Вы тут

У Рагачоўскім раёне знайшлі манеты 1731—1751 гадоў


Дзякуючы падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства многія вуліцы Рагачова змяніліся да непазнавальнасці. Новы асфальт, тратуарная плітка і нават свежапасаджаныя трава і кветкі надалі гораду яшчэ больш дагледжанасці і прывабнасці. Што цікава, падчас такіх работ былі зроблены адметныя археалагічныя знаходкі.


Як расказаў карэспандэнту «Звязды» супрацоўнік музея народнай славы Рагачова Аляксандр Рыкуноў, двое рабочых (якія тынкавалі адну з залаў музея), ідучы на работу, убачылі ў кучы смецця цікавы прадмет — і вырашылі прынесці яго спецыялістам. Аказалася, гэта сапраўды каштоўная рэч — старажытны наканечнік кап'я (куза). Яго калісьці насаджвалі на рагаціну і з такой прыладай хадзілі паляваць на мядзведзя. Выкарыстоўвалі яе і ў вайсковых мэтах, напрыклад у рускай арміі аж да канца XVІІІ стагоддзя. Цяпер новая знаходка папоўніла археалагічную экспазіцыю музея.

«Думаю, падчас работ па добраўпарадкаванні горада шмат што «вылезла» з зямлі, — адзначае Аляксандр Рыкуноў. — У наступныя месяцы пра ўсё гэта з'явіцца інфармацыя. Дакладна ведаю, што знайшлі старую гірку, аднак яна пакуль на руках. Буду спрабаваць весці перамовы, каб яна трапіла ў музейныя фонды».

Спецыяліст адзначае, што нядаўна ў вёсцы Гадзілавічы Рагачоўскага раёна знайшлі старажытныя манеты — 11 грошаў і 2 палушкі 1731—1751 гадоў (на фота). Таксама адшукалі кашалёк (побач з ім ляжала засцежка) і пярсцёнак, але камень з яго вываліўся. Усё гэта таксама стала экспанатамі музея. Аляксандр Рыкуноў адзначае, што нядаўна знойдзены і вельмі прыгожы пазалочаны царскі гузік, які папоўніў яго асабістую калекцыю гузікаў. Аднак, па словах археолага, многія свае калекцыі ён з часам перадае ў музей народнай славы. Верагодна, тое ж адбудзецца і з гузікамі, іх змогуць убачыць усе ахвотныя.

Яшчэ адна сімпатычная нядаўняя знаходка — бутэлечка ад воцату, зробленая да рэвалюцыі. У свой час іх вылівалі адметнай трохвугольнай формы — каб знешне адрознівалася ад іншых ёмістасцяў і хтосьці выпадкова не выпіў з яе.

Крыху менш за год таму была знойдзена па-сапраўднаму сенсацыйная рэч, таксама выпадкова. На беразе Дняпра мясцовыя ўбачылі рэшткі гаршка і проста выкінулі іх далей ад вады. Аднак іншая жыхарка праявіла большую пільнасць — сабрала іх і прынесла ў музей. Пасля даследавання спецыяліста з Мінска высветлілася, што гэта, верагодней за ўсё, гаршчок сярэднястогаўскай культуры, якая існавала ў Запарожжы 5 тысяч гадоў таму. Асабліва цікава, як трапіў ён на Рагачоўшчыну?.. Магчыма, тамтэйшыя жыхары па рацэ даставілі яго сюды. Даклад пра гэта даследаванне ўжо выклікаў сапраўдны фурор на навуковай канферэнцыі ў Польшчы. У нас інфармацыя пра тое адкрыццё пакуль шырока не разгалошвалася.

Сёлета прафесійная археалагічная экспедыцыя даследавала самую старую стаянку Рагачоўшчыны — Збароў-2, часоў фінальнага палеаліту. Там знайшлі крамянёвую зброю і кераміку, якой 14 тысяч гадоў. У свой час вельмі маштабныя археалагічныя раскопкі на Рагачоўшчыне праводзілі супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — легендарны Валянцін Рабцэвіч (якога ўжо няма ў жывых) і Эдуард Загарульскі. Па выніках сваёй працы яны апублікавалі падрабязнае даследаванне Вішчынскага замка, што ў Рагачоўскім раёне. А вось інфармацыя пра шматгадовыя раскопкі Замкавай гары ў самім горадзе свет пакуль так і не пабачыла...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

Рагачоўскі раён

Загаловак у газеце: Пільнасць ці выпадковасць?

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.