Вы тут

«Белпошта» вызначыла найлепшых работнікаў


Ужо 20-ы раз прайшоў рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства сярод работнікаў прадпрыемства «Белпошта». Сёлета за званне самых лепшых змагаліся начальнікі і намеснікі начальнікаў аб'ектаў паштовай сувязі. Усяго 7 камандаў — прадстаўнікі кожнай з абласцей і сталіцы. Мы асабіста паназіралі за тым, як разгарнуліся сапраўдныя баталіі ў жартоўнай форме.


Як толькі мы апынуліся на тэрыторыі базы адпачынку «Дружба», падведамнай прадпрыемству «Белпошта», у галаве адразу стаў неназойліва гучаць матыў песні «Распляскалася сінізна, распляскалася...». І не, там не праходзіла сустрэча дэсантнікаў, справа была ў багацці касцюмаў розных адценняў гэтага колеру: ад валошкавага да ўльтрамарынавага. Як аказалася, касцюм каманды, выкананы ў фірменным колеры беларускай паштовай службы — сінім, таксама ацэньваецца журы. І каманды сапраўды пастараліся, што не дзіўна, бо пераважная большасць канкурсантаў — прадстаўніцы прыгожага полу: на 41 даму ўсяго адзін малады чалавек.

Хоць конкурс і носіць назву «прафесіянальнага майстэрства», аднак, каб заявіць пра сябе, толькі добра спраўляцца са сваёй працай недастаткова. Мерапрыемства накіравана як на павышэнне ўзроўню майстэрства, так і на раскрыццё творчага патэнцыялу. Таму конкурс падзелены на некалькі этапаў: першы дзень — прадстаўленне камандаў і мініяцюра-выступ з хатнім заданнем, другі — больш сур'ёзныя выпрабаванні: тэарэтычны і практычны экзамен. Сёлета конкурс прысвечаны не толькі Сусветнаму дню пошты, але і Году культуры ў Рэспубліцы Беларусь. Адной з умоў удзелу каманды было стварэнне тэматычнай малой архітэктурнай формы.

Як прызналіся ўдзельніцы самай маладой па складзе каманды ад вытворчасці «Мінская пошта», найбольш хвалюючым для іх быў творчы этап, бо са сваёй працай ім даводзіцца сутыкацца кожны дзень, таму ў сваіх сілах яны ўпэўнены, а вось акцёрскі талент паказаць шырокай публіцы многім давялося ўпершыню. Як адзначыла намеснік начальніка вытворчасці па эксплуатацыі вытворчасці «Мінская пошта» Алена ПРАКАПЕНЯ, рыхтавацца да конкурсу пачалі яшчэ ў чэрвені, калі скончыліся адборачныя этапы. Нумары ад пачатку і да канца прыдумлялі самі, прыслухоўваючыся да ідэй кожнай. Таму, нягледзячы на ўсю дружалюбнасць атмасферы, хочацца, каб намаганні былі адзначаны.

«Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць» — дэвіз беларускай паштовай службы, які арыгінальна абыгрывала ў візітоўцы кожная з камандаў. Каманда Брэсцкай вобласці параўнала прадпрыемства з алімпійскім рухам, прадстаўніцы паўночнага рэгіёна зладзілі ўрачысты парад, гамяльчанкі пакарылі гледачоў запальнымі танцамі, каманда з Гродзенскай вобласці прадставіла казку, з Мінскай — песню, Магілёўскі рэгіён «паваражыў» на светлую будучыню, а сталічная каманда, скарыстаўшыся наяўнасцю ў сваіх шэрагах адзінага прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва, зрабіла акцэнт на лірыцы. Гледзячы на гэты маляўнічы канцэрт, цяжка было паверыць, што выступаюць заўсёды такія сур'ёзныя і паважныя работнікі паштовай службы, здавалася, што гэта «капуснік» прафесійных КВЗшнікаў.

Дарэчы

Паміж этапамі адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленага спартыўнага комплексу базы адпачынку «Дружба». Наведвальнікі цяпер змогуць у сваё задавальненне пагуляць у міні-футбол, валейбол, стрытбол, вялікі тэніс, а таксама пазаймацца на воркаут-трэнажорах. І да гэтага на тэрыторыі базы адпачынку дзейнічалі саўна, басейн, трэнажорная зала, быў більярдны і тэнісны сталы, можна было ўзяць спартыўны інвентар напракат. Для тых, хто аддае перавагу больш спакойным варыянтам вольнага часу, ёсць бясплатны WІ-FІ, камп'ютарны клас, кіназала, настольныя гульні.

«Разагрэўшыся» падчас візітоўкі, каманды перайшлі да наступнай часткі спаборніцтваў — прадстаўлення хатняга задання, падчас якога трэба было расказаць усю гісторыю прадпрыемства «Белпошта», якое, дарэчы, было створана 21 год таму. І зноў — казкі, вершы і песні. А чаму не? Можна сабе дазволіць павесяліцца перад сур'ёзнымі этапамі. На наступны дзень каманды чакалі тэарэтычныя выпрабаванні: трэба было выцягнуць білет, у якім 5 пытанняў, і максімальна дакладна і падрабязна адказаць на кожнае з іх, а таксама адбылася праверка прафесійных навыкаў. Трэба было прадэманстраваць добры ўзровень выканання штодзённых абавязкаў.

Як адзначыла першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Алена СКРЫПЧЫК, за ўвесь час існавання конкурсу ў ім узялі ўдзел больш за 800 чалавек, для многіх гэта быў старт для хуткага кар'ернага росту. А некаторыя паслугі, напрыклад «Паштовы кур'ер», нават былі прэзентаваны ў ходзе аднаго з конкурсаў. Прадпрыемства «Белпошта» імкліва развіваецца і аказвае больш за 50 відаў паслуг. Прадпрыемства мадэрнізуецца, аднак яго крэда застаецца ранейшым — «Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць».

Вынікі:

Найлепшы начальнік гарадскога аддзялення паштовай сувязі:

1-е месца, а таксама званне «Найлепшы знаўца паштовай справы» і «Найлепшы майстар паштовай справы» — Вікторыя Акулава, начальнік АСС «Віцебск-2» Віцебскага АЦПС.

2-е месца — Алена Навумік, начальнік АСС «Баранавічы-6» Брэсцкага філіяла.

3-е месца — Анастасія Арэхава, начальнік АСС «Мінск-140» вытворчасці «Мінская пошта».

Найлепшы начальнік сельскага аддзялення паштовай сувязі:

1-е месца — Вольга Валынец, начальнік АСС «Ветрына» Полацкага РУПС Віцебскага філіяла.

2-е месца, а таксама званне «Найлепшы знаўца паштовай справы» — Наталля Марціновіч, АСС «Ганцавічы» Барысаўскага РУПС Мінскага філіяла.

3-е месца, а таксама званне «Найлепшы майстар паштовай справы» — Святлана Багдановіч, начальнік АСС «Козенкі» Мазырскага РУПС Гомельскага філіяла.

Агульнакамандны залік:

1-е месца — каманда Віцебскага філіяла.

2-е месца, а таксама грамата «За самы лепшы дызайн фірменнага касцюма РУП «Белпошта» — каманда Мінскага філіяла.

3-е месца — каманда Брэсцкага філіяла.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Белпошта» вызначыла найлепшых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».