Вы тут

З'явіўся новы мабільны гід па Беларусі


Бясплатную турыстычную праграму для смартфонаў прадставілі тэлерадыёкампанія «Мір» і TopTrіpTіp. З дапамогай мабільнага гіда можна даведацца пра галоўныя славутасці краіны, адкрыць новыя месцы для адпачынку і скласці план падарожжа. Гістарычныя і прыродныя аб'екты, правераныя маршруты, інфраструктура — усё гэта будзе даступна на тэлефоне без падключэння да інтэрнэту.


У праграме «TopTrіpTіp — Беларусь» можна знайсці рэйтынгі турыстычных мясцін, пралічыць ступень аддаленасці і працягласць маршруту, даведацца аб наяўнасці аўдыяэкскурсіі. Даступныя фільтры для сарціроўкі аб'ектаў па тыпе, папулярнасці і адлегласці.

Інфармацыя размеркавана па тэматычных раздзелах: замкі і палацы, Вялікая Айчынная вайна, музеі. На старонках турыстычных аб'ектаў змешчаны цікавыя факты пра іх, час работы і кантактныя тэлефоны (што датычыцца музеяў). Карты-гіды даступныя ў рэжыме афлайн. У даведніку ёсць таксама рэкамендацыі і маляўнічыя здымкі беларускага краязнаўцы і фатографа, аўтара рэсурсу «Планета Беларусь» Сяргея Плыткевіча.

Праграма шматфункцыянальная: можна запланаваць паездку ў календары, настроіць нагадванне. Створана спецыяльная стужка, куды можна дадаваць уласныя спісы цікавых аб'ектаў. Акрамя таго, гід самастойна абнаўляе анонс падзей, свят і фестываляў у розных кутках Беларусі і паведамляе пра гэта карыстальніку. Тут можна паглядзець надвор'е ў тым месцы, куды збіраешся паехаць.

У гідзе прадстаўлены таксама парады ад тэлеканала «Мір»: славутасці, лайфхакі для падарожнікаў, правераныя журналістамі маршруты.

— Нашы карэспандэнты працуюць ва ўсіх кутках Беларусі. Яны здымаюць вялікую колькасць рэпартажаў і праектаў, матэрыялы з якіх будуць уключаны ў мабільны даведнік, і кожны карыстальнік зможа паўтарыць падарожжа здымачнай групы тэлеканала, — расказвае дырэктар прадстаўніцтва міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі Уладзімір ПЯРЦОЎ. — У цэлым атрымаўся ўніверсальны, зручны і прыгожы дапаможнік, які дакладна спатрэбіцца і падарожніку-навічку, і вопытнаму турысту.

Сёння ў даведніку TopTrіpTіp, акрамя Беларусі, прадстаўлена турыстычная інфармацыя па Грузіі, Арменіі і Казахстане, даступныя гіды па 75 рэгіёнах Расіі. Усе яны пастаянна папаўняюцца новымі аб'ектамі, мерапрыемствамі і маршрутамі. Рыхтуецца мабільны даведнік па ўсіх краінах СНД. Спампаваць праграму можна ў інтэрнэт-крамах AppStore і Google Play.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Экскурсавод у тэлефоне

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.