Вы тут

Першая ступень да мары


98% выпускнікоў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча зрабілі выбар на карысць афіцэрскай прафесіі.

Юбілейны — 60-ты — выпуск адбыўся ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы. Па традыцыі атэстаты юнакам уручылі выбітныя военачальнікі, у тым ліку міністр абароны. Да ўрачыстага рытуалу далучыўся і міністр адукацыі.


— Кожны суворавец ведае такую прымаўку: той, хто не паступіў у сувораўскае вучылішча, павінен радавацца, а той, хто паступіў, — ганарыцца, — зазначыў міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ. — Дзяржава робіць усё, каб падрыхтоўка ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы ажыццяўлялася на самым высокім узроўні. Гэта тычыцца і кваліфікацыі выкладчыкаў, і вучэбна-матэрыяльнай базы. Цяжка прыгадаць той орган дзяржаўнага кіравання, тую дзяржаўную структуру і не толькі дзяржаўную, дзе не знайшлі б сваё прымяненне фізічна падрыхтаваныя, з выдатнай адукацыяй людзі, якія ў свой час заканчвалі сувораўскае ваеннае вучылішча. І не толькі мінскае.

Павіншаваў выпускнікоў і пажадаў з годнасцю несці званне сувораўца і міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ: «Я прагледзеў вашы атэстаты і скажу, што не кожная гімназія можа пахваліцца такім вынікам. Што б вы ні выбралі — цывільную працу ці службу — зычу вам заставацца патрыётамі, годнымі грамадзянамі нашай краіны».

Сёлета са сцен вучылішча выходзіць 55 чалавек. Практычна 98% выпускнікоў асэнсавана зрабілі выбар на карысць прафесіі афіцэра. 70% выхаванцаў сувораўскага — будучыя прадстаўнікі ўлады ва Узброеных Сілах, астатнія будуць служыць у Камітэце дзяржаўнай бяспекі, Міністэрстве ўнутраных спраў і Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.

Старшы віцэ-сяржант, намеснік камандзіра ўзвода Максім Сергіевіч лічыць, што сувораўскае вучылішча — першая ступень да яго мары стаць вайскоўцам. Паступае юнак у Ваенны ўніверсітэт Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі на факультэт замежнай ваеннай інфармацыі. Увогуле ўражваюць навучальныя ўстановы, дзе правядуць найбліжэйшыя гады сённяшнія выпускнікі: Ваенна-медыцынская акадэмія імя Кірава ў Санкт-Пецярбургу, Ваенна-касмічная акадэмія імя Мажайскага (Санкт-Пецярбург)...

— Асноўная мэта навучання нашых сувораўцаў заключаецца ў тым, каб на канчатковым этапе падрыхтаваць дзяржаўніка, чалавека, гатовага да самаахвяравання, — перакананы начальнік Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча генерал-маёр Віктар ЛІСОЎСКІ. — Мы бачым, што сёння адбываецца ў свеце, назіраем за падзеямі ў тым ліку ў нашых суседзяў. Разбураюцца населеныя пункты, гарады і нават цэлыя цывілізацыі. І мы павінны добра разумець, што ў нашай дзяржавы павінны быць падрыхтаваны сапраўдны рэзерв, які ў першыя хвіліны, калі раптам спатрэбіцца, неадкладна выступіць на абарону сваёй Айчыны і, як бы пафасна гэта ні гучала, аддасць жыццё за сваю Радзіму, за свой народ.

Разам з колішнімі выхаванцамі святочны і трохі хвалюючы настрой падзялілі першыя выпускнікі вучылішча. Для іх, дзяцей вайны, сувораўскае вучылішча стала не толькі навучальнай установай, а і ў прамым сэнсе родным домам. Адзін з першых выпускнікоў вучылішча, старшыня міжнароднай асацыяцыі «Кадэцкае братэрства» Пётр ЧАВУС расказвае, што 60 гадоў таму, калі яны стаялі на гэтай жа пляцоўцы, іх было 80 чалавек. «Мы стаялі і думалі, што будзе там, у самастойным жыцці. 92% выпускнікоў выбралі ваенны шлях, — гаворыць генерал-палкоўнік у адстаўцы. — Сёння мы жадаем моладзі, каб яна працягнула нашы добрыя традыцыі».

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.