Вы тут

Уладзімір Кірута: Любоў да песні ў мяне з дзяцінства


Дырэктар Палаца культуры Мінскага трактарнага завода Уладзімір КІРУТА мае шмат узнагарод — ён лаўрэат прафсаюзнай прэміі «За актыўную работу па развіцці народнага мастацтва і аматарскай творчасці працоўных», узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». А яшчэ ён праводзіць вялікую грамадскую работу. Ён — старшыня савета дырэктараў прафсаюзных і ведамасных устаноў культуры краіны, член праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў. Сёння прапануем чытачам «Звязды» бліжэй пазнаёміцца з гэтым незвычайным чалавекам.


— Уладзімір Іванавіч, кажуць, што выбар прафесіі чалавек робіць яшчэ ў школьныя гады. А як было ў вас?

— Не магу сказаць, што марыў стаць культработнікам з дзяцінства (смяецца). Я родам са Случчыны. Бацькі — простыя сяляне, калгаснікі. У нас шматдзетная сям'я. Акрамя мяне, самага малодшага, яшчэ двое братоў і дзве сястры.

Зімовымі вечарамі ўсе мы збіраліся на печы і спявалі песні. Бацькі гэтаму радаваліся, хаця самі не спявалі. Можа, адтуль у мяне любоў да песні, у тым ліку і народнай.

Адчуваючы гэту цягу, бацька з пятага класа аддаў мяне ў музычную школу ў Слуцку. Па класе баяна. І я правучыўся там чатыры гады. Пасля паступіў у Мінскае культасветвучылішча.

Пазней працаваў мастацкім кіраўніком сельскага Дома культуры на Случчыне. Адтуль мяне прызвалі ў армію. Але і ў войску я займаўся сваёй справай: быў удзельнікам ансамбля, іграў на альце ў ваенным духавым аркестры. Дэмабілізаваўшыся, паступіў у Мінскі інстытут культуры. Пасля яго заканчэння кіраваў вакальна-інструментальным ансамблем пры заводзе імя Вавілава. Тут мяне заўважылі, прапанавалі пасаду ў рэспубліканскім міжсаюзным Доме самадзейнай творчасці. Але гэта была работа больш адміністрацыйная, чым творчая. І я трапіў у аматарскі калектыў «Бліскавіца», дзе і правёў шчаслівыя тры гады.

— І ўсё ж вы не пазбеглі чыноўніцкай, як вы кажаце, пасады. Я маю на ўвазе работу галоўным адміністратарам у Дзяржаўным аркестры сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Як гэта здарылася?

— Мы з Міхаілам Якаўлевічам знаёмы даўно. Яшчэ студэнтам я падпрацоўваў у цырку ўніфармістам — дапамагаў рыхтаваць арэну. Але і ў цыркавыя нумары мяне часам запрашалі. Я быў вельмі спартыўны юнак, у школе і ў інстытуце ўдзельнічаў ледзь не ва ўсіх спаборніцтвах. А Міхаіл Фінберг у той час кіраваў цыркавым аркестрам. Аднойчы на рэпетыцыі мы пазнаёміліся, і знаёмства доўжыцца ўжо многія гады. Неяк Міхаіл Якаўлевіч запрасіў мяне да сябе і запытаўся, ці не хацеў бы я папрацаваць у яго новым аркестры, які быў ужо шырока вядомы, папулярны ў краіне. Канешне, я з радасцю даў згоду. Ну а з 1998 года я — у Палацы культуры трактарнага завода. Спачатку працаваў намеснікам дырэктара, а з 2003 года — дырэктарам.

— Прызнаюся шчыра, я даволі кепска ўяўляю, чым займаецца ў наш час ведамасная культасветустанова.

— Вельмі многім! Дарэчы, некаторыя думаюць, што з распадам Савецкага Саюза распалася і ўся шматгранная работа ў палацах культуры. Але гэта не так. Мы, напрыклад, не толькі нічога не страцілі з таго, што было набыта, але, як кажуць, яшчэ прыдбалі. Стварылі пяць новых творчых калектываў, якія цяпер добра вядомыя ў горадзе і нават у краіне. Гэта — народны вакальны ансамбль «Белы птах», ансамбль народнай песні і цыганскага майстэрства «Ігрыца», узорная студыя эстэтычнага выхавання «Кляксы», шоу-група «Фламенка» і група брэйк-данса.

А ўсяго на сённяшні дзень пры Палацы культуры працуе дваццаць пяць творчых калектываў! Своеасаблівай візітоўкай нашага палаца з'яўляецца заслужаны аматарскі калектыў — студыя бальнага танца «Мара».

Гэта наш старажыл, яму летась споўнілася пяцьдзясят гадоў. Сённяшнія ўдзельнікі студыі пад кіраўніцтвам заслужанага работніка культуры рэспублікі Лідзіі Кац-Лазаравай годна працягваюць лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў. Вельмі запатрабаваныя народны ансамбль песні і танца «Вязынка», народны драматычны тэатр «На Доўгім бродзе», тэатр гумару і сатыры «Карусель», узорны ансамбль народнага танца «Лянок», народны духавы аркестр, калектыў эстраднай песні і іншыя.

— І ўсе яны на ўтрыманні Палаца культуры?

— Нічога падобнага. Яны зарабляюць сродкі і для сябе, і для палаца.

— Якім жа чынам?

— У нас ёсць адпаведны сайт, на якім размешчана падрабязная інфармацыя пра кожны калектыў, умовы заказу канцэртаў. І заявак прыходзіць даволі шмат. Заробленыя грошы дзеляцца па-брацку: 50 працэнтаў забірае палац, усё астатняе ідзе на патрэбы калектываў.

— А якія яшчэ клопаты ў дырэктара такой буйной культасветустановы?

—Вельмі шмат. Іх можна нават згрупаваць па напрамках. Першарадная для мяне задача, зыходзячы з якой я будаваў і будую сваю работу, — гэта развіццё мастацкай творчасці, мастацкіх калектываў. Хачу падкрэсліць, што іх удзельнікі не толькі завадчане, але і ўсе жадаючыя жыхары горада. Канешне, адбор вядзецца на конкурснай аснове з улікам творчых здольнасцяў прэтэндэнтаў. Мая задача заключаецца ў тым, каб гэтым калектывам у нечым дапамагаць, а ў нечым не перашкаджаць (смяецца).

Ся­род удзель­ні­каў ва­каль­на­га ан­самб­ля  «Бе­лы птах».

Другі напрамак маіх клопатаў — фестывальная і канцэртная работа. З 2005 года мы праводзім агляд-конкурс аматарскай творчасці сярод работнікаў трактарнага завода пад назваю «Спявай, Беларус!» Менавіта так: з вялікай літары і з клічнікам. Зазначу, што мерапрыемствы конкурсу служаць станоўчым імпульсам для развіцця аматарскай творчасці сярод работнікаў прадпрыемства, разнастаяць і насычаюць асаблівым зместам вольны час трактаразаводцаў. Шмат добрых слоў хочацца сказаць пра дзіцячы харэаграфічны конкурс «Брава, дзеці!», які сёлета прайшоў ужо чацвёрты раз. У ім могуць прымаць удзел аматарскія калектывы незалежна ад ведамаснай прыналежнасці. Каб прадэманстраваць сваё майстэрства, да нас прыязджаюць дзеці з Брэста, Магілёва, Мазыра, Баранавічаў, Віцебска і іншых гарадоў краіны.

Надзвычай кранальна і эмацыянальна праходзіць заўсёды фестываль духавых аркестраў, які стартуе штогод майскімі святочнымі днямі і называецца «Мелодыі Перамогі». Акрамя аркестра нашага палаца, удзел у фестывалі прымаюць дзясяткі духавых аркестраў горада. Музычны марш-парад пачынаецца каля палаца, рухаецца па бульвары Трактарабудаўнікоў, затым па вуліцы Алега Кашавога і завяршаецца на месцы старту. Асобна трэба сказаць пра конкурс дуэтаў «Песні, якія нас аб'ядноўваюць». Упершыню такі конкурс пад назваю «Зорка + талент = любоў да мастацтва» адбыўся восем гадоў таму. На сцэну палаца разам з самадзейнымі спевакамі завода выйшлі артысты беларускай эстрады Вікторыя Алешка, Андрэй Хлястоў, Юліяна, Стэла, Юля Шыкунец, Анжаліка Макарава... Для нашых завадчан гэта быў неацэнны майстар-клас. А ў 2010 годзе конкурс пашырыў сваю геаграфію і набыў статус міжнароднага. Удзел у ім прынялі ўсе рэгіёны Беларусі, а таксама Расія, Арменія, Украіна, Казахстан, Літва, Польшча, Кітай, Румынія, Латвія, Эстонія. Яшчэ ў больш шырокім фармаце ён прайшоў сёлета, набыўшы сваю пастаянную назву «Песні, якія нас аб'ядноўваюць».

Садзейнічаць духоўнаму ўзбагачэнню і развіццю нацыянальнай культуры закліканы і яшчэ адзін наш міжнародны форум — фестываль калектываў народнай песні «Моц славянскіх сэрцаў». Ідэя фестывалю нарадзілася ў выніку цеснага творчага кантакту Палаца культуры МТЗ і заслужанага калектыву рэспублікі ансамбля народнай музыкі «Бяседа».

Узнікла сумесная задума правесці творчую сустрэчу «Бяседа з сябрамі». Яе першымі ўдзельнікамі сталі ансамбль народнай песні «Світанак» Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Партызанскага раёна Мінска, фальклорны тэатр-студыя «Оберіг» з Украіны, музычна-фальклорны ансамбль «Прымакі» з Беластока і ансамбль народнай песні «Славяне» са Смаленска. Такія творчыя сустрэчы сталі традыцыйнымі. Сёлета фестываль прайшоў ужо чацвёрты раз. І зноў ярка і пераканаўча прадэманстраваў сілу славянскага адзінства, якое заключаецца ў высокай духоўнасці, роднасці душ, агульных этнагістарычных каранях.

Што тычыцца міжнародных мерапрыемстваў, то ў нас ёсць яшчэ два цікавыя і папулярныя форумы — фестываль гарманістаў «Гармонік збірае сяброў» і фестываль казачай песні «Гайда».

Ад­крыц­цё між­на­род­на­га фес­ты­ва­лю «Гар­мо­нік збі­рае сяб­роў».

— Міжнародныя фестывалі — гэта, безумоўна, выдатна. Але ж вядома, што на іх правядзенне, акрамя вялікіх арганізацыйных намаганняў, патрабуюцца яшчэ і немалыя матэрыяльныя затраты.

— Так, харчаванне, пражыванне, а таксама сувеніры гасцям, экскурсіі, культурная праграма — усё гэта за наш кошт.

— І як вы, прабачце, выкручваецеся?

— Круціцца, канешне, даводзіцца шмат, не без гэтага. Але калі бачыш, што ўсё гэта ў рэшце рэшт дае вялікую духоўную, эстэтычную аддачу, то адчуваеш сябе шчаслівым. Зрэшты мы, работнікі культуры, дзеля таго і працуем, каб несці людзям радасць, узбагачаць іх душы святлом мастацтва, рабіць навакольны свет хоць крыху дабрэйшым.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.