Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра тое, што самая тытулаваная біятланістка краіны Дар'я Домрачава прыступіла да трэніровак, пра чарговую перамогу гандбольнага БГК імя Мяшкова і «чорную» паласу хакейнага «Дынама».


1. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар'я Домрачава пачала трэніроўкі пасля чатырох тыдняў пасля нараджэння дзіцяці. Нагадаем, дачка Домрачавай і Б'ёрндалена — Ксенія з'явілася на свет 1 кастрычніка.

Пакуль Дар'я трэніруецца ў Раўбічах, пра гэта яна паведаміла на сваіх старонках у сацсетках. Адзначым, раней спартсменка ўжо заяўляла, што плануе прыйсці ў форму да чэмпіянату свету ў Хохфільцэне, які пачнецца 9 лютага 2017 года.


2. БГК імя Мяшкова ў рамках SEHA-лігі ў Брэсце абыграў «Гарэнне» з славенскага Веленье — 26:24.

Нагадаем, з 1 па 6 лістапада ў міжнародным гандбольным календары наступае паўза. У гэты час зборная Беларусі ў рамках кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы 2 лістапада прыме ў Мінску зборную Румыніі, а 6 лістапада ў Нішы згуляе з сербамі.


3. Завяршыліся ўсе матчы 27-га тура чэмпіянату краіны па футболе ў вышэйшай лізе. У Мінску «Крумкачы» з вялікім лікам саступілі БАТЭ — 0:3. «Нафтан» на сваім полі мінімальна перайграў брэсцкае «Дынама» — 1:0. «Граніт» саступіў «Віцебску» — 0:3, а мінскае «Дынама» перайграла «Белшыну» — 3:1. Гэта, дарэчы, ужо дзясятая перамога сталічнага клуба запар. Салігорскі «Шахцёр» перайграў гродзенскі «Нёман» — 1:0. У нядзелю «Мінск» у гасцях абыграў «Слуцк» — 1:0, а «Гарадзея» і «Іслач» згулялі ўнічыю — 0:0. «Тарпеда»-БелАЗ перайграў «Славію» — 2:0.


4. Хакеісты мінскага «Дынама» з вялікім лікам саступілі ў гасцях «Віцязю» — 6:9. Каманда Крэйга Вудкрафта пацярпела другое выязное паражэнне запар і дзясятае ў сезоне.

— Гэта быў вялікі матч для нас. Пасля гульні з «Лакаматывам» мы хацелі атрымаць станоўчы імпульс ад гэтай сустрэчы, хацелі паказаць добрую гульню на працягу ўсіх 60 хвілін сустрэчы. Ведалі, што матч будзе праходзіць у сілавым стылі. Мы выглядалі вельмі блякла ў першыя хвіліны. Нашай камандзе трэба зразумець, што мы не можам даваць саперніку перавагу і думаць, што ўсё завершыцца на нашу карысць. Калі ты хочаш перамагаць — трэба навучыцца гуляць у абароне. У апошні час у нас гэта не вельмі атрымліваецца, таму мы не можам дамагчыся неабходнага выніку, — сказаў пасля матча галоўны трэнер «Зуброў» Крэйг Вудкрафт.

Пасля 24 праведзеных гульняў, набраўшы 40 ачкоў, мінчане займаюць сёмае месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. Чарговы матч у Кантынентальнай хакейнай лізе «Дынама» правядзе сёння на выездзе з аднаклубнікамі з Рыгі.


5. Баскетбалісты «Цмокі-Мінск» пасля дзвюх перамог запар у Адзінай лізе ВТБ пацярпелі паражэнне ў Казані ад УНІКСа — 71:98.

Такім чынам, баскетбалісты «Цмокі-Мінск» у чатырох паядынках двойчы перамаглі і двойчы саступалі сапернікам. Набраўшы 6 ачкоў, падапечныя Ігара Грышчука займаюць 7-е месца сярод 12 удзельнікаў «банкаўскага» турніру. Свой наступны матч мінчане ў Адзінай лізе ВТБ правядуць 6 лістапада ў гасцях у рыжскага ВЭФа, які з трох гульняў перамог толькі ў адной.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: На шляху да вяртання

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.