Вы тут

Куды ступіла нага фатографа


«Месяц фатаграфіі» выяўляе «шырокую» свядомасць новых культурных праектаў.

Варта паспець ацаніць дзіўную энергетыку архіўных чорна-белых здымкаў і канцэпцыі сучасных фатографаў на пляцоўках «Месяца фатаграфіі», афіцыйнае адкрыццё якога адбылося 6 верасня ў «Сталоўцы XYZ». Міжнародны фестываль прадставіў тут шэсць адмысловых выставак, якія рознымі шляхамі адзываюцца на тэму «калектывізацыі», але «Сталоўкай» падзея не абмяжоўваецца і ахоплівае, можна сказаць, увесь горад, а таксама выходзіць за яго межы. Месцам дзеяння для яшчэ 15 экспазіцый, шэрагу сустрэч, лекцый і майстар-класаў стануць апроч гэтай дзевяць пляцовак у Мінску, Гродне, Брэсце, Паставах і арт-вёсцы Каптаруны.


Трэба сказаць, для нашай прасторы, дзе фатаграфія пакуль яшчэ з цяжкасцю разумеецца як мастацтва, «Месяц фатаграфіі» — дзіўная рэч. Як гэта, фестываль, на якім не спяваюць, не танцуюць і не паказваюць кіно? Хіба можна падвесці пад фотапраект мастацкую канцэпцыю? А ці можна трапіць на сустрэчу, калі ты непрафесійны фатограф? «Месяц» сваім авангардысцкім, талерантным, маштабным кірункам не ўпісваецца ў звыклы фармат беларускай культурнай імпрэзы і сабою закрывае пэўную лакуну, бо, калі ў нас і можна трапіць на асобныя фотавыстаўкі, пляцовак для пэўнага прадстаўлення разнастайнасці, падсумоўвання і яднання ў сферы фотамастацтва не хапае. Мець уласны міжнародны фестываль фотамастацтва — увогуле пачэсна.

Фестываль прапануе архіўныя і сучасныя работы, праекты па пошуку і зборы здымкаў і праекты аўтарскія, доўгайграючыя выстаўкі і актуальнасці, беларускіх аўтараў і замежных. Тры дні на будынку Ратушы ў Мінску можна было ўбачыць праекцыі француза Клемана Брыена і пазнаць на іх беларускую сталіцу. Экспазіцыі рознага кшталту адкрыюцца ў галерэі «Ў», Нацыянальным гістарычным музеі, Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва, прасторы «ЦЭХ», Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, галерэі «Кніжная шафа», брэсцкай прасторы «Крылы халопа», Цэнтры гарадскога жыцця ў Гродне, Доме культуры Лынтупаў (блізу Каптарун).

«Месяц фатаграфіі» здольны адкрыць звычайнаму наведвальніку дзіўны свет вобразаў, які прымусіць яго сюды вярнуцца. Дарэчы, шматаблічны фестываль адбываецца ў Беларусі ўжо чацвёрты раз і хваліцца шырокім ахопам аўдыторыі: каля пяцісот тысяч чалавек сталі наведвальнікамі мерапрыемстваў трох мінулых фестываляў. Складана сказаць, многа гэта ці мала, улічваючы разнастайнасць і шматлікасць уключаных у «Месяц» імпрэз, але фотавыстаўкі, калі глядзець на іх дыяметральна розную скіраванасць, дакладна могуць ахапіць інтарэсы як мага большай часткі аўдыторыі. У сваёй арганізацыі «Месяц фатаграфіі» прапануе перадавы падыход, які, дарэчы, не ставіць сябе ў апазіцыю «афіцыйнай» культуры, а наадварот, спрабуе акумуляваць сілы дзеля адзіна важнага — арганізацыі цэлага месяца, прысвечанага фатаграфіі. Раскоша.

Пакуль што варта завітаць у «Сталоўку XYZ», сярод прадстаўленых выставак — незабыўныя дакументальныя здымкі пахавальных рытуалаў Яна Сівіцкага і Багуслава Аўгустыса ў падборцы «Што не памірае, не жыве». Можна будзе нават успомніць фатаграфіі з падобнай кампазіцыяй, якія хаваюцца ў альбомах бацькоў. У іншым «зале» як частка «Жаночага эмансіпацыйнага праекта» — партрэты сучасных жанчын, якія ваююць, у суправаджэнні цытат з кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча». «Галерэя Іndіe» — вынік эксперыменту дванаццаці ізраільскіх фатографаў, якія абмяняліся ключамі ад кватэр у жаданні адлюстраваць сваё бачанне слова «прыстанак». У прасторы «Сталоўкі» можна таксама знайсці падборку ад праекта «Веха», які клапоціцца пра пошук, аднаўленне і захоўванне сямейных архіваў. «Месяц фатографіі» толькі пачаўся, а ўжо выглядае фотападзеяй года.

Сафія КІСЯЛЁВА

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.