Вы тут

Таццяна Будовіч-Барадуля. Рытуал


Свой шлях на літаратурны Алімп Таццяна пачынала з вершаў. Дарэчы, на працягу многіх дзесяцігоддзяў гэта быў бадай самы правераны шлях для беларускіх (дый, зразумела, не толькі беларускіх) аўтарак. Пасля яна звярнулася да крытыкі — галіны творчай дзейнасці, якая доўгі час з'яўлялася прывілеяй мужчын, хоць дваццаць першае стагоддзе, здаецца, ужо вельмі доказна пераконвае ў адваротным. Але ці не самым нечаканым крокам Таццяны быў зварот да жанру пародыі: нават не згадаю адразу, ці былі ў яе папярэдніцы. Апошнім часам яна ўсё часцей піша прозу, папоўнішы шэрагі нашых мілых і, бясспрэчна, таленавітых пісьменніц, уласнай творчасцю гатовых даказаць, што іранічна ды паблажліва гаварыць пра жаночую прозу могуць толькі калегі-зайздроснікі — вядома ж, мужчыны.

Алесь БАДАК


На афішы значыўся яго ўлюбёны кампазітар, таму я дакладна ведала, што Артур будзе на прэм'еры. Хаця не толькі гэта сталася нагодай пайсці ў філармонію. Раз ці два на месяц я прарабляю рытуал: адводжу малую да мамы, адзяваю вячэрнюю сукенку, срэбныя завушніцы з каменьчыкамі, абавязкова — абцасы і абсалютна адна іду паглядзець альбо паслухаць нешта цікавае. Адразу кудысьці сплываюць праблемы, час запавольваецца. Мяне атачае іншая рэальнасць, абступаюць паралельныя сусветы, і гэта дае сілы і натхненне на ўласнае жыццё.

Тым вечарам я ішла слухаць класічныя творы ў сучаснай аранжыроўцы. Як і заўжды на такіх мерапрыемствах, настрой быў прыўзняты; мяне ніколькі не турбавала, што я шпацыравала без ніякай кампаніі, у адрозненне ад астатніх аматараў музыкі. Да пачатку заставалася паўгадзіны. Элегантна апранутыя парачкі нягучна перамаўляліся, разглядаючы карціны на сценах залаў, праходжваліся па галерэях, фатаграфаваліся ў раскошных фатэлях.

Я ўбачыла яго са спіны. Але... майму здзіўленню і роспачы не было меж: Артур трымаў пад ручку бялявую стройную даму. За імі слаўся лёгкі шлейф дарагой парфумы. На мяне быццам абрынулі цэбар ледзяной вады. Захацелася ўціснуцца ў сцяну паміж карцінамі, зліцца з ёю, стаць нябачнай, бязважкай, імгненна дэматэрыялізавацца, распасціся на атамы... Мільганула думка: а раптам гэта ўсё ж не ён, а хтосьці вельмі падобны — такі ж хударлявы, высокі, цёмнавалосы... Але якраз у гэты міг ён крыху павярнуў галаву і нешта ціха прамовіў у вушка сваёй спадарожніцы, дакранаючыся вуснамі да яе завітых локанаў. Той самы тонкі (адзіны ў свеце!) непаўторны профіль...

На ватных нагах я знайшла свой рад і месца. І толькі потым зразумела, што лепш было б адразу пайсці дадому. Я нічога больш не хацела: ні музыкі, ні ўрачыстага чакання, ні бачыць гэтых шчаслівых людзей з іх усмешкамі. Толькі залезці ў самую глыбокую нару і ад усіх схавацца... Але партэр стаў хутка запаўняцца гледачамі, яны знаходзілі свае месцы, дзелавіта разгортвалі праграмкі, абмяркоўвалі пазначанае ў іх. Крэслы справа і злева ад мяне адначасова аказаліся занятымі. Нечакана за два рады перада мною з'явіліся Артур і яго спадарожніца. Сыходзіць было позна...

Палілася музыка. Яе плынь накрыла мяне, ухутала, абгарнула пяшчотай і разуменнем. Кропля ў сусветным акіяне жыцця сярод такіх самых кропель, разам з цячэннем я імкнулася насустрач Богу, абсалюту, самой сабе, такой, якою была задумана Кімсьці Вышэйшым...

Ну і што, што Артур не адзін? Хіба ён не мае права на простае чалавечае шчасце? Хіба ён не заслужыў яго гадамі самаахвярнай працы і аскетычным ладам жыцця? Што з таго, што сваё шчасце ён знайшоў не са мною?..

Усе мінулыя гады, поўныя выпрабаванняў на трываласць, ён і так адчуваўся побач, нябачна прысутнічаў паўсюль. Неўзабаве пасля нараджэння дачкі выявілася, што ў яе хворае сэрца. Патрабавалася тэрміновая медыцынская дапамога, некалькі аперацый. І ўсё адно ўрачы нічога не гарантавалі. Нечаканасць агаломшыла мяне, пазбавіла сіл і жадання жыць. У перапынках паміж паходамі да чарговага доктара я ляжала ў ложку і літаральна не магла падняцца. Дэпрэсія — як запой: у абодвух выпадках чалавек страчаны для соцыуму. Я сутыкнулася з татальным непаразуменнем, поўным агрэсіі, пагарды, нават нянавісці; не адзін раз стаяла на мяжы... Узнікалі думкі аб марнасці ўсялякіх высілкаў, бессэнсоўнасці таго, што адбываецца. Ад самага блізкага чалавека, які кляўся перад Богам дзяліць усе нягоды, ішлі толькі папрокі. Ён учыняў скандалы на роўным месцы... Часам здавалася, што мы жывём у розных вымярэннях, і толькі калі яны выпадкова накладаюцца адно на аднаго, адбываецца нешта накшталт кароткага замыкання і вызваляецца воблака чорнай, разбуральнай энергіі... Я моўчкі назірала, як ён крычаў, біў з размаху мэблю, грукаў у сцены, і думала сама сабе: ну, пабі мяне, калі ласка, — будзе нагода падаць заяву на развод. Не так проста пазбавіць дзіця бацькі, які б ён ні быў...

Але нагода не спатрэбілася. Прыраўнаваўшы мяне да даўняга сябра, з якім я зрэдку па тэлефоне абмяркоўвала прачытаныя кнігі ды прагледжаныя фільмы, ён хутка сабраў рэчы, ляпнуў дзвярыма, сеў у аўто і з'ехаў да каханкі, якую не так даўно займеў...

Падавалася, у мяне натуральна з'язджае дах. Аднойчы, не ўсведамляючы, што я раблю, бязмэтна некуды ішла (малая засталася дома пад наглядам бабулі). На супрацьлеглым баку вуліцы ўбачыла аптэку і падумала, што варта было б набыць хоць якіх вітамінаў, каб менш нервавацца і пазбавіцца заўсёднага пачуцця трывожнасці. Так і рушыла цераз дарогу, нават не зірнуўшы налева ці направа... Не ведаю, чым бы ўсё скончылася, але за спінай пачула рэзкі, гучны кліч: «Таша!!!» Гэта быў голас Артура, які я пазнала б заўжды! У той самы міг я спынілася, а міма на вялікай хуткасці пранеслася маршрутка. Вуліца за мною была пустая...

А ў самыя цяжкія моманты ён мне сніўся. Так, у лякарні, перад аперацыямі, што мусілі рабіць дачушцы, ён прыходзіў і сядаў побач. Моўчкі браў маю руку. Прачнуўшыся, яшчэ доўга я адчувала цяпло яго далоняў. І кожны раз ведала: усё будзе добра.

Калі малая крыху ачуняла, нас выпісалі дадому. Мне вельмі хацелася пабачыцца з Артурам ці проста пазваніць яму. Але не засталося нават нумара яго тэлефона, а агульных знаёмых не было. І тады я стала разважаць аб прычыне маёй прывязанасці да яго. Яна ўзнікла абсалютна без ніякіх падстаў, без ніякіх захадаў з яго боку. Я прыйшла да высновы, што псіхіка — вельмі хітры механізм. Ён «выцягнуў» з мінулага асобу, з якой звязаныя толькі станоўчыя моманты біяграфіі, і штучна стварыў неўратычную залежнасць, «пракручваючы» ў галаве ўсе нашы сустрэчы, гутаркі, жарты — ярка, як наноў размаляваныя. Мне было тое патрэбна — інакш я, напэўна, альбо звар'яцела б, альбо... (Я перастала ўнутрана асуджаць тых мацярок, якія разам з дзецьмі выкідваюцца з вокнаў, не атрымаўшы простай чалавечай спагады альбо добрага слова ў цяжкую часіну.) У самыя трывожныя ночы механізм «падсоўваў» мне тое, чаго найбольш бракавала, — «сонныя таблеткі», у якіх актыўным рэчывам з'яўлялася разуменне — чаго я не мела ў штодзённым жыцці. Я змірылася, бо галоўным было выцягнуць малую з яе хваробы. І свет падзяліўся на два полюсы: на адным былі тыя, хто хоць неяк мне дапамагаў і падтрымліваў па-над безданню — іх можна было пералічыць па пальцах рукі, а на другім — усе астатнія, якія, наадварот, штурхалі мяне туды.

Праз год мы леглі ў шпіталь на чарговае абследаванне. Вынікі аказаліся станоўчымі, дынаміка — добрай. Жыццю дачкі нічога больш не пагражала. Як жа мне не ставала Артура, каб раздзяліць з ім радасць перамогі! Якая наўрад ці была б магчымай без яго...

І вось — ён сядзіць за два рады перада мной са сваёй мілай спадарожніцай, часам яны перашэптваюцца, усміхаюцца. Слёзы бязгучна каціліся з вачэй, але мне ўжо не было ні маркотна, ні сумна — хай усё будзе так, як наканавана, хай ён будзе шчаслівы! Хто ж, як не ён, варты таго!

Калі дырыжор пакланіўся і прадставіў музыкаў з аркестра, я, перапрашаючы, хутка пакінула сваё месца і пайшла да выхаду.

У гардэробе яшчэ нікога не было. Я ўзяла паліто і апранулася. Павярнуўшыся, так і застыла: за метр ад мяне стаялі Артур і яго жанчына. Ён пазнаў мяне, усміхнуўся, падышоў бліжэй:

— Таша! Якая сустрэча! Колькі гадоў мінула, а вы па-ранейшаму цудоўна выглядаеце — такая ж юная і прыгожая! Дарэчы, пазнаёмцеся! Мая пляменніца Ірэна! Ірэна, гэта Таша, найлепшая мая вучаніца, адна з самых здольных, талент ад Бога!

Ірэна прыязна кіўнула галавой:

— Вельмі прыемна!

Я глядзела на яго, на яе і нічога не разумела, не ў стане вымавіць слова ці хаця б усміхнуцца ў адказ. Дык, значыць, пляменніца... Маладзейшая за яго, такая вытанчаная, элегантная, апранутая з густам.

— Таша, што з вамі? Вы хоць пазналі мяне? Цэлыя два гады мы развучвалі гамы, санаты, эцюды, элегіі, а цяпер вы нібы ўпершыню мяне бачыце! Як, між іншым, здароўе вашай дачушкі?

— Дзякуй, добра! — урэшце, знайшла што адказаць. Як ні дзіўна, але голас прагучаў упэўнена, быццам падобныя сітуацыі здараюцца са мною штодзённа: я выпадкова сустракаю чалавека з роднаснай душой... Нябачная прысутнасць каторага ўратавала мяне з самай беспрасветнай невараці.

— Дарэчы, Ірэна, а чаму б табе не праслухаць Ташу? Мяркую, яна добра ўпісалася б у твой калектыў! Табе ж якраз не хапае некалькіх дзяўчат? Таша, як вам прапанова? Вашы музычныя даныя ідэальныя! Зрабілі б вам працоўную візу ў Нямеччыну, мову вы ведаеце, плацілі б добрую стыпендыю, на дачку таксама нейкія грошы былі б — яе можна ўзяць з сабой! Ірэна — кіраўнік хору пры кансерваторыі ў Берліне, яны ездзяць на гастролі па ўсім свеце...

— Артур, твая рэкамендацыя — палова справы! Мы з Ташай сустрэнемся да канца тыдня, і там вырашыцца. Пазваніце мне заўтра раніцай, Таша!

Мне падалося, што ўсё адбываецца не са мной — з нейкім маім двайніком, нейкай іншай Ташай з альтэрнатыўнай рэальнасці. Частка мяне быццам аддзялілася, узнялася нада мною і адтуль за ўсім назірала. Яна пабачыла, як Ірэна дастала візітоўку і, трымаючы яе ў тонкіх доўгіх пальцах з чырвонымі прадаўгаватымі пазногцямі і тонкімі залатымі пярсцёнкамі, працягнула Ташы. Таша ўзяла яе і, ледзь зірнуўшы, схавала ў рыдыкюльчык...

Упершыню тым вечарам я не спяшалася. Я ведала: малую пакормяць і ўкладуць спаць, з ёю ўсё будзе добра. Ідучы праспектам без аніякіх планаў, я дыхала марозным паветрам і не адчувала холаду. Глядзела на рознакаляровыя агні горада, міма праплывалі вясёлыя галасы маладых людзей, што жартавалі і смяяліся... І на душы было светла.

З Ірэнай мы сустрэліся ў яе на кватэры. Спачатку я вельмі хвалявалася. Але потым зразумела: дарэмна. Што я страчу, калі ёй не спадабаецца мой вакал?

Але ёй усё спадабалася. Яна дала мне спіс дакументаў, што я мусіла як найхутчэй падрыхтаваць, запісала мае пашпартныя звесткі, і мы развіталіся.

У думках я ўжо бачыла сябе на сцэнах Берліна. Глядзела на родны горад як у апошні раз. І раптам неймаверная, тупая, гнятлівая пустэча запаланіла ўсю маю душу... Навошта мне тыя сцэны, калі сярод гледачоў не будзе Артура?

...Я патэлефанавала Ірэне і ветліва адмовілася ад яе прапановы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.