Вы тут

Як падарожнічаць з адным заплечнікам


Нярэдка мы бяром у паездку больш рэчаў, чым трэба на самай справе. Многія сукенкі ды спаднічкі складаем з думкай: «На ўсялякі выпадак, раптам я захачу гэта надзець». Шампунь і гель для душа часта проста бяром з ваннай у велізарных ёмістасцях. Ну, а пяць пар абутку, відавочна, не патрэбныя ні на 7, ні на 14 дзён, ні нават на паўгода падарожжа.

Калі я толькі пачынала вандраваць, гэтак жа, як і многія, брала з сабой шмат рэчаў. Частку з іх так і не выкарыстала ў паездцы, а без некаторых лёгка абышлася б. З кожным разам склад маіх рэчаў ўсё больш набліжаецца да ідэальнага. І калі тыдзень таму была ў трохдзённай камандзіроўцы, калегі з цяжкімі чамаданамі здзіўляліся, як умудраюся вандраваць з адным заплечнікам (у які на зваротным шляху нават кілаграмовы торт змясціўся;-). І прасілі падзяліцца сакрэтамі.


Вялікіх сакрэтаў, насамрэч, няма. Проста штораз, калі збіраюся ў паездку, складаю спіс мерапрыемстваў, якія збіраюся наведаць і, адпаведна, спіс рэчаў, якія варта ўзяць з сабой. Потым задаю сабе пытанне: ці сапраўды я не змагу абысціся без усіх гэтых рэчаў? І апошні спіс скарачаецца напалову. Я бяру толькі жорсткі мінімум.

Ніжэй прывяду некалькі парад, якія дапамогуць і вам правільна сабраць заплечнік.

* Каб не вазіць лішняе, раскладзіце ўсе рэчы на канапе і падумайце пра кожную: чым замяніць, як паменшыць яе вагу і ці можна абысціся без яе наогул.

* Вазьміце зубную шчотку і зубную пасту ў маленькім цюбіку, шарыкавы дэзадарант. Мыла, шампунь і гель для душа, як правіла, ёсць у гасцініцах. Іх мяняюць штодзень. Калі з нейкай прычыны там гэтага не будзе, то можна купіць маленькі флакон на месцы і пакінуць яго пры вяртанні дадому. Парфумерыю ў вялікіх бутэльках — таксама выкладваем. Ручнік браць з сабой не трэба, у любым гатэлі, нават самым танным, яны ёсць. Што тычыцца дэкаратыўнай касметыкі, дык няхай ваша скура адпачне — яна гэта заслужыла.

* Вазіць з сабой фен? Пытанне вельмі спрэчнае, можаце загадзя ўдакладніць, ці ёсць ён у гатэлі, дзе вы будзеце спыняцца. На выпадак адсутнасці запасіцеся дарожным кампактным прыборчыкам.

* Бярыце толькі самую зручную і практычную вопратку і абутак. Паспрабуйце падабраць рэчы так, каб можна было іх надзець у любым спалучэнні. Я параіла б браць з сабой як мага менш вопраткі (гэта асабліва тычыцца дзяўчат).

* Калі казаць пра бялізну і шкарпэткі, то 2-3 пары дастаткова, бо іх можна памыць у ракавіне ў гасцініцы. На батарэях яны да ранку высахнуць.

* Камбінуйце рэчы пры ўкладванні заплечніка: кофтамі можна абгарнуць ноўтбук, шкарпэткі і дробныя рэчы ў пакетах засунуць у абутак. Так вы зможаце сэканоміць шмат месца.

* Загадзя паглядзіце прагноз надвор'я ў тым месцы, куды сабраліся ехаць, каб, калі трэба, прыхапіць цёплыя рэчы. Але нават калі перадаюць дождж, парасон вам не спатрэбіцца. Лепш узяць дажджавік, які зойме зусім мала месца.

* Калі вы, як і я, любіце чытаць у дарозе, але не з'яўляецеся аматарамі электронных кніг, то смела бярыце з сабой папяровую. А прачытаўшы, пакіньце ў транспарце. Такі спосаб буккросінгу распаўсюджаны сярод вандроўнікаў.

* Ноўтбук — рэч вельмі патрэбная любому падарожніку. Але трэба добра разумець, едзеце вы працаваць або адпачываць. У першым выпадку вам неабходны ноўтбук, а ў другім досыць смартфона (для куплі квіткоў па інтэрнэце, прагляду фільмаў і іншых непрадбачаных сітуацый). Добры тэлефон можа замяніць фотаапарат і відэакамеру. Гэта таксама немалаважна ў падарожжы.

Спадзяюся, што гэтыя простыя парады дапамогуць вам сэканоміць свой час. І галоўнае — не забывайцеся дакументы, грошы і пазітыўны настрой! Бо ад яго, і толькі ад яго залежаць вашы ўражанні і адчуванні падчас падарожжа. Адсутнасць любых рэчаў можна перанесці, але калі няма настрою і адкрытага сэрца — нават з поўным заплечнікам вы будзеце сустракаць адны толькі перашкоды і нязручнасці.

Плюсы ручной паклажы, калі вы леціце на самалёце

Гэта хутчэй — рэгістрацыя і атрыманне багажу не вельмі прыемныя і хуткія працэдуры і страчваць на іх свой час, які можна прысвяціць падарожжу або адпачынку пасля пералёту, мне не хочацца.

Гэта танней — багажныя зборы могуць падвоіць кошт авіябілета.

Гэта бяспечней — вашы рэчы не паляцяць у процілеглым ад вас напрамку, іх не ўпусціць нядбайны грузчык і ўжо дакладна ніхто не зможа ў іх пакапацца і нешта ўкрасці. Да таго ж чалавек з вялікім чамаданам прыцягвае ўвагу назойлівых таксістаў і дробных жулікаў больш, чым турыст з заплечнікам.

Юлія ДЗЕНІСЕНКА, г. Мінск

Загаловак у газеце: Насустрач прыгодам — са свабоднымі рукамі, або Як падарожнічаць з адным заплечнікам

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.  

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».