Вы тут

"У сферу адукацыі павінны прыйсці піяр-тэхналогіі"


Кіраўнік сталічнай сістэмы адукацыі - пра інклюзію, партфоліа і выхаванне бацькоў.

Штогод у сістэму адукацыі сталіцы ўліваюцца ад 500 да 700 маладых спецыялістаў. Але праблема іх замацавання на першым працоўным месце па-ранейшаму актуальная. Няхай яна і не стаіць так востра, як яшчэ тры-чатыры гады таму, тым не менш далёка не ўсе выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў звязваюць сваю будучыню са школай. Некаторыя атрымліваюць вышэйшую адукацыю па іншым профілі. Нехта спрабуе пасля заканчэння адпрацоўкі па размеркаванні самарэалізавацца ў тых сферах, дзе плацяць больш, дзе працоўны дзень строга рэгламентаваны, а выхадныя дні можна прысвяціць уласнай сям'і...

Узнімалася кадравая праблема і на жнівеньскім педагагічным форуме «Сталічная адукацыя. Стратэгіі развіцця», які сабраў больш як 500 удзельнікаў.


Каледж і педагагічныя класы

— Мы лічым настаўніка носьбітам ведаў і духоўных каштоўнасцяў, але давайце прызнаемся: сёння ў школу прыходзіць зусім іншае пакаленне педагогаў, і некаторых з іх даводзіцца вучыць прафесійным ідэалам і адказнасці за тое, з чым яны ідуць у клас да дзяцей, — падзяліўся сваімі думкамі з удзельнікамі форуму старшыня Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл МІРОНЧЫК. — Мне здаецца, што не ўсе пытанні патрабуюць фінансавых уліванняў. Кожны педагог свамі асобаснымі і прафесійнымі якасцямі фарміруе і свой аўтарытэт, і стаўленне грамадства. Наша задача яму ў гэтым дапамагчы, а для гэтага ў сферу адукацыі павінны прыйсці піяр-тэхналогіі і тэхналогіі праектаваня іміджу, якія спрацуюць на павышэнне статусу педагога.

З трывожных тэндэнцый Міхаіл Мірончык адзначыў зніжэнне актыўнасці педагогаў у пытаннях павышэння кваліфікацыйнай катэгорыі: «Нежаданне прайсці працэдуру атэстацыі азначае, што педагог не ўпэўнены ў сабе, што ў яго заніжана самаацэнка. Значыць, і ва ўстанове адукацыі не створаны ўмовы для дэманстрацыі педагогамі свайго творчага патэнцыялу. Многімі кіраўнікамі недаацэньваецца атэстацыя як адзін з рычагоў павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў, а значыць і ўзроўню іх заробкаў».

Летам бягучага года ў сталіцы адкрыўся Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж, дзе будуць рыхтаваць выхавальнікаў для дашкольных устаноў і настаўнікаў пачатковых класаў — гэта два самыя балючыя месцы ў кадравым забеспячэнні. На пачатак жніўня, да прыходу маладых спецыялістаў, у мінскіх садках было каля 300 вакансій... «Мы лічым адкрыццё гарадскога педагагічнага каледжа, а таксама 16 класаў і 14 педагагічных груп у старшай школе, сваёй маленькай кіраўніцкай перамогай», — падкрэсліў Міхаіл Мірончык.

Аптымізацыя без наступстваў

У Мінску да 2020 года плануецца пабудаваць 10 школ і 14 дзіцячых садкаў. Сёння ў сталіцы будуецца 1 школа і 4 дзіцячыя садзікі. Разам з тым праблема забяспечанасці месцамі ў дашкольных установах горада застаецца, канстатаваў кіраўнік камітэта. Асабліва актуальнае гэта пытанне для Фрунзенскага раёна сталіцы, дзе запаўняльнасць дзіцячых садоў дасягае 147%, Першамайскага (132%) і Савецкага (130%) раёнаў.

Увядзенне ў строй кожнага новага садка — важная падзея для горада і мікрараёна. Але садкі будуюцца па праектах 20-гадовай даўнасці. Вялікія светлыя будынкі, велізарныя холы, медыцынскія блокі, асобныя спартыўныя, танцавальныя залы і камп'ютарныя класы, а праектная магутнасць — усяго 230 дзяцей. «Магчыма, з улікам эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыі трэба ўносіць у праекты нейкія карэкціроўкі. Трэба больш рацыянальна падыходзіць да размеркавання плошчаў, павінна быць прадугледжана магчымасць іх трансфармавання ў залежнасці ад задач, каб можна было дадаткова адкрыць яшчэ адну-дзве групы, але праекціроўшчыкі нас, на жаль, не пачулі, — падкрэсліў Міхаіл Мірончык. — Усё гэта ў той жа ступені тычыцца і будынкаў школ».

Між іншым, капітальны рамонт і рэканструкцыя патрабуюцца ў сталіцы кожнай пятай дашкольнай установе і кожнай чацвёртай школе і ўстанове дадатковай адукацыі. Зразумела, што стварыць у іх сучасную адукацыйную інфраструктуру вельмі няпроста.

У апошнія гады Камітэт па адукацыі паслядоўна працуе над аптымізацыяй сеткі ўстаноў адукацыі ў сталіцы.

— Трэба пралічваць не толькі эканамічны эфект, але і аддаленыя наступствы такіх крокаў, — упэўнены Міхаіл Мірончык. — Кожнае рашэнне, звязанае з закрыццём установы адукацыі, павінна быць добра прадуманым і праводзіцца ў адпаведнасці з генеральным планам забудовы Мінска, каб кіраўніцкія памылкі не прывялі да новых праблем у забеспячэнні даступнасці адукацыі, асабліва ў месцах кропкавай забудовы.

Што тычыцца сеткі ўстаноў дадатковай адукацыі, то для яе найбольш актуальнай з'яўляецца не колькасная, а змястоўная аптымізацыя. На гэты момант у сталіцы дзейнічаюць 6120 аб'яднанняў па інтарэсах, але інтарэсы дзяцей і іх бацькоў пастаянна змяняюцца, і гэта таксама трэба ўлічваць.

Хачу ці магу?

У новым навучальным годзе ў сталіцы плануецца адкрыць 228 профільных класаў.

Па словах кіраўніка Камітэта па адукацыі, мінулы навучальны год можна назваць годам упэўненага станаўлення ў сталіцы профільнага навучання — у Мінску дзейнічала 200 профільных класаў, а годам раней — толькі 80. Адукацыйны працэс быў забяспечаны кадравымі і матэрыяльнымі рэсурсамі. 96% настаўнікаў, якія працуюць у такіх класах, мелі вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

У арганізацыйным плане ў школах сталіцы ўлічылі памылкі і недапрацоўкі папярэдняга года, аказалі сур'ёзную метадычную падтрымку настаўнікам, якасна ўзбагацілі навучальны працэс новымі формамі і тэхналогіямі. У рамках адзінай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы сталі выкарыстоўваць такія формы арганізацыі навучання школьнікаў, як дыстанцыйныя ўрокі і лекцыі, завочная школа, курсы інтэнсіўнага навучання. У змястоўным плане пашырылі для навучэнцаў магчымасці выбару профілю навучання.

Далейшыя намаганні будуць сканцэнтраваны на некалькіх напрамках — арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі, фарміраванні ў вучняў усвядомленай матывацыі, супрацоўніцтве з ВНУ і ўстановамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. «Трэба фарміраваць у выпускнікоў і іх бацькоў адказнасць за зроблены прафесійны выбар, які цягне сур'ёзныя сацыяльныя наступствы і эканамічныя страты. Пакуль у прафесійным самавызначэнні з крытэрыяў «хачу», «магу», «трэба» дамінуе першы і практычна не працуе апошні. Нам, са свайго боку, трэба ўзмацняць педагагічнае суправаджэнне старшакласнікаў на этапе выбару прафесіі», — дадаў Міхаіл Мірончык

Разам з тым кіраўнік Камітэта па адукацыі папярэдзіў: не трэба блытаць сістэму па развіцці адораных дзяцей з профільным навучаннем і тым больш ацэньваць якасць працы ў профільных класах па колькасці алімпіяднікаў. Ацэньваць трэба па колькасці выпускнікоў, якія звязалі сваю будучыню ў адпаведнасці з профілем, па якім яны навучаліся.

Цьютары для адораных

Міхаіл Мірончык пералічыў напрамкі далейшага развіцця працы з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі ў сталіцы: гэта мэтанакіраваны адбор настаўнікаў, патэнцыйна гатовых да працы з адоранымі дзецьмі, абнаўленне зместу метадычнай работы з імі, а таксама стварэнне з іх ліку нефармальнай прафесійнай супольнасці.

— За кожным школьнікам, які заявіў пра сябе на алімпіядах або конкурсах і матываваны да далейшага ўдзелу ў індывідуальных спаборніцтвах, неабходна замацаваць персанальнага цьютара, — падкрэсліў кіраўнік Камітэта па адукацыі. — Мы неаднойчы казалі з высокай трыбуны, што нашы таленавітыя дзеці пасля заканчэння школы альбо раствараюцца на прасторах блізкага ці далёкага замежжа, альбо застаюцца незаўважанымі ў агульнай масе студэнтаў ВНУ. І на гэтым індывідуальная праграма з адоранымі вучнем заканчваецца. Для ажыццяўлення пераемнасці з ВНУ трэба больш шырока выкарыстоўваць тэхналогію партфоліа. ВНУ павінны ведаць, што да іх прыйшлі высокаматываваныя маладыя людзі, эліта, якая можа стварыць аснову прасунутага студэнцтва, а ў далейшым — касцяк перспектыўных спецыялістаў.

Старшыня профільнага камітэта ўпэўнены, што сёння неабходна казаць аб стварэнні ў Мінску агульнагарадской інфраструктуры падтрымкі адоранасці, у якой усе зацікаўленыя бакі зоймуць сваю нішу для выканання галоўнай задачы — дапамагчы такім дзецям рэалізавацца ў жыцці, раскрыць свой творчы патэнцыял.

Бар'еры ў безбар'ерным асяроддзі

Як заўважыў Міхаіл Мірончык, нашу сістэму адукацыі вылучае вялікі гуманістычны патэнцыял, гэта тычыцца ў першую чаргу ўключэння ў агульнаадукацыйны працэс дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, колькасць якіх пастаянна расце. Але сур'ёзнай праблемай у горадзе з'яўляецца працоўная сацыялізацыя маладых людзей з асаблівасцямі развіцця.

— Мы навучаем іх сама меней 9 гадоў у школе, потым чатыры гады ва ўстановах прафесійнай адукацыі, даём ім і іх бацькам надзею на паўнавартасную сацыялізацыю і запатрабаванасць у грамадстве. Але што назіраем? Працадаўцы ў нашым мегаполісе «адхрысціліся» ад гэтай праблемы. Бацькі ходзяць па кабінетах чыноўнікаў з надзеяй, што іх пачуюць, а ўсе мы разам не вытрымліваем экзамен на чалавечнасць. Усе нашы намаганні (матэрыяльныя, кадравыя, кіраўніцкія) не дадуць чаканага эфекту, пакуль не знікнуць псіхалагічныя бар'еры ў дачыненні да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Дзеці гатовы быць побач адно з адным: пытанне, хутчэй, у бацьках, педагогах, людзях вакол іх. Яны ствараюць бар'еры ў безбар'ерным асяроддзі — псіхалагічныя, маральна-духоўныя, фізічныя, — канстатаваў Міхаіл Мірончык. — Мы шмат гаворым пра развіццё талерантнасці, праводзім масу мерапрыемстваў і акцый з прыцягненнем вялікай колькасці людзей, мноства сацыяльных партнёраў.... Але яны не прыносяць чаканага выніку. Значыць, формы і метады выкарыстоўваем не зусім тыя?

Партнёры ці спажыўцы паслуг?

Узняў кіраўнік сталічнай сістэмы адукацыі і яшчэ адну важную праблему — спажывецкага стаўлення да адукацыі.

— У пэўнай часткі бацькоў у апошнія гады сфарміравалася ўспрыманне школы і дашкольных устаноў як цэнтраў аказання адукацыйных паслуг. І гэта на фоне таго, што сёлетнія бацькі як асобы фарміраваліся ў постсавецкі перыяд, у часы «закісання розумаў». Вось і атрымліваецца, што аб'ектамі нашага педагагічнага ўздзеяння мусяць быць не толькі дзеці, але і іх бацькі. І ў адукацыі, і ў сям'і мэты агульныя — фарміраванне асобы дзіцяці, таму педагогі і бацькі павінны стаць паўнапраўнымі партнёрамі. Лічу, наспела неабходнасць стварэння гарадской бацькоўскай рады або грамадскага аб'яднання, куды ўвайшлі б найбольш актыўныя бацькі, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі Міхаіл Мірончык.

Падтрымаў кіраўніка Камітэта па адукацыі і міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. «Стэрэатып спажывецкага стаўлення бацькоў да школы неабходна мяняць. Нагадаю, што ў сістэме адукацыі тры кампаненты — настаўнікі, вучні і бацькі. Давайце больш актыўна прыцягваць бацькоў не да вырашэння матэрыяльных пытанняў, а да навучальнага працэсу», — звярнуўся да ўдзельнікаў форуму кіраўнік міністэрства.

Міхаіл Жураўкоў заклікаў педагогаў сталіцы да дыялогу з бацькамі. «Давайце тлумачыць ім, што калі яны не будуць удзяляць увагу вучобе дзяцей дома, не будуць асабістым прыкладам выхоўваць іх, то нічога і ў нас не атрымаецца...»

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.