Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра турнірнае становішча хакейнага сталічнага «Дынама», старт гандбольнага СКА ў кубку ЕГФ і поспех беларускіх спартсменаў на планетарных турнірах.


1. Павел Санковіч заваяваў чатыры медалі на 6-м этапе Кубка свету ў Досе (Катар). У актыве нашага плыўца «золата» на дыстанцыі 50 м на спіне (23,05 с — рэкорд Беларусі ў 25-метровых басейнах), «серабро» на 100 м на спіне (50,54 с) і дзве «бронзы» — на 100 м комплексным плаваннем (52,68 с) і на 100 м батэрфляем (50,98 с).

Адзначым, што на папярэднім этапе Кубка свету 4—5 кастрычніка ў Дубаі Павел Санковіч таксама заваяваў 4 медалі (1 золаты, 1 сярэбраны, 2 бронзавыя).


2. Алена Амялюсік у складзе велаклуба Canyon SRAM выйграла «серабро» чэмпіянату свету ў каманднай гонцы.

Яе каманда пераадолела 40 кіламетраў за 49 хвілін і 29 секунд. Першае месца заняў галандскі клуб Boels-Doelmans, трэцім фінішаваў швейцарскі Cervelo-Bіgla.

Каманда Sky з Васілём Кірыенкам у складзе заняла ў мужчынскай гонцы чацвёртае месца, клуб CCC Браніслава Самойлава размясціўся на 13-м радку пратакола.


3. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў трэцім туры Лігі чэмпіёнаў дома перамог нямецкі «Райн Левен».

Брастаўчане з першых хвілін захапілі ініцыятыву і стварылі перавагу ў некалькі мячоў, а да перапынку перавес гаспадароў дасягнуў ужо пяці ачкоў — 17:12.

Другая палова сустрэчы таксама прайшла пад кантролем падапечных Сяргея Бябешкі. Немцы скарацілі адрыў, але пераламаць ход сустрэчы не здолелі, 30:28 — перамога «мяшкоўцаў».

Тым часам гандбалісты мінскага СКА стартавалі ў розыгрышы Кубка ЕГФ супраць аўстрыйскага «Харда». У першым матчы другога кваліфікацыйнага раўнда яны прайгралі з лікам 25:28. У складзе СКА самым выніковым стаў Арцём Каралёк, які закінуў 8 мячоў, па 5 разоў вызначыліся Аляксей Шынкель і Аляксандр Падшывалаў.

Пуцёўку ў трэці раўнд кваліфікацыі каманды разыграюць у сустрэчы ў адказ, якая адбудзецца 16 кастрычніка на пляцоўцы мінскага палаца спорту «Уручча».

Нагадаем, у мінулым сезоне СКА двойчы ўпэўнена перагуляў аўстрыйцаў у 3-м кваліфікацыйным раўндзе — 33:23 (у гасцях) і 35:23 (дома).


4. Баскетбалісты «Цмокі-Мінск» стартавалі ў новым сезоне Адзінай лігі ВТБ. Чэмпіёны Беларусі прымалі на сваёй пляцоўцы аднаго з галоўных фаварытаў гэтага турніру «Зеніт» з Санкт-Пецярбурга і саступілі з лікам 58:71.

Свае наступныя паядынкі падапечныя Ігара Грышчука таксама правядуць у Мінску — 16 кастрычніка супраць саратаўскага «Аўтадора», 23 кастрычніка з «Калевам» з Таліна.


5. Хакейнае мінскае «Дынама» працягвае радаваць балельшчыкаў добрай гульнёй. У хатнім паядынку мінскія «зубры» перайгралі маскоўскіх аднаклубнікаў 2:0. На 4-й хвіліне Аляксандр Мацярухін першы раз трапіў у вароты гасцей, а пазней вызначыўся Андрэй Сцяпанаў.

Пасля 15 праведзеных сустрэч мінскае «Дынама» мае ў сваім актыве 32 ачкі і займае 4-е месца ў Заходняй канферэнцыі чэмпіянату КХЛ. Цяпер у каманды Крэйга Вудкрафта цяжкая выязная серыя: 13 кастрычніка гульня ў Маскве з ЦСКА, 15 кастрычніка — у Чарапаўцы супраць «Поўначсталі», 17 кастрычніка — у гасцях у хакеістаў «Сочы». Наступны паядынак на лёдзе «Мінск-Арэны» «зубры» правядуць 19 кастрычніка супраць маскоўскага «Спартака».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Упэўнены ход «зуброў»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.