Вы тут

135-годдзе Песняра адзначылі на яго Радзіме


Купалаўскі запаведнік «Вязынка» чарговы раз прымаў гасцей свята нараджэння народнага паэта Беларусі. Падобныя мерапрыемствы на малой радзіме Янкі Купалы ладзяцца ўжо сорак пяць гадоў як дні высокай паэзіі, музыкі, прыкладнога мастацтва, душэўнага адпачынку і міжкультурнага дыялогу. Сваю назву вёска атрымала ў гонар 90-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы ад наймення былога фальварка, у якім нарадзіўся паэт.


Сёлетняя, юбілейная, сустрэча вызначалася маштабнасцю і разнастайнасцю. Свята «З адною думкаю аб шчасці Беларусі» ладзілася сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, Мінскім аблвыканкамам, Маладзечанскім райвыканкамам.

З вітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуліся намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі Павел Латушка, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, старшыня Міжнароднага фонду імя Янкі Купалы Таццяна Сівец.

Вершы ў гонар Песняра чыталі паэты Віктар Шніп, Міхась Башлакоў, Уладзімір Скарынкін, Мікола Шабовіч, Іна Фралова, Юлія Алейчанка, Святлана Быкава, Віктар Кажура, Уладзімір Санунін, Бажэна Ганушкіна. Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» прэзентаваў на свяце песні са свайго новага альбома «Шчаслівасць» на словы ранніх вершаў Янкі Купалы са зборніка «Жалейка». Прысвячалі музычныя творы песняру і салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Марына Васілеўская, заслужаны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Неруш», вакальны ансамбль «Заранак» Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна, мастацкія калектывы Маладзечанскага раёна. Вялі канцэртную праграму артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Валянціна Гарцуева і акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Андрэй Новік.

Дзень нараджэння паэта стаўся не толькі літаратурнай імпрэзай. Падчас свята праходзіў паказ беларускіх народных строяў, а кожны ахвотны мог далучыцца да вышывання святочнага ручніка. Можна было набыць на Купалавым свяце і кнігі, вырабы майстроў Міншчыны, смачныя пачастункі, зрабіць здымкі ў фотазонах.

Час даказаў: постаць Янкі Купалы яднае народы. Заканамерна, што на юбілей паэта прыехалі і прадстаўнікі многіх краін свету. З кранальнымі словамі захаплення яго творчасцю выступілі госці з Расіі, Украіны, Літвы.

Налета запаведнік Вязынка адзначыць сваё 70-годдзе. Верыцца, што гэты юбілей таксама стане яркай старонкай культурнага жыцця нашай краіны і замежжа.

Юлія АЛЕЙЧАНКА

Загаловак у газеце: У Вязынку, па натхненне

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.