Аб гэтым учора паведаміў міністр гандлю Уладзімір Калтовіч, які падкрэсліў, што стварэнне антыманапольнага міністэрства сведчыць пра гатоўнасць эканомікі нашай краіны і надалей ісці рыначным шляхам, а асноўнай прычынай такой рэарганізацыі стала лібералізацыя рынку.
Акрамя таго, паводле слоў міністра, менавіта цывілізаваная канкурэнцыя з'яўляецца тым дзейным інструментам, які дазваляе забяспечыць нармальнае цэнаўтварэнне. Таму адной з прычын прыняцця рашэння аб стварэнні Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю стала адсутнасць эфектыўнай канкурэнтнай палітыкі.
Каб не было змоў
Уладзімір Калтовіч нагадаў, што сёлета ў студзені было прынята рашэнне аб поўнай адмене рэгулявання спажывецкіх цэн. Рэгуляванне засталося толькі на агароднінную групу і ажыццяўляецца мясцовымі органамі ўлады — аблвыканкамамі. «Калі было прынята гэтае рашэнне, я ўзяў на сябе смеласць і сказаў, што цэнавых усплёскаў не будзе, таму што ў краіне створана дастатковае канкурэнтнае асяроддзе, якое дазваляе прадаваць тавар без завышэння цэн.
З іншага боку, у любой дзяржаве свабодная канкурэнцыя, як правіла, прыводзіць і да негатыўных наступстваў у выглядзе манапалістычных праяў — змоў, пагадненняў, якія і з'яўляюцца фактамі неабгрунтаванага ўстанаўлення высокіх коштаў. Таму і паўстала пытанне аб стварэнні антыманапольнага органа», — растлумачыў ён.
«Тая структура ў сферы антыманапольнага рэгулявання, якая існавала ў краіне да апошняга часу, ужо не адпавядае патрабаванням інтэграцыйных працэсаў у межах ЕАЭС», — удакладніў сваю пазіцыю міністр гандлю. «Сёння Беларусь з'яўляецца часткай Еўразійскай прасторы, і нам трэба размаўляць на той жа заканадаўчай «мове», на якой размаўляюць усе астатнія. Ва ўсіх краін ёсць такія органы, ёсць механізмы і падыходы, па якіх фарміруецца антыманапольная палітыка. Цяпер і мы ствараем падобны орган», — паведаміў Уладзімір Калтовіч.
У якасці новай структуры Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі пачне функцыянаваць з 8 верасня. Паводле слоў міністра, Указам Прэзідэнта аб стварэнні гэтага ведамства адведзена тры месяцы на правядзенне ўсіх працэдур і шэсць — на ўнясенне змяненняў у нарматыўныя прававыя акты, дзе згадваецца Мінгандлю. Цяпер у міністэрстве распрацоўваецца новая структура. Плануецца, што ў ёй будзе некалькі блокаў, у тым ліку па антыманапольнай палітыцы і цэнавым рэгуляванні. Яшчэ адзін блок тычыцца выканання міністэрствам міжведамасных функцый у частцы рэалізацыі палітыкі ў галіне дзяржаўных закупак, кантролю рэкламнай дзейнасці, абароны правоў спажыўцоў, нетарыфнага рэгулявання і ліцэнзавання, а таксама рэгулявання спажывецкага рынку.
Гандлёвыя інспекцыі на месцах будуць аб'яднаны з антыманапольнымі службамі. «У перспектыве гандлёвыя інспекцыі, якія сёння працуюць толькі з гандлем, стануць працаваць як падраздзяленні, што павінны праводзіць у тым ліку антыдэмпінгавыя даследаванні. Прагназуецца, што ў зоне ўвагі такіх інспекцый будзе не толькі гандаль, але і абсалютна ўсе суб'екты гаспадарання на падведамасных тэрыторыях.
Супраць нядобрасумленнай барацьбы
А яшчэ міністр паведаміў, што іх спецыялістамі рыхтуюцца змены ў закон аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі. «Развіццё інстытута абароны ад нядобрасумленнай канкурэнцыі прадугледжвае дэталізацыю пераліку яе формаў. Закон прапануе разгледзець у якасці нядобрасумленнай канкурэнцыі дзеянні суб'екта, накіраваныя на дыскрэдытацыю канкурэнта, прадугледжвае забарону на канкурэнцыю шляхам увядзення ў зман, устанаўлівае забарону на некарэктныя параўнанні. У ім таксама будзе дэталёвае апісанне відаў нядобрасумленнай канкурэнцыі. Асобны артыкул раскрывае формы нядобрасумленнай канкурэнцыі, звязаныя з незаконным атрыманнем, выдаваннем і выкарыстаннем інфармацыі, якая складае камерцыйную тайну», — растлумачыў ён.
Уладзімір Калтовіч адзначыў, што дакумент будзе дапоўнены паняццямі «манапольна нізкая» і «манапольна высокая» цана. «У новым законе прапануецца ўвесці паняцце прыкмет абмежавання канкурэнцыі, якія цяпер адсутнічаюць. Праект закона канкрэтызуе забароны на антыканкурэнтныя акты і дзеянні», — паведаміў ён і дадаў, што антыманапольны орган можа ўплываць на рашэнні дзяржаўных органаў, якія будуць прымацца на шкоду канкурэнцыі. Паводле слоў спікера, гэты закон цяпер унесены на ўзгадненне зацікаўленым дзяржорганам, а разгледзець у парламенце яго плануюць ужо гэтай восенню.
Міністр падкрэсліў, што ў Беларусі на ўзроўні кіраўніка дзяржавы прыняты ўсе рашэнні для забеспячэння будучага Міністэрства антыманапольнага рэгулявання функцыямі для эфектыўнага правядзення палітыкі ў гэтай сферы.
Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент.
Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц».
Зарадныя станцыі для электрамабіляў, дыстанцыйны заказ ежы, зоны адпачынку.