Вы тут

Якім будзе лёс нізкапавярховых забудоў у цэнтры сталіцы?


Ці ўдасца знайсці залатую сярэдзіну ў спрэчках аб лёсе нізкапавярховых забудоў у цэнтры сталіцы?

Тыя, хто не быў у нашай сталіцы некалькі дзесяцігоддзяў, а нават і гадоў, прыкмячаюць, што аблічча Мінска імкліва мяняецца. З'яўляюцца новыя ўражальныя будынкі і цэлыя раёны. Пры гэтым зберагчы непаўторны дух «старога Менска» атрымліваецца далёка не заўсёды. Летась спрэчкі аб захаванні будынкаў і насаджэнняў разгарэліся ў некаторых старых раёнах сталіцы асабліва эмацыянальна. Сучасныя «бітвы» за Асмалоўку і Сельгаспасёлак сталі тэмай для актыўнага абмеркавання ў cеціве і падставай для зваротаў у розныя інстанцыі. Што ж там адбываецца насамрэч?


Новая транспартная магістраль або душэўная Асмалоўка?

Раён у межах цяперашніх вуліц Кісялёва, Куйбышава, Камуністычнай і Багдановіча быў пабудаваны ў першыя пасляваенныя гады. Сваю назву ён атрымаў у гонар архітэктара Міхаіла Асмалоўскага, які займаўся распрацоўкай праекта. Узводзілі двухпавярховыя домікі палонныя немцы і італьянцы.

Ужо ў тыя гады архітэктара крытыкавалі за тое, што ён пабудаваў «вёску» ў цэнтры Мінска. Аднак сімпатычныя дамы, з густам аздобленыя элементамі дэкору ў еўрапейскай стылістыцы, хутка стварылі раёну славу элітнага. Гэта меркаванне толькі ўмацавалася ў 1950-я гады, калі Асмалоўку абнеслі мураванай агароджай, якая нават закрывалася на ноч: уваход ажыццяўляўся толькі па прапусках ці запрашэнні гаспадароў.

Публіка жыла тут адпаведная статусу «вяршкоў» грамадства: афіцэры, супрацоўнікі міністэрстваў, прафесары. Праз некаторы час абсталявалася тут і творчая эліта — артысты Вялікага тэатра оперы і балета, мастакі. Дарэчы, славу «багемнага» раён захаваў за сабой да гэтага часу. На невялікай тэрыторыі знаходзіцца восем мастацкіх майстэрняў.

Упершыню аб нязручным размяшчэнні квартала загаварылі ўжо ў 1970-я. Тады горадабудаўнікі хацелі, але не змаглі пашырыць вуліцу Горкага (цяперашнюю — Багдановіча). Да пытання аб мэтазгоднасці захавання двухпавярховых будынкаў у цэнтры сталіцы вярнуліся ў канцы 1990-х і яшчэ раз у 2000-х. Апошняя, пакуль незавершаная спрэчка зацікаўленых бакоў — горада і жыхароў раёна — пачалася два з лішнім гады назад.

Козыр горада — экспертнае меркаванне спецыялістаў-будаўнікоў, якія сцвярджаюць, што амартызацыйны тэрмін эксплуатацыі падобных будынкаў 50 гадоў, такім чынам, іх ужо трэба было знесці. Прычым, не лепшы стан жылога фонду прыносіць нязручнасці, у першую чаргу, самім жа насельнікам раёна. Але ініцыятыўныя гараджане ўпэўненыя, што квартал з'яўляецца ўнікальным у сваім родзе і пры правільным падыходзе можа зрабіць Мінск больш прывабным для турыстаў.

Раён будаваўся з перспектывай доўгага існавання: першапачаткова двары і тратуары былі выкладзеныя даўгавечным брукам, а дахі накрытыя чарапіцай.

Гэтай восенню мясцовыя жыхары сабралі больш за 350 подпісаў пад зваротам у Міністэрства культуры з просьбай надаць кварталу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Раней з падобнай ініцыятывай у Мінкульт звярнулася грамадская арганізацыя «Гісторыка».

Канчатковае рашэнне яшчэ не вынесена, аднак праект на выпадак зносу раёна ўжо існуе. Апублікаваны летась новы генплан Мінска прадугледжвае, што вуліца Багдановіча (паралельная праспекту Незалежнасці) усё ж такі праз 40 гадоў будзе рэканструявана, пашырана для таго, каб разгрузіць цэнтральную магістраль. Прапануецца павялічыць шырыню праезнай часткі дарогі да пяці палос. А на месцы двухпавярховак павінен з'явіцца новы жылы комплекс.

Момант прыняцця рашэння па лёсе раёна быў адкладзены па аб'ектыўных прычынах: зараз Мінгарвыканкам сумесна з ініцыятыўнымі грамадскімі дзеячамі распрацоўвае менеджмент-план, які дазволіць вызначыць перспектывы захавання і развіцця гэтай тэрыторыі ў тым выглядзе, у якім яна існуе цяпер.

Краевугольным каменем з'яўляецца тое, што калі раёну ўсё ж будзе прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, то рэканструяваць і нават рамантаваць жылыя будынкі стане праблематычна: любыя змены ў іх абліччы трэба будзе ўзгадняць не ў адной інстанцыі. Нельга адмаўляць, што многія будынкі маюць вострую патрэбу ў капітальным дарагім рамонце ўжо зараз. І ўзнікае пытанне: ці сапраўды «барацьба» выкліканая іх рэальнай каштоўнасцю, а не нежаданнем жыхароў расставацца з асабістымі настальгічнымі ўспамінамі дзяцінства і юнацтва?

Калі раён усё ж захаваюць, то з цягам часу ён з жылога ператворыцца ў культурна-забаўляльны. Але такім чынам сталіца мала таго, што пазбавіцца ўжо існуючага жылога фонду, дык яшчэ і страціць тэрыторыі, на якіх маглі б з'явіцца так патрэбныя мінчанам новыя камфартабельныя шматкватэрныя дамы. Менавіта таму ў праекта ёсць і праціўнікі: складана растлумачыць тым, хто чакае сваёй чаргі на кватэру дзесяцігоддзі, чаму важна захаваць нерацыянальныя двухпавярхоўкі ў цэнтры горада.

Аднак жыхары Асмалоўкі з такім меркаваннем не згодны: яны лічаць, што жылую і культурную функцыі можна паспяхова аб'яднаць. Добра, вопыт такі ўжо ёсць: у сярэдзіне мінулага стагоддзя ўсе святы тут адзначалі цэлым кварталам. Летась традыцыі пастараліся адрадзіць, так былі праведзены калядны, масленічны і велікодны фэсты, фестывалі суседзяў і варэння, свята-конкурс «Кошкі на акенцы», публічны майстар-клас па ўліку дрэў, сумеснымі намаганнямі была распісана трансфарматарная будка.

Яшчэ адна прычына, па якой актывісты змагаюцца за Асмалоўку, — гэта тое, што раён з'яўляецца адным з самых зялёных у горадзе. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя накіравала ў Мінкульт ліст пра важнасць захавання зялёных тэрыторый гэтага квартала. Па падліках эколагаў, для стварэння такой жа зялёнай зоны спатрэбіцца мінімум 70 гадоў. Паспеюць вырасці два пакаленні, а калі ўлічыць, што ва ўмовах дэфіцыту азелянення ў Мінску ўжо пражывае каля 275 тысяч чалавек... Але што да гэтага тым, у каго другое пакаленне гадуецца ў пакоі інтэрната? Вось і ўгадай, чыя праўда праўдзівейшая...

Безаблічныя функцыянальныя шматпавярхоўкі або ўтульныя двары Сельгаспасёлка?

Не атрымалася пазбегнуць канфліктнай сітуацыі і жыхарам так званага Сельгаспасёлка Савецкага раёна сталіцы. Для горада, які імкліва развіваецца, такі велізарны ўчастак, заняты прыватным сектарам, стаў сур'ёзнай праблемай.

У цэнтры ўвагі, як і ў выпадку з Асмалоўкай, — усё тая ж вуліца Багдановіча (далей, у бок Зялёнага Луга). Недастаткова шырокая магістраль не спраўляецца з інтэнсіўным транспартным патокам. Да таго ж у перспектыве тут павінна прайсці новая лінія метро, пачатак будаўніцтва якой запланаваны аж на 2025 год, таксама, хутчэй за ўсё тут будзе закладзена развязка трэцяга транспартнага кальца. Тым не менш жыхары раёна катэгарычна супраць зносу сваіх дамоў.

Яшчэ генплан Мінска 1982 года, які атрымаў, дарэчы, прэмію Савета Міністраў, прадугледжваў ліквідацыю гэтай малапавярховай забудовы. Тады раён не знеслі — у хуткім часе пачалася перабудова ва ўсёй краіне, рукі да перабудовы асобна ўзятага пасёлка не дайшлі. Але ў 2010 годзе рашэнне аб кардынальных зменах было прынята канчаткова. Да будаўнічых работ доўгі час справа не даходзіла, і, калі да спрэчнага пытання вярнуліся, паднялася хваля пратэстаў сярод мясцовых жыхароў. Вырашана было перагледзець праект, каб па магчымасці захаваць максімальную колькасць дамоў. У выніку пад знос павінны пайсці 614 прыватных дамоў, застанецца толькі 281.

Актывісты накіравалі ў адміністрацыю Савецкага раёна дзесяцістаронкавы дакумент, які змяшчае ў сабе шматлікія каментарыі па праекце. Пакуль ніякія будаўнічыя работы на тэрыторыі Сельгаспасёлка не пачаліся, але, нягледзячы на пратэсты, захаваць яго ў цяперашнім выглядзе дакладна не атрымаецца.

Да 2030 года, паводле генплана, аблічча раёна павінна кардынальна змяніцца: новыя жылыя комплексы, шматфункцыянальныя цэнтры, паліклініка, дзіцячыя сады і школы. Але больш ніякіх утульных двароў і вузкіх вулачак, якія мімаволі нагадваюць кранальныя вясковыя. Аднак такую «раскошу» не можа дазволіць сабе ні адзін буйны горад: вёска вёскай, а мегаполіс павінен развівацца па іншых правілах.

* * *

А вось пра тое, як грамадскае меркаванне ўплывае на аблічча горада, красамоўна кажа гісторыя парка Котаўка, які размяшчаецца ў тым жа раёне. Выпадак з самага пачатку хутчэй нетыповы, бо на тэрыторыі парку збіраліся будаваць не жыллё, а культавы будынак. Супраць выказаліся эколагі і неабыякавыя мясцовыя жыхары. Яны лічаць азеляненне раёна і так нездавальняльным, а дадатковая высечка дрэў магла б зрабіць сітуацыю крытычнай. Тым не менш у пачатку снежня ў парку пачалі праводзіць падрыхтоўку да будаўнічых работ.

Аднак насустрач тэхніцы «Мінскзелянбуда» «з боем» выйшлі мясцовыя жыхары. Супрацьстаянне працягвалася дзевяць гадзін, пасля чаго работы былі прыпыненыя. На днях стала вядома, што ўзводзіць храм у парку ўсё ж такі не будуць. Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац прапанаваў грамадскім арганізацыям і актывістам, якія выступалі за захаванне дрэў, прыняць удзел у азеляненні сквера.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Аварыйныя будынкі ці гістарычная спадчына?

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.