Вы тут

Топ-3 месцаў, якія варта наведаць з сям'ёй узімку


Наперадзе па курсе — Каляды, Новы год і зноў Каляды. Куды падацца, каб падтрымаць, захаваць і ўзмацніць адпаведны настрой? Кампанію Зюзі не абяцаю, прапаную альтэрнатыўнае нечаканае.


Падарожжа першае: з гадзіннікам

Мі­ну­лай вяс­ной у ад­ну са сцен уні­вер­сі­тэ­та- ка­ле­гі­у­ма, аку­рат пад са­май стол­лю,  на­но­ва ўстаў­ле­на га­ла­ва стар­ца.

Новага года без гадзінніка не бывае — раз, пад Новы год павінны адбывацца цуды — два. Кіруючыся гэтымі неабвержнымі ісцінамі, прапаную наведаць... Полацкі езуіцкі калегіум. Адкрыты ў 1581 годзе як навучальная ўстанова, ён і сёння ёю застаецца — цяпер гэта Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Гэта значыць, не музей. Але вось спускаецца па чыгуннай лесвіцы стомлены навукамі студэнт. Ён добра ведае, што гэта лесвіца памятае падэшвы шкаляроў і выкладчыкаў ХІХ стагоддзя, — і мо якраз зараз перабірае ў галаве, чые дакладна падэшвы яна памятае. Увогуле, у гэтых сценах (фрагменты якіх у некаторых аўдыторыях спецыяльна пакінуты вачам і рукам даступнымі) вучыліся Ян Баршчэўскі і Валенцій Ваньковіч, выкладалі Марцін Пачобут-Адляніцкі і Габрыель Грубер. Апошні — астраном, інжынер, матэматык — прыбыў у Полацк у канцы ХVІІІ стагоддзя чытаць археалогію і механіку. Гэта быў амаль Леанарда да Вінчы, што пасяліўся на нашай зямлі. Сканструяваная ім механічная галава апісана ў «Жывапіснай Расіі» — зборы «зразумелых кожнаму карцін жыцця нашай айчыны цяперашняга і мінулага». «Высока ў сцяне, — піша «ЖР», — амаль пад столлю ўстаўлена была галава старца з доўгімі сівымі валасамі. Рухомая, з вачыма, якія прымалі розныя выразы, і галоўнае — гаворачая на ўсіх ужывальных мовах. Галава гэтая, зразумела, прыводзіла ў недаўменне, захапленне і ў той жа час выклікала страх». Мінулай вясной у адну са сцен універсітэта-калегіума, акурат пад самай столлю нанова ўстаўлена галава сівога старца. Твар яго даволі прывабны, вочы — добрыя, пагляд — лагодны, але калі гучыць у пустым памяшканні з драўлянымі лавамі яго голас, адчуваеш, як і тыя, хто некалі тут бываў, недаўменне, захапленне і — так, менавіта страх: тую яго форму, якая не ёсць паніка, а ёсць нешта ўрачыстае, велічнае. Між тым, спытаць у старца, што чакае нас у 2017-м, — справа вартая.

«Gaudeamus іgіtur, juvenes dum sumus!» — пад гэ­тыя сло­вы га­дзін­нік пра­пус­кае па чар­зе ў свае дзве­ры Еў­фра­сін­ню По­лац­кую, Фран­цыс­ка Ска­ры­ну, Пят­ра Скар­гу, пра­фе­са­ра і сту­дэн­та.

А вось у чытальнай зале купка адоранай моладзі рыхтуецца да канферэнцыі. Чытальная зала — на месцы сябе самой з часоў езуітаў, з XVІ стагоддзя, яшчэ Пётр Скарга як першы рэктар усталяваў тут такі парадак — каб кнігі былі даступныя пры першай жа неабходнасці. Пісьмовыя сталы сучасныя, стэлажы таксама, але варта зірнуць на сцены і столь, каб не толькі зразумець да канца ўвесь сэнс старога выказвання: «Тут жывуць мёртвыя, тут размаўляюць нямыя» — але і адчуць яго праўдзівасць скурай.

У дворыку — калодзеж XVІІІ стагоддзя. Ваду з яго не п'юць — па-першае, застаялася, па-другое, лічыцца, што праз гэты калодзеж можна некуды трапіць. Як у казцы братоў Грым «Спадарыня Мяцеліца», не іначай.

У адной са сцен, што глядзяць у той дворык, усталяваны гадзіннік. Ведаеце, які час? ХХІ стагоддзе! З 2011 года ён, заўзята спяваючы: «Gaudeamus і-gі-tur, juvenes dum su-u-mus!» — адчыняе пад сабою дзверы і прапускае ў іх па чарзе Еўфрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Пятра Скаргу, прафесара і студэнта. І трэба вам гэта бачыць, тым больш што згаданая ВНУ, аснашчаная парталамі ў неймаверна легендарнае мінулае, працуе і як музей: экскурсійныя праграмы і кошты білетаў паведамляюцца на сайце.


Падарожжа другое: а-ля квэст

Ключ да квэс­та. Ві­лен­скае ба­ро­ка —  гэ­та ка­лі кі­не­тыч­ная энер­гія рвец­ца з бу­ды­ні­ны вон­кі, або ка­лі цэг­ла раз­мяк­ча­ец­ца і плы­ве.

Кіньце вокам на карту Міншчыны, адзначце каля Івянца вёску Рудня. За тры кіламетры ад яе, паміж Налібоцкай пушчай і Іслаччу знойдзецца ўрочышча Вялае. Само яно, праўда, не знойдзецца — трэба яго шукаць, і гэты пошук можна вельмі проста ператварыць у квэст (каб, прынамсі, ніякія рэплікі свавольнага навігатара не маглі сапсаваць настрой, а толькі ўзмацнілі загадкавасць). Згодна з яго ўмовамі належыць найперш адшукаць на вуліцах старэнькага, як пячатка Вітаўта, Івянца адзін вельмі прыгожы касцёл. Улічваючы, што Івянец мае два касцёлы, і абодва прыгожыя, шукаць трэба той, у абліччы якога праглядваецца віленскае барока. Западозрыць будынак у прыналежнасці да віленскага барока нескладана: як толькі заўважыце, як з яго «выплюхваецца кінетычная энергія», як толькі падасца, што будматэрыял «размяк і паплыў», — ведайце: віленскае барока. Знайшоўшы яго сімвал у Івянцы, убачыце рэчку, якая ціхенька дрэмле. Павярніце за ёю ў той бок, у які раіць паварочваць камень на казачнай ростані, каб не страціць сябе. Пасля звярніце па ўказальніку на санаторый «Лясное». Даехаўшы да яго, пакіньце «каня» (бо і на камені было сказана, што вы яго «страціце») і прайдзіце паўтары сотні метраў пешкі да сцен паляўнічага дома графа Тышкевіча. Стоячы перад ім, вы адчуеце, як праз падэшвы прабярэцца ў бок сэрца штось невымоўнае. І вось вы ўжо трапляеце на пэўную колькасць гадоў назад...

Толькі-толькі прыжылася ў Еўропе новая вынаходка — сепаратар для аддзялення вяршкоў. Цяпер сняданак з французскімі рагалікамі нашмат смачнейшы, бо масла да іх падаецца не з кіслінкаю, а салодкае. Яно лепш спалучаецца з сырам, які рэгулярна дастаўляецца сюды з Гарадзеі або Негарэлага ў галоўках памерам з каціную. Сыр гэты не горшы за эдамскі. Прынамсі, такі самы жоўценькі і пікантны.

Паснедаўшы рагалікамі з маслам і сырам, запіўшы іх гарбатаю з саксонскіх філіжанак, гаспадары і госці апранаюць футры і, пакінуўшы цёплы дом, усядаюцца ў нізкія санкі. Прыслуга клапатліва накрывае кожнага авечай шкурай, прышпільваючы яе да санак, — і вось ужо мчыць па іскрыстым снезе вясёлае паляванне. Трубяць ражкі, звіняць званочкі... Ты чуеш, чытач? Ты чуеш? Ці чуеш толькі вецер, які гуляе ў напаўразбураных сценах? Я завяла цябе сюды, каб ты, набраўшы ў боты снегу, адчуўшы няўтульнасць маўклівай прасторы, вярнуўшыся пасля ў «цывілізацыю», не адзін яшчэ раз са шчаслівай усмешкай успомніў, як быў сведкам графскага палявання напярэдадні Светлых Каляд, і душа твая разгарнулася ад прыгажосці прыроды і нашай спадчыны, убіраючы ў сябе нашмат болей, чым бачаць вочы.


Падарожжа трэцяе: больш глыбокае

Глы­боц­кі ка­фед­раль­ны са­бор Раж­ства  Пра­свя­той Ба­га­ро­дзі­цы, на­конт яко­га бе­да­ваў На­па­ле­он — што не мо­жа ўзяць яго з са­бой у Па­рыж, — мог быць доб­рым кам­пань­ё­нам там­тэй­ша­му Нотр-Да­му.

Больш глыбокае — бо ў Глыбокае. І не толькі метафарычна так, але і ў самым прыземленым (нават падземным) значэнні. Глыбоцкі кафедральны сабор Ражства Прасвятой Багародзіцы (наконт якога, кажуць, надта ж бедаваў Напалеон — што не можа ўзяць яго з сабой у Парыж: быў бы, маўляў, добрым кампаньёнам тамтэйшаму Нотр-Даму) мае глыбокія сутарэнні, трапіць у якія можна, раскрыўшы драўляныя створкі адразу пры ўваходзе ў храм. Папярэдне, праўда, трэба набыць свечкі, пажадана самыя тоўстыя — каб свяцілі ярчэй і даўжэй, а таксама атрымаць найсвяцейшы дазвол на перамяшчэнне ўніз па каменных прыступках — у глыб прамінулых стагоддзяў. Сабор належаў некалі манастыру кармелітаў, і гэтыя сутарэнні, кажуць, цягнуліся аж да суседняга Беразвечча.

Святла свечкі хапае на тое, каб бачыць на крок наперад, ніяк не болей, і нават вышыні скляпенняў у паўцемры ніяк не адчуць, і гэта здаецца тут напярэдадні Свята зусім ужо сімвалічным: ніхто не можа бачыць вышэй за самога сябе, ніхто не можа ведаць, што чакае наперадзе. Ніхто, акрамя Бога, да якога цяпер бліжэй, чым калі...

Адзін мудрэц з Глыбоччыны 1 студзеня 1932 года запісаў у дзённіку: «Прыйдзі, Новы годзе, і не крыўдзі мяне мэндзай-бядою так, як папярэднія — старыя... Прынясі мне добрыя памысныя варункі жыцця дзеля маёй працы на карысць людзям...» Гэта Язэп Драздовіч, які «сам зварыў сабе есці» і піша — заканчвае падарожжы «На Арыаполь».


Падарожнічала Святлана ВОЦІНАВА


 

Загаловак у газеце: Кампанію Зюзі не абяцаю...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».