Вы тут

Як супрацоўнік ваеннай «Звязды» трапіў у Мінскае падполле


Пра гэта расказалі дакументы, знойдзеныя ў Нацыянальным архіве Беларусі.

Уладзімір Казачонак, які ўдзельнічаў у легендарным выпуску падпольнай «Звязды» ў акупаваным Мінску, у пасляваенны час таксама быў адным з прэтэндэнтаў на рэдактарства ў газеце, рэдакцыю якой так старанна шукалі фашысты. Па ўспамінах некаторых падпольшчыкаў, Уладзімір Сцяпанавіч рабіў многае дзеля таго, каб газета выйшла ў свет. Іншыя, называючы яго госцем падполля, увогуле аспрэчвалі дачыненне Казачонка да ваеннай «Звязды». Але экспертыза газетных нумароў пацвердзіла адваротнае...


Ула­дзі­мір КА­ЗА­ЧО­НАК.

Найбольш дакладна і, напэўна, сумленна сваю ролю ў выданні газеты ўжо пасля вайны вызначыў сам Уладзімір Казачонак. Ён казаў, што няправільна паказана роля асобных таварышаў у стварэнні падпольнай газеты. Апошняя, на думку падпольшчыка, мела калектыўнага рэдактара-рэдкалегію, якая складалася з трох чалавек — Нікіфарава, Савіцкай і ўласна яго.

Напэўна, так яно і было. Ва ўмовах ваеннага часу наўрад ці нехта з падпольшчыкаў думаў пра тое, якую пасаду ён займае. Не было і канкрэтных прызначэнняў. Пасля трагічнай гібелі рэдактара першага падпольнага нумара «Звязды» Уладзіміра Амельянюка, а таксама арышту некаторых падпольшчыкаў выпуск газеты аднавіўся без усялякіх загадаў. Людзі, якія мелі дачыненне да выдавецкай дзейнасці і былі аб'яднаны агульнай мэтай, сумленна рабілі сваю справу.

Ад бібліятэкара да рэдактара

Уладзімір Казачонак з'явіўся на свет у вёсцы Востраў, што ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Было гэта ў адзін з ліпеньскіх дзён 1907 года. З самага маленства ён дапамагаў бацьку па гаспадарцы. Калі пасталеў, стаў загадчыкам вясковай хаты-чытальні. Не выпадкова яго, даволі пісьменнага па тым часе чалавека, выбралі сакратаром Востраўскага сельсавета.

Пасля заканчэння Магілёўскага газетнага тэхнікума Уладзімір Казачонак працаваў адказным сакратаром быхаўскай раёнкі «Маяк камуны». Адслужыў у Чырвонай Арміі, затым апынуўся ў Мінску: быў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, паралельна вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Але так яго і не скончыў — пачалася Вялікая Айчынная вайна...

Няўдалыя дыверсанты

Пасля таго як вораг бамбіў Мінск другі раз, Уладзімір Казачонак адправіў жонку з сынам у тыл. Сам збіраўся пайсці ў ваенкамат. Толькі адшукаць яго ў ахопленым полымем горадзе не давялося. Адразу ж выправіўся ў дарогу — і 3 ліпеня прыбыў у Магілёўскі ваенкамат, адкуль яго накіравалі на зборны пункт начскладу запасу ў Чавусы. Затым былі Клімавічы, дзе Уладзімір Казачонак, ужо палітрук асобнага батальёна сувязі 49-й роты, займаўся камплектаваннем роты з тых байцоў, часці якіх адступалі.

28 ліпеня ў ліку іншых работнікаў Дзяржвыдата БССР ён быў накіраваны ў Гомель, у распараджэнне ЦК. У адным з дамоў адпачынку займаўся ў дыверсійна-разведвальнай школе, пасля заканчэння якой была створана дыверсійная група. Перад адпраўкай за лінію фронту большасць таварышаў сышло з гэтай групы і Казачонак апынуўся ў групе таварыша Клімко.

Пасля няўдалай спробы перайсці лінію фронту ў раёне Жлобіна дыверсійная група рушыла ў Мазыр. На тэрыторыю ворага трапілі 19 жніўня. Тую нязначную колькасць узрыўчаткі, якой валодалі дыверсанты, выкарысталі па прызначэнні. Ужо з аповедаў мясцовых жыхароў вёскі Глуша яны даведаліся, што на шашы Глуск — Бабруйск на мінах падарваліся тры грузавыя нямецкія аўтамашыны. У Асіповіцкім раёне група разбілася па два чалавекі і разышлася на пошукі партызан. Натрапіўшы на агонь немцаў, яны страцілі адзін аднаго.

Уладзімір Казачонак прайшоў усю Чэрвеньшчыну, але партызанаў так і не знайшоў. Як ён сам потым расказваў, у лесе, што недалёка ад вёскі Грабянец, абсталяваў сабе шалаш, у якім некаторы час хаваўся. Даведаўшыся ад мясцовых жыхароў, што ў Мінск усё ж можна дабрацца, не натрапіўшы на немцаў, 4 лістапада 1941 года выправіўся ў дарогу.

Падпольшчык без адраса

У Мінску Уладзімір Казачонак спыніўся ў свайго цесця. Але на Маласерабранскай ён жыў нядоўга. Калі цесця забіў нямецкі патруль, мачыха жонкі самым бесцырымонным спосабам выгнала яго з дому. Не маючы сродкаў на існаванне, Уладзімір Казачонак пайшоў у родную вёску. Але і там доўга не затрымаўся: паліцыя, завербаваная немцамі з крымінальнікаў, незадаволеных савецкай уладай людзей, учыняла над мясцовым насельніцтвам сапраўдны разбой.

У беларускую сталіцу Уладзімір Казачонак вярнуўся ў сярэдзіне студзеня 1942 года. Спыніўся ў жончынай сястры. З таго часу месца жыхарства ён мяняў яшчэ часцей.

— У першыя дні студзеня ад Зайцава Косці я даведаўся, што ў Мінску існуе падпольная арганізацыя, якую ўзначальваюць камуністы і якая распаўсюджвае ў горадзе лістоўкі, якія я сам чытаў, — успамінаў Уладзімір Сцяпанавіч. — У пачатку сакавіка Косця і яго жонка Антаніна паведамілі, што могуць забяспечыць мне яўку з адказнай асобай Мінскай падпольнай партыйнай арганізацыі.

Яўка не адбылася з прычыны масавых арыштаў у колах падпольшчыкаў. Але ж неўзабаве сустрэча ўсё ж была, і Уладзімір Казачонак пачаў займацца зборам разведданых аб варожых гарнізонах. Інфармацыю перадаваў у партызанскія атрады. З берталетавай солі, цукру і сернай кіслаты ствараў выбуховыя пакеты, пры дапамозе якіх ажыццяўляліся дыверсіі ў горадзе. У прыватнасці, былі падпалены абутковая і лямцавая фабрыкі, дзе немцы выраблялі для сваіх вайскоўцаў абутак.

Далучэнне да справы звяздоўцаў

— У першыя дні чэрвеня да мяне на кватэру зайшлі Шугаеў і яшчэ незнаёмы чалавек, які назваў сябе Максімам, у выніку я даведаўся, што ён жа Вацік (Вячаслаў Нікіфараў. — Аўт.), адзін з кіраўнікоў падполля, які ўзначальвае агітацыю і прапаганду ў горадзе, — пісаў у дакладной запісцы сакратару ЦК КП(б) Беларусі Панцеляймону Панамарэнку Уладзімір Казачонак. — Ён расказаў мне, што ў канцы мая загінуў Валодзя, арганізатар выпуску першага нумара газеты «Звязда», а ў пачатку чэрвеня арыштаваны наборшчык Барыс. Ужо пазней мне стала вядома, што гаворка ішла пра Уладзіміра Амельянюка і Барыса Пупко. Я сказаў яму, што да вайны працаваў у друку і з вялікай ахвотай вазьмуся за арганізацыю выдання ў горадзе падпольнай газеты.

І ўзяўся. Спачатку гэта было выданне лістовак. Першую, у якой выкрывалася фашысцкая хлусня вакол так названай зямельнай рэформы, пісалі з Вячаславам Нікіфаравым. Набіраў лістоўку Хасан Александровіч, які ў выніку стаў наборшчыкам 2, 3, 4 і 5-га нумароў падпольнай «Звязды». Менавіта Казачонак прыцягнуў яго да гэтай справы, бо ведаў таго яшчэ па рабоце ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, дзе Хасан Александровіч працаваў намеснікам дырэктара.

Ця­пер на мес­цы ха­ты па Вы­да­вец­кай ву­лі­цы (су­час­най Куль­ман), дзе бы­лі на­дру­ка­ва­ны 2-і і 3-і ну­ма­ры  пад­поль­най «Звяз­ды», ста­іць пом­нік.

Пошук кватэры-друкарні

Калі ў шэрагі мінскіх падпольшчыкаў уліўся Уладзімір Казачонак, яшчэ было не ясна, дзе працягваць выпуск падпольнай «Звязды». На кватэры Воранавых (там быў надрукаваны першы нумар) гэта было немагчыма: бацьку і сына арыштавалі гестапаўцы.

Пошук кватэры пад друкарню даверылі Уладзіміру Казачонку. «Александровіч параіў мне схадзіць да Ядвігі Савіцкай (больш вядомай як рэдактар падпольнай «Звязды». — Аўт.), — успамінаў Уладзімір Сцяпанавіч. — Прыйшоўшы да яе, мы вырашылі, што кватэра для друкарні не падыходзіць. Паколькі тэрмінова падабраць добры пакой не ўдалося, Вацік, Старык (падпольшчык Васіль Сайчык. — Аўт.) і я перанеслі шрыфты з Куйбышава на Выдавецкую, 4. Гэты пакой, як мне потым стала вядома, адшукала камуністка па прозвішчы Шырко, якая дзейнічала ў падполлі пад мянушкай цётка Нюра».

Гаворка ідзе пра кватэру, а дакладней хату, дзе гаспадыняй была Таццяна Якавенка. Менавіта на Выдавецкай (толькі ў доме пад нумарам 10!), непадалёк ад будынка, дзе размяшчалася гестапа, былі надрукаваны 2-і і 3-і нумары падпольнай газеты, з дзясятак лістовак.

Лёс шрыфтоў, апошняя лістоўка і партызанскі атрад

У той дзень, калі гітлераўцы арыштавалі Вячаслава Нікіфарава, а таксама многіх падпольшчыкаў, Уладзімір Казачонак чакаў Ваціка ў падпольнай рэдакцыі — той павінен быў прынесці апошнія зводкі Саўінфармбюро. Чакаў старэйшага таварыша ён і ў наступныя два дні, пакуль яго не папярэдзілі, што неадкладна трэба пакідаць горад.

— На кватэры Грышына і Якавенкі, дзе размяшчалася падпольная друкарня, было каля 5 пудоў шрыфтоў і іншыя матэрыялы, — расказваў пасля вайны Казачонак. — Каб не паставіць пад удар гаспадароў, я неадкладна ж перанёс шрыфты на кватэру Савіцкай, бо мае запасныя канспіратыўныя кватэры знаходзіліся ў іншым канцы горада, таму я не рызыкнуў несці іх праз увесь Мінск.

Але паколькі пра кватэру Савіцкай ведалі многія падпольшчыкі, у тым ліку арыштаваныя, там захоўваць шрыфты таксама было небяспечна. Толькі іншага выйсця ў падпольшчыкаў не было. Шрыфты маці Савіцкай закапала ў агародзе. Дакументацыю, якую Ядвіга Міхайлаўна захоўвала ў сябе (пашпарты, аўсвайсы, пропускі, біржавыя карткі, план горада і планы лясных масіваў, падрыхтаваныя для партызан), Уладзімір Казачонак аднёс на кватэру падпольшчыка Ляхоўскага, дзе спыніўся на некалькі дзён.

— Перад сыходам у партызаны Казачонак і Александровіч у гарнізоннай лазні па Старавіленскай вуліцы пісалі заклік да мінчан, — успамінаў пасля вайны Ляхоўскі. — Пісаў Казачонак, Александровіч набіраў. Шрыфт, паперу, фарбы прыносілі да мяне і хавалі на кватэры некалькі дзён. На другі дзень пайшлі да дзядзькі Колі на Палік.

Толькі перш паспелі распаўсюдзіць лістоўку, у якой выкрывалі злачынствы гітлераўцаў.

У брыгаду «Дзядзькі Колі» Уладзімір Казачонак прыйшоў 24 кастрычніка 1942 года. У лістападзе яго прызначылі камандзірам групы з 33 чалавек, якую ён павінен быў перавесці за лінію фронту. Гэта былі хворыя і параненыя партызаны, якім у лясных умовах наўрад ці ўдалося б перажыць зіму. Казачонак выканаў пастаўленую задачу: лінія фронту была паспяхова пераадолена, людзі перададзены Мінскаму абкаму партыі, які ў той час знаходзіўся ў прыфрантавой вёсцы.

* * *

Уладзіміру Казачонку пашчасціла больш, чым многім яго калегам па выданні падпольнай газеты. Перажыўшы вайну, ён працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, Акадэміі навук БССР. Вось толькі ці ўз'яднаўся са сваёй сям'ёй — пакуль загадка.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zviazda.by

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, вядучы архівіст Нацыянальнага архіва Беларусі

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Уладзімір Казачонак — госць ці герой падполля?

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».