Вы тут

Як утрымаць маладога спецыяліста?


Што трэба зрабіць, каб маладыя спецыялісты не з'язджалі пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі?

Не сакрэт, што далёка не многія выпускнікі навучальных устаноў гараць жаданнем працаваць у глыбінцы і аддаленых раёнах, а калі іх туды накіроўваюць, то з нецярпеннем чакаюць апошняга дня адпрацоўкі. Як змяніць гэтую сітуацыю? Сваімі меркаваннямі падзяліліся супрацоўнікі ведамстваў і арганізацый, зацікаўленых у новых прафесійных кадрах.


Старшыня Людзяневіцкага сельскага выканаўчага камітэта Жыткавіцкага раёна Юрый ВОЛЧЫК:

— Як утрымаць маладога спецыяліста? Зарплата, жыллё, а таксама ўмовы, нейкі сацыяльны пакет. Мне здаецца, у яго павінны ўваходзіць не толькі медыцынскае абслугоўванне, але і культурны складнік, нейкія забавы. Чамусьці апошнім часам у вёсках усё гэта згортваецца. Напрыклад, няма сувязі: паштовыя аддзяленні закрываюцца, паштальёны вешаюць адну скрынку на некалькі дамоў. Чаму? Яны мне кажуць, што гэта эканамічна нявыгадна. І як тады чалавек будзе газету выпісваць, калі мы сёння пасылаем чалавеку ліст — а яго нават няма каму данесці? І гэта толькі адзін прыклад. Бытавое абслугоўванне таксама вымушае жадаць лепшага, і гэта адыгрывае ролю. Хацелася б, каб моладзь заставалася, але рэаліі такія, што зрабіць гэта складана. Што ад нас залежыць, мы робім: жыллём забяспечваем, напрыклад.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мсціслаўскага раённага выканаўчага камітэта Ларыса ФІЛІПЕНКА:

— Перш за ўсё патрэбны сацыяльны пакет, каб зацікавіць маладога спецыяліста. Што яшчэ? Вядома, неабходна прадастаўленне жылля, каб у выпускніка не было патрэбы клапаціцца аб здыманні кватэры ці дома, плаціць вялікія грошы. Акрамя таго, я лічу, што пакуль малады спецыяліст не набраўся вопыту, павінна быць грашовая надбаўка да зарплаты. Так, ёсць даплата, але яна разавая, а таксама выплачваецца не зусім у тым аб'ёме, што патрэбны, як мне здаецца. Таму я прапаную выплачваць штомесячную надбаўку да зарплаты. Яшчэ адзін момант: вельмі важна, як чалавека прымаюць у калектыве, таму я настойваю, што павінна быць нейкае настаўніцтва. Яно ёсць і цяпер, але калі гэта чыстая фармальнасць, то ў ім няма сэнсу. Павінен быць дасведчаны чалавек, які можа чамусьці навучыць, увесці ў прафесію. Па сутнасці, працаваць прыязджае ўчарашні студэнт. Як тут без падтрымкі?

Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксей КАЎЦЭВІЧ:

— Тут трэба працаваць у двух кірунках. Першае — забяспечыць дастойную заработную плату маладым спецыялістам, а другое — годнае жыллё. Калі прапрацоўваць гэтыя два моманты, то людзі будуць зацікаўлены, каб застацца на першым працоўным месцы. У асноўным, моладзь жыве ў інтэрнатах, але калі доктар атрымлівае толькі пакой, то сям'я — як мінімум блок, а гэта ўжо камфортныя ўмовы для старту. Што датычыцца зарплаты, у цэлым сёння ні адна дзяржаўная сфера не можа пахваліцца высокай зарплатай. У той жа час заробкі ў медыцынскай сферы, педагагічнай маглі б быць і крыху вышэйшыя.

Галоўны інжынер сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Свіслач» Гродзенскага раёна Васіль ШЭЛЯГ:

— Калі ў чалавека няма жадання, дык як ты яго ўтрымаеш, а галоўнае — навошта? У той жа сельскай гаспадарцы, калі чалавек убачыць гэтую няпростую працу, яго цяжка будзе прымусіць застацца. Палепшыць умовы? У нас так проста не бывае: калі ў гарадах субота і нядзеля выхадныя, то ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах бывае, што ты працуеш з раніцы да вечара як па буднях, так і ў суботу і нядзелю... І вось ёсць два варыянты: першы — спакойна працаваць у горадзе з дзевяці гадзін раніцы да шасці вечара, нічога не рабіць на выхадных. Другі — працаваць у любы час, заўсёды і ўсюды, пры гэтым заробак ці той жа, ці нават ніжэйшы. Вось такая сітуацыя атрымліваецца.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».