Вы тут

Маладыя беларускія вучоныя прадставілі свае праекты на канферэнцыі


Новыя лекавыя прэпараты, якія з'яўляюцца на рынку, праходзяць шэраг выпрабаванняў: правяраецца іх таксічнасць і ўздзеянне на арганізм. Над вырашэннем гэтых і многіх іншых праблем сёння працуюць маладыя беларускія вучоныя — свае праекты яны прадставілі на штогадовай канферэнцыі «Моладзь у навуцы».


Пра­ект, які да­па­мо­жа ай­чын­ным спарт­сме­нам і ама­та­рам зда­ро­ва­га ла­ду жыц­ця, прад­ста­ві­лі Ган­на Жур­ня (зле­ва) і Хрыс­ці­на Ра­ба­ва.

— Пры выпрабаваннях выкарыстоўваюцца пераважна паддоследныя жывёлы, чый арганізм можа значна адрознівацца ад нашага, — тлумачыць старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі навуковай інжынерыі Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Яраслаў ДЗІЧЭНКА. — Напрыклад, той жа азбест для чалавека лічыцца канцэрагенам, а хамякі і трусы без праблем пераносяць уздзеянне гэтага рэчыва. У нашым праекце мы прапануем наступнае рашэнне: штучна атрымліваць бялкі чалавека «ў прабірцы» і праводзіць тэсты на іх.

Сярод плюсоў такога спосабу вучоны называе магчымасць атрымаць абсалютна любы бялок (прычым нават канкрэтнага пацыента), а таксама мадэліраваць уздзеянне прэпарата на любы орган. Сумарны вынік такіх эксперыментаў і дасць адказ на пытанне аб бяспецы прэпарата.

Навуковы супрацоўнік аддзела харчавання Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні НАН Ганна ЖУРНЯ і кіраўнік групы Рэспубліканскага кантрольна-выпрабавальнага комплексу па якасці і бяспецы прадуктаў харчавання Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні НАН Хрысціна РАБАВА прадставілі на выставе інавацыйныя прадукты для спартсменаў: ізатанічныя напоі, пратэінавыя сумесі для гатавання бліноў і пратэінавыя кактэйлі.

— Цяпер гэты рынак насычаны прадуктамі амерыканскай, канадскай, нямецкай, польскай і расійскай вытворчасці, а вось беларускага харчавання амаль няма, — каментуюць аўтары праекта. — Для стварэння канкурэнтнага асяроддзя і павышэння даступнасці такіх тавараў мы і заняліся гэтай работай. Нашы прадукты ў першую чаргу разлічаны, безумоўна, на прафесійных атлетаў, але спажываць іх могуць усе ахвотныя.

Яра­слаў Дзі­чэн­ка пра­па­нуе тэс­ці­ра­ваць но­выя ле­кі на штуч­на атры­ма­ных бял­ках.

Так, напрыклад, ізатанічныя напоі «ІзаАктыў» прызначаны для папаўнення водна-солевага балансу пасля трэніровак, акрамя гэтага, яны ўтрымліваюць рэчывы прыроднага паходжання, якія спрыяюць хуткаму аднаўленню арганізма пасля фізічных нагрузак, — адаптагены (гэта галоўнае адрозненне ад прадстаўленых на рынку аналагаў). Цяпер выпушчана прамыслова-доследная партыя прадукту, чакаецца атрыманне патэнта. Стваральнікі спадзяюцца, што хутка яго можна будзе ўбачыць у спартыўных крамах па цане, прыкладна на 25 працэнтаў меншай за замежныя аналагі.

Яшчэ адзін цікавы прадукт — пратэінавая сумесь для гатавання бліноў. Па словах навукоўцаў, для многіх спартсменаў праблемай становіцца разнастайнасць меню — харчавацца аднымі кактэйлямі цяжка. Таму і была распрацавана сумесь, што выпускаецца ў пакеціках па 250 грамаў, у якіх утрымліваецца сутачная норма бялкоў для атлетаў. Дастаткова дадаць у змесціва ваду — і можна гатаваць смачную і пажыўную страву.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Тэсты для таблетак і пратэінавыя бліны

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.