На конкурсе ХХІХ Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі галоўны прыз (5 тысяч долараў ЗША) атрымаў саліст Цэнтральнага ансамбля песні і танца пры палітычным упраўленні арміі КНР Юйчэн Яа.
Кітайскі танцор разам з харэографам Чжан Цян прадставіў творчую работу «Мае мерыдыяны». Дарэчы, Чжан Цян ужо перамагаў на фестывалі ў у роўна 10 гадоў таму.
Сёлета ў канцэртнай зале «Віцебск» за перамогу змагаліся танцоры і калектывы з Беларусі, Украіны, Расіі, Швецыі, Эстоніі, Малдовы і іншых краін. Журы ўзначальваў прафесар Пекінскай акадэміі танца Сяа Сухуа. Беларусь у судзейскай калегіі прадстаўляў народны артыст, мастацкі кіраўнік балета Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Юрый Траян. Экспертны савет узначальвала расіянка, музычны і тэатральны крытык, кіраўнік школы тэатральнай крытыкі Ларыса Барыкіна.
Міністр культуры Барыс Святлоў канстатаваў, што віцебскае маштабнае свята сучаснага танца праводзіцца на высокім узроўні. Яго прафесійны статус пацверджаны шырокай геаграфіяй краін-удзельніц. Харэаграфічны фэст займае дастойнае месца ў шэрагу вядомых культурных акцый Беларусі. Міністр з задавальненнем заўважыў, што ў нашай краіне ўсё больш калектываў сучаснай харэаграфіі, яны маюць сваю адметнасць і мода на заняткі харэаграфіяй расце.
Дырэктар «Цэнтра культуры «Віцебск», прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі фестываляў (WАF) Аляксандр Сідарэнка падкрэсліў, што ў канкурсантаў ёсць магчымасць не толькі заявіць пра сябе. На фестывалі сучаснай харэаграфіі можна шмат чаму навучыцца, атрымаць карысныя парады. Практыка паказвае, што нават пройгрыш у конкурсе не азначае адсутнасць таленту. З гадамі аўтсайдары становяцца мацнейшымі танцорамі і калектывамі.
Па традыцыі падчас фэсту праводзіліся майстар-класы, семінары, інтэрактыўныя лекцыі. Былі перформансы ад танцавальных кампаній. Экспанаваліся выставы жывапісу і фатаграфіі. Падчас культурнай падзеі працягласцю ў тыдзень гледачы ўбачылі і пастаноўкі вядомых харэографаў. Напрыклад, пасля цырымоніі адкрыцця фэсту ў канцэртнай зале «Віцебск» адбылася прэм'ера балета «Жызэль». Аўтар лібрэта, харэаграфіі і пастаноўкі ў выкананні «Кіеў мадэрн-балет» — вядомы харэограф Раду Паклітару.
У наступным годзе правядуць не міжнародны, а рэспубліканскі конкурс.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота БЕЛТА
Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.
«Устаюць раней за ўсіх і пазней за ўсіх кладуцца»
...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.