Вы тут

Праца, дзякуючы якой складваецца станоўчы вобраз сталіцы


Гэтае прадпрыемства з'яўляецца найбуйнейшай у рэспубліцы структурай, якая займаецца азеляненнем і добраўпарадкаваннем тэрыторый. І займаецца паспяхова: чысціня і дагледжанасць горада — адна з візітных картак сталіцы. Што ўваходзіць у штодзённыя абавязкі рабочых «Мінскзелянбуда», чым іх прываблівае гэтая праца і якія каментарыі яны часцей за ўсё чуюць, мы даведаліся, на дзень стаўшы часткай адной з брыгад.


У той час, калі большасць жыхароў сталіцы нетаропка вылазіць са сваіх цёплых ложкаў, работнікі «Мінскзелянбуда» ўжо бяруцца за работу. У 7 гадзін раніцы — агульны сход з майстрам, падчас якога ўсе атрымліваюць заданні на першую палову дня. Аднак пачынаецца праца заўсёды з аднаго і таго ж — прыборкі. Гледзячы на акуратныя скверы і чыстыя паркі, цяжка паверыць, што зранку яны больш нагадваюць сметнікі. Раскіданыя па ўсёй тэрыторыі недакуркі, пустыя бутэлькі, пакеты, фанцікі, часам — выламаныя лаўкі і разбітыя скрыні для смецця. Як толькі надыходзіць ноч, на горад нібы апускаецца разбуральная сіла.

Вось і сёння Міхайлаўскі сквер, які знаходзіцца недалёка ад вакзала, практычна не пазнаць: нязвыклае для вока смецце адразу пазбаўляе яго чароўнасці. Упраўленне «Цэнтр», да якога адносіцца і наша брыгада, ахоплівае «стратэгічна важную» тэрыторыю: дзве галоўныя магістралі горада — праспект Пераможцаў і праспект Незалежнасці, плошчу Незалежнасці, вакзал, а таксама скверы па вуліцы Бабруйскай, Міхайлаўскі і Сяндайскі і іншыя мясціны ў цэнтры горада. Праз значнасць аб'ектаў якасць работы старанна кантралююць, таму і адказнасць на тых, хто працуе менавіта тут, значна вышэйшая — не схалтурыш.

Валянціну Більдзюк можна смела залічыць да старажылаў — на прадпрыемстве яна ўжо 20 гадоў. Да гэтага столькі ж працавала на фабрыцы, але ў цяжкія 90-я гады, як і ў многіх, работы ў яе не стала. Валянціна прызнаецца, што пераходзіць было страшна, больш за ўсё палохала праца на вуліцы. «Я першы час, як толькі здалёк убачу каго-небудзь са знаёмых, адразу хавалася. Было сорамна, што смецце збіраю. Але потым, вядома, прывыкла і цяпер нічога ганебнага ў гэтым занятку не бачу», — з усмешкай успамінае жанчына.

Звычайна за кожным работнікам замацаваны адзін нейкі ўчастак для прыбірання, напрыклад, усё той жа Міхайлаўскі сквер Валянціна ў адзіночку паспявае прыбраць да абеду, а часам і хутчэй. Калі недзе вялікі аб'ём працы ці парадак трэба навесці тэрмінова, выходзяць усёй брыгадай. Разам з Валянцінай паступова абыходзім тэрыторыю сквера. Пачынаем з ачысткі сметнікаў. У мэтах бяспекі аб'ём смецця ў іх і ў кантэйнерах не павінен перавышаць адной траціны, але пасля ночы яны ўсе перапоўненыя. Пасля гэтага трэба хутка сабраць паперкі з газонаў і падмесці дарожкі, каб да з'яўлення першых візіцёраў сквер вярнуў сваё звыклае аблічча.

«Гэта тая праца, якая ніколі не заканчваецца», — заўважае жанчына. Людзям недасведчаным можа здацца, што ёсць сезоны, калі дзейнасць практычна замірае. Гэта, вядома, ілюзія. Прыбіранне — працэс бесперапынны круглы год: акрамя таго, улетку, напрыклад, трэба палоць расліны, ачышчаць клумбы ад ужо аджылых кветак, падсаджваць новыя, рыхліць зямлю, касіць і прыбіраць траву, зграбаць і вывозіць сухое лісце, якое рана апала, абразаць дрэвы і кустоўе, у спякоту — паліваць кветкі. «Паспяваць паліць кветкі трэба да 11 гадзін, а калі невыносная спякота, як нядоўгі перыяд гэтым летам, і да 9 раніцы. Наогул, каб працаваць у нас, трэба шмат чаго ведаць і ўмець. Калі я ўладкоўвалася, майстар мяне папярэдзіў: будзе цяжка. На што я адказала, што родам з вёскі, значыць, спраўлюся. І справілася!» — распавядае жанчына.

Апроч працы, звязанай з раслінамі, жанчына яшчэ займаецца сваім дачным участкам — гэта яе аддушына. «Я з дзяцінства вельмі люблю кветкі, калупалася б і калупалася — ніколі не надакучае імі займацца (Валянціна гатова гаварыць пра кветкі амаль бясконца). 8 гадоў таму ў мяне памёр муж, дачка пераехала ў Канаду, таму, каб не сядзець адной у горадзе, як толькі выдаюцца выхадныя — я адразу ж еду на дачу, — расказвае Валянціна. — Я ўжо тры гады на пенсіі. Усё крычала раней, што і дня лішняга не прапрацую, а як прыйшоў час, проста не змагла пайсці. Цяпер мне падоўжылі кантракт да 2019 года, застануся, пакуль будуць сілы».

Валянціна за працай, а я за размовамі не заўважаем, як надыходзіць час абеду — 11 гадзін. Ядуць звычайна ў капцёрцы — прыносяць з дому «ссабойкі», тут ёсць і невялікі халадзільнік, і мікрахвалевая печ, і чайнік. Але атрымаць асалоду ад паўнавартаснага адпачынку (разагнутай нарэшце спіны) не атрымліваецца — абед доўжыцца ўсяго 48 хвілін. Такім чынам эканоміцца час на тое, каб у пятніцу працоўны дзень быў на гадзіну карацейшы.

Пасля невялікай перадышкі — зноў на ўчастак: каму адводзяць новы «фронт работ», хто вяртаецца да старой. Мы з Валянцінай зноў адпраўляемся ў Міхайлаўскі сквер, каб навесці парадак на клумбах.

На пытанне аб тым, у якую пару года больш за ўсё падабаецца працаваць, падумаўшы, жанчына адказвае, што вясной. «Спачатку мы чысцім зямлю ад солі (калі яе не прыбраць, на газонах утвараюцца пралысіны). З-пад снегу з'яўляюцца горы смецця. Але гэта перакрываюць прыемныя моманты — высадка новых кветак, кустоў і дрэў», — расказвае Валянціна.

Жанчына ўспамінае, што пакуль працавала на фабрыцы, усё хварэла на горла. Як толькі выйшла на вуліцу, бясконцая чарада захворванняў спынілася. Таму тое, што праца на свежым паветры, адносіць да аднаго з галоўных плюсаў. Дарэчы, у гэтым з ёй салідарныя і іншыя члены брыгады: усё ж лепш, чым сядзець у душным офісе. А як жа зімой?

«Да ўсяго прывыкаеш, што тут яшчэ можна сказаць. Нам выдаюць спецыяльную форму — цёплую вопратку, у якой і ў Сібіры за свайго сыдзеш, — жартуе Валянціна. — Для дажджу — непрамакальныя плашчы. Мы ж працуем з нармальнымі людзьмі, у лівень ці 35-градусны мароз ніхто на 8 гадзін на вуліцу выганяць не будзе. Наогул за 20 гадоў сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Памятаю перыяд, калі вопратку трэба было прыносіць з дому, а цяпер усё для людзей. Ды і сам горад стаў лепшы, ярчэйшы — з кожным годам усё больш разнастайных кветак, цікавых кампазіцый з іх».

Пакуль мы гутарым, жанчына паспявае прывесці ў ідэальны парадак і без таго дагледжаную клумбу. Яна вырывае пустазелле, якое толькі пачынае прабівацца, і тлумачыць, што зямлю для таго, каб яна дыхала, абавязкова трэба рыхліць. У хуткім часе пасля таго, як мы пераходзім да наступнай клумбы, залюбаваўшыся на кветкі, да нас падыходзіць маладая жанчына з дачкой: «А дзе вы іх набываеце? Я таксама хачу такія. Выглядае цудоўна! Якая вы малайчына. Шчыры дзякуй».

Валянціна расплываецца ва ўсмешцы і ў адказ некалькі разоў дзякуе неабыякавай жанчыне.

«Прыемныя словы даводзіцца чуць даволі часта. Бывае, прыбіраеш смецце, хто-небудзь падыдзе і скажа: «Дзякуй, што так чыста!» І адразу настрой добры на ўвесь дзень. А вось да тых, хто смеціць на тваіх вачах, лепш не звяртацца: наўрад ці пачуеш што-небудзь прыемнае, могуць і дэманстратыўна яшчэ што-небудзь кінуць, маўляў, прыбірай — гэта ж твая праца».

Завяршаем працоўны дзень зграбаннем лісця. Нягледзячы на тое, што яшчэ толькі канец лета, нападала іх і на газоны, і на дарожкі вельмі шмат.

«Аблягчае працу тое, што кожны дзень, а ўжо тым больш сезон, змяняюцца заняткі (акрамя прыбірання), таму яна і не надакучае. Зарплата, на мой погляд, добрая — 450—500 рублёў. У ЖЭСах робяць практычна тое ж самае, а атрымліваюць ў два разы менш. Я адсюль ні за што б нікуды не перайшла», — падводзіць вынік Валянціна.

На гадзінніку — без пятнаццаці чатыры. Брыгада паціху заканчвае працу і збірае інвентар. «Я зараз на пошту пайду. Купіла старэйшаму ўнуку паштоўку на дзень нараджэння — яму 11 гадоў. Буду адпраўляць у Канаду», — з гонарам гаворыць жанчына, якая не бачыла сваю сям'ю амаль 9 гадоў.

Душэўна развітаўшыся з брыгадай, адпраўляемся да кіраўніка службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі «Мінскзелянбуда» Анжалікі ПУЗАНКОВАЙ.

«У нас занята толькі 60% працоўных месцаў. Людзі хочуць простай работы і высокай зарплаты, асабліва моладзь, а так не бывае. Папрацуюць 1-2 месяцы і звальняюцца — цяжка. Таму ў нас у асноўным людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту, пераважна жанчыны. Мужчын на лета збіраем у асобныя брыгады касцоў.

Каб прыцягнуць увагу да гэтай прафесіі, мы штогод праводзім конкурс «Рабочы зялёнага будаўніцтва». Першы этап тэарэтычны: удзельнікі цягнуць білеты і адказваюць на каверзныя пытанні. Другі — практычны: трэба эфектна аформіць пляцоўку памерам два на два метры. Конкурс праходзіць у Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага, таму збірае мноства гледачоў. Кожны раз пасля яго ў нас назіраецца «ўсплёск» ахвотнікаў уладкавацца на працу.

Аб'ём работы сапраўды вельмі вялікі. Часам даводзіцца працаваць у некалькі змен і нават без выхадных. Напрыклад, калі ў 2014 годзе ў сталіцы праходзіў чэмпіянат свету па хакеі, мы наводзілі парадак у горадзе кругласутачна. У наступныя выхадныя — Дзень горада, да якога мы цяпер вядзём актыўную падрыхтоўку. Працаваць будзем, пачынаючы з 5-й гадзіны раніцы ў 3 змены. Наша задача ў тым, каб дзякуючы вынікам нашай, часта нябачнай, працы, складваўся станоўчы вобраз сталіцы і дзяржавы ў цэлым».

Дар'я Каско

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Правесці адзін дзень з работнікамі «Мінскзелянбуд»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.