Вы тут

Кампазітар Уладзімір Карызна: «Добрая музыка выхоўвае чалавека»


Аўтар больш як сотні песень, вядомы кампазітар Уладзімір Карызна ўжо амаль тры дзесяцігоддзі вучыць маладых людзей выканальніцкаму і сцэнічнаму майстэрству ў студыі «Салаўіная калыска». А яшчэ Уладзімір Уладзіміравіч — прадстаўнік знакамітай творчай дынастыі. Яго бацька, паэт Уладзімір Іванавіч — аўтар многіх выдатных твораў, у тым ліку слоў Дзяржаўнага гімна Беларусі. А сын Іван — славуты ва ўсім свеце віяланчэліст, выпускнік Парыжскай кансерваторыі і аспірантуры, лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў. Пра ўплыў песні на выхаванне асобы, важнасць падтрымкі таленавітых выканаўцаў і сакрэты напісання шлягера — наша гутарка з Уладзімірам Карызнам.


— Мы часам прыводзім нейкую класіфікацыю песень: народная, бардаўская, папулярная, прафесійная. Менавіта ў галіне напісання апошніх вы і працуеце шмат гадоў. Але калі акрэсліць дакладна, якім крытэрыям павінна адпавядаць песня, каб лічыцца прафесійнай?

— Тут не маецца на ўвазе прыналежнасць аўтараў да творчых саюзаў. Але кампазітар павінен ведаць ноты, інакш музыку пісаць немагчыма. Таксама на ўзроўні павінны быць і вершы, каб не было памылак у кожным радку. Бардаўская песня — гэта выдатна, але прафесійная стаіць на больш высокім узроўні, яе стварэнне патрабуе, каб аўтар ведаў асновы гармоніі, поліфаніі, валодаў прафесійнымі прыёмамі напісання музыкі. Кампазітар — чалавек, які ведае не толькі песенны жанр, ён ведае таксама і асновы класічнай музыкі — оперы, балета, сімфоніі. Я ўсё жыццё пішу песні, але вельмі люблю і харавую музыку, якая па сутнасці — таксама спеў і таксама будзіць душы людзей, але робіць гэта на зусім іншым узроўні. Я лічу, калі чалавек ходзіць на канцэрты класічнай музыкі, слухае хор, гэта яго ўзвышае. Ёсць нават такі прыклад: я неяк прачытаў, што ў Расіі сярод падлеткаў, якія знаходзяцца ў калоніях, няма ніводнага, хто скончыў музычную школу. Эстэтычнае выхаванне ўплывае і на паводзіны чалавека ў грамадстве.

— А якія ў вас любімыя паэты, на чые вершы песні пішуцца найлепш?

— Перш за ўсё — Максім Багдановіч. Маім першым сур'ёзным творам быў харавы цыкл на яго вершы. Гэта недасягальны паэт. Таксама вельмі люблю вершы Янкі Купалы. Але большасць маіх вакальна-харавых, песенных твораў напісана на вершы майго бацькі, Уладзіміра Карызны. Гэта чалавек, які вельмі дасканала адчувае слова, якое потым добра кладзецца на музыку. Бо не кожны верш можа стаць песняй, не кожная фраза, сказ кладуцца на музыку. Таксама вельмі люблю паэзію Сяргея Ясеніна, Аляксандра Пушкіна.

— Ёсць песні, якімі вы асабліва ганарыцеся?

— Я кажу так: нейкія больш удалыя, а нейкія — менш. А любімыя вызначыць цяжка. Вось атрымалася песня, і падаецца, што яна абавязкова павінна стаць шлягерам. Але час ідзе — а шлягерам твор не назавеш. І наадварот, песня, якой не ўдзяляеш асаблівай увагі, набывае неверагодную папулярнасць. Магу нават прыклад прывесці. На «Белую яблыню», якую цяпер выконвае Валянціна Альшанская, я не ўскладаў напачатку вялікіх надзей. А яна часта гучыць па радыё па заяўках слухачоў. Цяжка прадказаць дакладны лёс песні.

— Ад чаго залежыць, ці стане песня шлягерам? Ёсць сакрэт?

— Думаю, перадусім гэта залежыць ад таленту аўтара, яго прафесіяналізму. Таксама важную ролю адыгрывае выканаўца. Калі ён падыходзіць песні — гэта дае вялікі працэнт поспеху. Таксама не на апошнім месцы і папулярызацыя. Якая б добрая песня ні была — яна не набудзе папулярнасці, калі яе ніхто не чуе. Бывае, што яе трэба расслухаць, бо пры першым праслухоўванні твор не напоўніцу спрацоўвае. Прывяду класічны прыклад: калі ў савецкія часы яшчэ працавалі камісіі на радыё, якія вырашалі, што пойдзе ў эфір, то песню «Дзень Перамогі» Давіда Тухманава з першага разу не прынялі. А сёння — гэта проста класіка жанру!

— Калі пішаце песню, бачыце адразу чалавека, які будзе яе выконваць на сцэне?

— Часцей за ўсё так. Раней амаль на сто працэнтаў я адразу бачыў, хто будзе выконваць песню, для каго пішу. Тут таксама варта ўлічваць асаблівасці: у кожнага выканаўцы свой дыяпазон голасу, тэмбр. Цяпер працэнт «трапляння» зменшыўся, бо на эстрадзе вельмі мала асоб, якія маюць індывідуальны стыль выканання. Усё больш спевакоў паўтараюць адзін аднаго. Калі мы слухалі Яраслава Еўдакімава, Якава Навуменку, адразу разумелі, што гэта яны і ні з кім іх не маглі паблытаць. Цяпер часам слухаем маладых спевакоў і не можам зразумець, хто гэта.

— Як лічыце, у чым прычына?

— Думаю, што гэта ў пэўнай ступені павеў часу. Існуюць, канечне, самародкі, і я заўсёды кажу, што іх трэба адрозніваць ад масы і падтрымліваць. Ёсць добрая прымаўка: геніям трэба дапамагаць, бяздарнасці самі праб'юцца. Гэта асноўная задача, на вырашэнне якой часам не хапае ні часу, ні эфіру, ні сродкаў. Кампазітары кажуць: напішам у стол, прыйдзе час гэтай песні. Але так не бывае, дзяржаўная падтрымка неабходна сёння і зараз. Мастакам у гэтым сэнсе прасцей. Ён намаляваў карціну і можа яе прадаць. А хто будзе купляць партытуры? Гэта зусім іншая справа. Ёсць вядомыя радкі пра тое, што песня дапамагае будаваць і жыць, і гэта не проста словы. Песня сапраўды дапамагае жыць, нават у самыя цяжкія часы: калі ішла вайна, быў голад, разруха, яна падтрымлівала народ.

— На першы погляд падаецца, што мэтавая аўдыторыя прафесійнай песні — слухачы больш сталага ўзросту. Ці я памыляюся?

— Я лічу, што ёсць песні добрыя і кепскія. Толькі так. Няма дзіцячых, падлеткавых, дарослых. Канечне, сёння такія часы, калі маладзёжныя песні проста нецікавыя для больш сталых людзей, і, наадварот, старыя песні не прымаюцца моладдзю. Гэта таксама пытанне выхавання. Калі з дзіцячага садка, школы чалавек не будзе выхоўвацца на добрым узоры, то і не зразумее сапраўднай вартасці.

— Значыць, гэта пытанне не густу, а выхавання, і бацькам трэба перадусім выхоўваць уласны густ, а ўжо потым — перадаваць яго дзецям?

— Канечне. І многія бацькі гэта разумеюць, калі прыводзяць дзяцей у музычныя школы, аматарскія гурткі. І танец, і добрая песня чалавека выхоўваюць.

— Спадзяюся, што менавіта добрыя песні вы прапануеце чытачам «Звязды» для знаёмства ў межах рубрыкі «Песню бярыце з сабою», якую будзеце весці на нашых старонках. Мы сёння адраджаем гэты праект пасля невялікага перапынку. Раскажыце, калі ласка, якія песні будзеце прапаноўваць?

— Звернем увагу на класічную песню ў гістарычным ракурсе. Тут могуць быць прадстаўлены творы кампазітараў, якіх ужо даўно няма на гэтым свеце, але іх песні — жывыя. На жаль, маладое пакаленне не ведае гэтых выдатных твораў, яны не гучаць на радыё і тэлебачанні. Таму варта спачатку ўспомніць класікаў — Уладзіміра Алоўнікава, Юрыя Семяняку, многіх іншых. Магчыма, згадка пра іх у нашы дні прыцягне ўвагу маладых выканаўцаў і аранжыроўшчыкаў. Таксама варта ў межах рубрыкі звярнуцца і да сучаснай песні, паказаць яе разнастайнасць і сувязь з беларускімі традыцыямі. Дарэчы, сёння я прапаную для знаёмства сваю песню. Гэта твор «Белая яблыня», які мы ўжо згадалі. Спадзяюся на прыхільную сустрэчу.


«Белая яблыня»

Му­зы­ка Ула­дзі­мі­ра У. Ка­рыз­ны

Верш Ула­дзі­мі­ра І. Ка­рыз­ны

1. Гу­ляе шум­ная мя­це­лі­ца
Па зол­кіх сцеж­ках і шля­хах.
І сон­ца знік­ла, 
больш не све­ціц­ца,
Ні­бы сха­ва­ла­ся ў ярах.
Вяр­ба над рэч­каю 
мар­ко­ціц­ца,
Ус­па­мі­на­ю­чы вяс­ну.
І мне ў вяс­ну вяр­нуц­ца 
хо­чац­ца
Хоць на хві­лі­ну на ад­ну.
Пры­пеў: Бе­лая, бе­лая 
яб­лы­ня
Сніц­ца мне па на­чах,
Чыс­тай кра­сою пры­ваб­наю
Ноч­кай ста­іць у ва­чах.
Бе­лая, бе­лая яб­лы­ня
Зор­кай ста­іць у ва­чах,
Свет­лаю чыс­тай 
кра­сою пры­ваб­наю
Спаць не дае па на­чах.
2. Бы­ла вяс­на та­кая мі­лая,
Па­ра шчас­лі­вая бы­ла,
І ў сэр­ца пес­ня са­лаў­і­ная
Свят­лом на­ве­кі увай­шла.
Ды не ха­пі­ла 
шчас­цю не­ча­га,
Май ад­спя­ваў, 
ад­цвіў яз­мін.
Ня­ма на све­це 
шчас­ця веч­на­га,
Ёсць толь­кі веч­ны ус­па­мін!


Ад рэдакцыі: спадзяёмся, што рубрыка «Песню бярыце з сабою» не пакіне раўнадушнымі нашых чытачоў. Але і мы таксама будзем улічваць вашы пажаданні. Ужо працуе электронная скрыня реsnуа@zvіаzdа.bу, куды вы можаце дасылаць свае прапановы пра тое, з гісторыяй якіх песень вы хацелі б пазнаёміцца, якія словы і ноты — пабачыць у нашай рубрыцы. Пішыце нам!

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Здароўе

Як перажыць спякоту

Як перажыць спякоту

Дзевяць важных правіл.