыў ВНУ. «Менавіта на сваіх, мясцовых выпускнікоў школ трэба рабіць стаўку,» — лічыць намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў.

А вось у сельскай гаспадарцы за апошнія пяць гадоў засталося толькі 30 працэнтаў маладых спецыялістаў, якія прыязджалі па накіраванні. Напрыклад, у 2011 годзе на работу прыехаў 21 малады спецыяліст, а пасля адпрацоўкі застаўся толькі адзін. З выпускнікоў 2014 года замацавалася больш за 60 працэнтаў.

Землі на Ганцаўшчыне не надта ўрадлівыя, гаспадаркі не вельмі паспяховыя. Адсюль зарплаты, сацыяльныя даброты і іншае. Але ж на выбар спецыялістаў уплывае шмат абставін. Скажам, бухгалтар ААТ «Люсіна Агра» Надзея Храпіцкая пакуль не збіраецца шукаць новае месца працы. Дзяўчыне далі дом — службовае жыллё з так званых прэзідэнцкіх домікаў. Ёй падабаецца вёска, якую цяпер называюць аграгарадком. А вось яе калега па працы Дзмітрый Шаламіцкі, які займаецца электразабеспячэннем гаспадаркі пасля заканчэння Пружанскага аграрнага каледжа, любіць гарадскія выгоды, дзе больш магчымасцяў для актыўнага адпачынку. І хлопец, і дзяўчына працягваюць вучобу завочна, атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Дзмітрыю таксама далі тут службовае жыллё. Маладыя людзі атрымліваюць даплаты з бюджэту, вызначаныя для маладых спецыялістаў. Пакуль што ўпэўнена адказаць на пытанне, ці з'едуць адсюль, яны не могуць — час пакажа.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Сяргей САРОКАЎ, намеснік старшыні Ганцавіцкага райвыканкама:

— Пытанні работы з маладымі спецыялістамі разглядаліся на пасяджэнні райвыканкама ў 2015 годзе, іх абмяркоўвалі на сесіі раённага Савета летась. Сёлета адбыўся каардынацыйны савет па гэтай тэме. У нас сталі традыцыяй сустрэчы старшынь райвыканкама і райсавета з маладымі спецыялістамі. Перад гэтым супрацоўнікі райвыканкама выязджаюць на месцы, каб азнаёміцца з умовамі пражывання выпускнікоў навучальных устаноў. Звычайна гэтыя абследаванні ладзяцца ў кастрычніку. Сёлета ўсіх маладых спецыялістаў аб'ехалі за верасень. На месцы ўдалося ліквідаваць агрэхі па добраўпарадкаванні жылля, на якія ўказала моладзь.

Хачу адзначыць, што вельмі нядрэнна замацоўваюцца маладыя спецыялісты ў галінах адукацыі, аховы здароўя, лясной гаспадарцы. Крыху горшая сітуацыя ў сельскай гаспадарцы, дзе застаецца адзін з трох размеркаваных. А вось у галіне гандлю і грамадскага харчавання, у прамысловай вытворчасці ўвогуле застаецца толькі адзін з пяці маладых спецыялістаў. Арганізацыям, установам названых галін трэба перастройваць работу ў адпаведнасці з часам, каб у маладых спецыялістаў была магчымасць развівацца, прыстойна зарабляць, будаваць жыллё. Многім кіраўнікам трэба больш уважліва ставіцца да патрэб маладых спецыялістаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».