Яго персанальная выстаўка «Мастакі на вайне. Беларусь у малюнках Першай сусветнай (1915—1918)», якая экспануецца ў Нацыянальным гістарычным музеі, — пра тое, як выглядала наша краіна ў адзін з найтрагічнейшых перыядаў сваёй гісторыі. Толькі на малюнках, зробленых нямецкімі мастакамі ў гады Першай сусветнай, баявых дзеянняў не ўбачыш. На паштоўках, арыгінальных эскізах і мініяцюрах — замкі, храмы, пейзажы, побытавыя эпізоды з жыцця нашых продкаў.
Але, як прызнаецца аўтар праекта, гэта, хутчэй, выключэнне. Для мастакоў, якія не па волі лёсу апынуліся на чужыне, існавалі прадпісанні па мастацкім адлюстраванні вайны. У абавязковым парадку яны павінны былі візуалізаваць падзеі, што адбываюцца на фронце: не менш за эцюд на тыдзень, штомесяц — мінімум карціна.
— Аднак рэчаіснасць брала сваё, — расказвае Уладзімір Багданаў. — На тэрыторыі Беларусі лінія фронту стабілізавалася на два з паловай гады, абстаноўка абвастралася толькі падчас буйных аперацый. Прафесійныя мастакі ўсё часцей адхіляліся ад мэт выяўленчай прапаганды і звярталі ўвагу на тое, што было вакол іх.
Часам замест вінтовак бралі ў рукі алоўкі і тыя, хто непасрэдна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Прыехаўшы ваяваць, нямецкія афіцэры і салдаты трапілі ў не зусім звычайныя для іх умовы. Убачаным яны хацелі падзяліцца з роднымі: малявалі і адпраўлялі на радзіму не толькі віды з акопаў ды эпізоды атак, спрабавалі адлюстраваць мясцовую прыроду, тое, як жывуць і чым займаюцца беларусы.
— Напрыклад, дасылалі дамоў паштоўкі з зімнім пейзажам, гэтым самым расказваючы пра 35-градусны мароз, — гаворыць калекцыянер. — Адлюстраваннем пазаваеннай рэчаіснасці яны хацелі паказаць родным, што не ўсё так і дрэнна, спрабавалі іх супакоіць. Маўляў, глядзіце, мы жывём у вёсцы, у доме, заселеным трыма пакаленнямі сям'і, разам з намі сабака, куры — такая архаіка Еўропе была невядома. Не выпадкова паштоўкі з відамі Беларусі друкаваліся ў Берліне, Дрэздэне, Кёльне.
І не таму, што яны былі створаны вядомымі ў Германіі людзьмі. Немцам было цікава, як жывуць дзесьці яшчэ. З калекцыі Уладзіміра Багданава, напрыклад, толькі некалькі работ належаць знакамітаму мастаку. Герман Штрук, які, па ўсім відаць, захапляўся краявідамі Гродзеншчыны, у 1923 годзе даваў урокі графікі Марку Шагалу. А Фрыц Маўрышат, паштоўка якога таксама змяшчаецца ў экспазіцыі, за найлепшую работу мастака-пастаноўшчыка ў 1954 годзе атрымаў кінематаграфічны «Оскар». Астатнія ж аўтары вядомыя вузкаму колу людзей. Некаторыя ж з іх увогуле безыменныя — у памяць пра сябе яны пакінулі неразборлівыя аўтографы або ўвогуле палічылі непатрэбным падпісаць мастацкі твор.
Але, хутчэй, гэты нюанс прынцыповы для культурнай спадчыны немцаў. Нам жа цікава ўбачыць Беларусь стагадовай даўніны. Выстаўка, на якой прадстаўлена больш як 200 работ, быццам дыван-самалёт, пераносіць у мінулае. Дзякуючы малюнкам можна не проста па-новаму паглядзець на многія беларускія гарады, вясковае жыццё, а і ўбачыць страчаныя назаўсёды храмы, будынкі, цэлыя паселішчы.
Вераніка КАНЮТА
Фота з калекцыі Уладзіміра БАГДАНАВА
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат