Сапраўды, Скарына даў беларусам «і зрок, і крок», падарыў здольнасць празорліва агледзецца, выйсці на новыя далягляды.
Але ж так сказаў народны паэт Татарстана Роберт Мінулін. Ён — у добрай сувязі з Беларуссю, беларускай літаратурай. Нядаўна пераклаў адзін з вершаў Максіма Багдановіча. Пераклаў у самы пярэдадзень юбілея нашага класіка. Роберт Мінулін некалькі гадоў таму гасцяваў у Беларусі, удзельнічаў у святкаванні Дня беларускага пісьменства. Якраз перад святам у Смаргоні прайшоў і круглы стол з удзелам замежных пісьменнікаў. На старажытнай зямлі, дзе ёсць месца легендам і паданням і зараз, дзе відаць яшчэ сляды музыкаў, мастакоў, паэтаў мінулых стагоддзяў, татарскі паэт уважліва прыглядаўся да гістарычнай памяці нашага народа. Мо там, у Смаргоні, у блізкіх Кушлянах Багушэвіча, Роберт Мінулін успамінаў і сваіх класікаў — Габдулу Тукая, Мусу Джаліля?.. Можа быць, ён думаў пра іх празорлівасць, іх шуканні бясконцых даляглядаў?.. Таму і атрымаўся верш пра Скарыну надзіва родным, беларускім, шчырым, як быццам пра свайго, з-пад Казані, Скарыну расказвае паэт...
У 2016 годзе ў серыі кніг для дзяцей «Звязда» выдала вершаваны зборнік народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна
«Адна сям'я». Вершы пераклала на беларускую мову маладая паэтэса Яна Явіч. А лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі падрыхтаваў лірычную кнігу татарскага сябра Беларусі. Зборнік павінен выйсці ў серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі». Розныя катаклізмы, якімі напоўнены сучасны свет, пераконваюць: сяброўства зараз асабліва важкі складнік жыцця. Без дружбы, без цеплыні і шчырасці ў адносінах паміж народамі і краінамі не выжыць. Калі іначай — то захлынешся ў агні і полымі. Гэта разумеў і беларускі першадрукар Францыск Скарына. Гэта разумее і татарскі паэт Роберт Мінулін.
Кастусь ЛАДУЦЬКА
Роберт Мінулін, народны паэт Татарстана
Пакінуў след свой на зямлі
Францыску Скарыне
Нястомнай працай рук тваіх
Нам першадрукі дараваны,
Што сёння, у вяках сівых,
Святлом азораны пашаны.
Ты растварыў эпохі змрок,
Твой след — у памяці народа.
Ты Слову даў і зрок, і крок,
І час яму — не перашкода.
Пакінуў след свой на зямлі.
Па берагах крутых Нямігі
Стагоддзі хмурыя прайшлі.
Ды не пагас Вялікай Кнігі
Святы агонь. Сугуччы слоў
Шчэ больш выразныя у часе.
Твая Вялікая Любоў
Тваім нашчадкам засталася.
Не на гісторыі кладах
Імя тваё — Францыск Скарына!
Яно — як гэты зорны дах,
Як сон, што сніць твая Айчына.
І адступаюць змрок і ціш
Тваёй таемнае далечы.
Ты зыркім светачам гарыш
У кожным сэрцы чалавечым.
З татарскай. Пераклад Міколы Мятліцкага
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.