Вы тут

«Дынама» ідзе далей, а «Шахцёр» завяршыў выступленне ў Лізе Еўропы


У першым раўндзе кваліфікацыі футбалісты мінскага «Дынама» ў гасцях перамаглі «Рунавік» з Фарэрскіх астравоў з лікам 2:0 і выйшлі ў наступны раўнд турніру. Нягледзячы на тое, што ўжо на шостай хвіліне матча з поля быў выдалены Арцём Быкаў, на 32-й хвіліне мінчане адкрылі лік, гол у актыве Антона Сарокі. Канчатковыя лічбы на табло былі ўсталяваны ўжо ў дадатковы час гульні, арбітр прызначыў у вароты «Рунавіка» пенальці, які паспяхова рэалізаваў усё той жа Сарока.


У другім раўндзе адбору Лігі Еўропы «Дынама» сустрэнецца з ФК «Работнічкі» з Македоніі.

— Я задаволены. Пастаўленую мэту выканалі — прайшлі далей, — адзначыў галоўны трэнер мінчан Сяргей Гурэнка.Вядома, перамога далася няпроста, але, можа, гэта нават лепш. Хлопцы адчулі, што такое Ліга Еўропы, што тут няма дробязяў, што ўсё магчыма. Мы ўжо ведалі вынік салігорскага «Шахцёра» — нам нельга было вылятаць. Гэта стала б катастрофай для ўсяго беларускага футбола.

Наступны матч у нас у нядзелю, згуляюць тыя, хто меў мала практыкі. У першую чаргу трэба прааналізаваць гульню македонцаў у двух апошніх матчах. Трэба рыхтавацца, праходзіць іх і чакаць наступнай жараб'ёўкі.

Футбалісты «Шахцёра» саступілі на выездзе літоўскай «Судуве» — 1:2 і не выйшлі ў другі раўнд кваліфікацыі Лігі Еўропы. Нагадаем, першы матч паміж гэтымі камандамі завяршыўся ў Салігорску нічыёй — 0:0.

Трэці прадстаўнік Беларусі ў Лізе Еўропы, уладальнік Кубка краіны брэсцкае «Дынама» пачне свой турнірны шлях з 2-га раўнда. Яго сапернік — аўстрыйскі «Альтах». Першы матч адбудзецца 13 ліпеня ў гасцях, матч у адказ — 20 ліпеня ў Брэсце.

Адзначым, што ў галоўным кантынентальным клубным турніры Лігі чэмпіёнаў барысаўскі БАТЭ пачне выступленне з 2-га раўнда кваліфікацыі. Першы паядынак супраць армянскага «Алашкерта» каманда правядзе 12 ліпеня на полі «Барысаў-Арэны».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.