Вы тут

Рыгора Сітніцу зноў абралі кіраўніком Беларускага саюза мастакоў


ХХІІ з'езд Беларускага саюза мастакоў у параўнанні з папярэднім прайшоў абсалютна спакойна. 14 снежня ў Палацы культуры прафсаюзаў сабралася каля 450 дэлегатаў, каб прааналізаваць пройдзены шлях развіцця кірункаў саюза, ацаніць дзейнасць старшыні і прапанаваць вырашэнне наспелых пытанняў. З'езд адкрыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў.


Старшыня саюза мастакоў Рыгор СІТНІЦА адзначыў, што тры гады таму ён паабяцаў быць старшынёй для ўсіх і ні на хвіліну не адмовіўся ад сваіх слоў:

— Усе мае высілкі гэтым часам былі скіраваны на вяртанне нас у мастацкае поле, якое прадугледжвае адпаведныя паводзіны. Мы павінны шанаваць адно аднаго, а лепей любіць, бо Богам так завешчана. Саюз — гэта сям'я, таму і прынцып адносін мусіць быць сямейным. За тры гады маёй працы нікому не было адмоўлена ў матэрыяльнай дапамозе, якая, дарэчы, за гэты час вырасла амаль у тры разы.

У справаздачы Рыгор Сітніца адзначыў, што праблемы, якія ставіліся, у большасці вырашаныя. Так, напрыклад, у Беларусі штораз адкрываюцца новыя выставачныя пляцоўкі, больш ствараецца арт-праектаў, якімі захапляюцца гледачы, у якіх мастакам цікава праяўляць сябе. Нават самая складаная праблема, звязаная з аплатай за цяпло ў майстэрнях, павінна быць вырашана. Эканамічны стан саюза палепшыўся, матэрыяльныя паказчыкі павялічыліся і за тры гады было куплена каля тысячы пяцісот квадратных метраў дадатковых памяшканняў.

Вядома, многае атрымалася, але ж наспелі і новыя пытанні, якія дэлегаты агучылі падчас выступлення. Адно з такіх — прыцягненне ў супольнасць маладых творцаў. Справа ў тым, што многія выпускнікі творчых навучальных устаноў не застаюцца ў прафесіі: выходзячы за межы каледжаў, універсітэтаў, яны разумеюць, што ў іх акрамя талента і ідэй больш нічога няма — ні майстэрні, ні падтрымкі — у выніку расчароўваюцца.

Напэўна, адну з самых балючых тэм закрануў Канстанцін Селіханаў — недасканаласць сістэмы ўзнагароджання мастакоў, у прыватнасці, надання звання «народных» тым, хто гэтага варты.

ХХІІ з'езд Беларускага саюза мастакоў прайшоў спакойна і інтэлігентна. Быў ён і дастаткова сур'ёзным пры абмеркаванні далейшага жыцця саюза. Яшчэ адным кандыдатам на пасаду старшыні Беларускага саюза мастакоў быў скульптар Аляксандр Шаппо. Удзельнікі з'езда пераважнай большасцю галасоў вырашылі пакінуць на другі тэрмін Рыгора Сітніцу.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Саюз — як сям'я

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.