Крытэрыі адбору мастацкіх твораў для іх уключэння ў вучэбную праграму па беларускай літаратуры і перспектывы развіцця гэтага прадмета ў школе абмяркоўваліся падчас «круглага стала», які прайшоў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі з удзелам педагогаў і пісьменнікаў.
Міжнародныя даследаванні самых розных узроўняў, у тым ліку PІRLS і PІSA, сведчаць пра тое, што сучасныя дзеці чытаюць не толькі менш, але і значна горш, чым іх равеснікі 20—30 гадоў назад. Але праблема заключаецца не ў хуткасці чытання, хоць і ў гэтым плане ўжо гучаць трывожныя сігналы. Галоўная праблема — у асэнсаванні і разуменні прачытанага, уменні ўсвядоміць і пачуць тое, што хацеў сказаць аўтар. Таму педагогаў ва ўсім свеце вельмі хвалююць пытанні фарміравання ў навучэнцаў чытацкай пісьменнасці (разумення пісьмовых тэкстаў)...
Ведаць, каб умець і дзейнічаць
— Работа па пераглядзе вучэбных праграм па беларускай літаратуры распачалася ў пачатку 2015 года. Гэта было звязана з пераходам да прынцыпаў, якія забяспечваюць адносную завершанасць другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, і ўвядзеннем профільнага навучання на трэцяй ступені, — расказала галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына БУЛАЎКІНА.
Абнаўленні зместу і навукова-метадычнага забеспячэння літаратурнай адукацыі былі звязаны з укараненнем кампетэнтнаснага падыходу. Стаяла задача надаць літаратурнай адукацыі практыка арыентаваны характар, каб усё, што вывучаецца на ўроку, было ўключана ў практычную дзейнасць. Міністэрствам адукацыі створана рабочая група па абнаўленні зместу літаратурнай адукацыі ва ўмовах рэалізацыі кампетэнтаснага падыходу, у якую ўвайшлі вучоныя, выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, настаўнікі, метадысты, прадстаўнікі «Саюза пісьменнікаў Беларусі».
— Улічваючы сусветныя тэндэнцыі ў змесце школьнай літаратурнай адукацыі, на першы план сёння выходзіць узровень функцыянальнай пісьменнасці, — тлумачыць дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, доктар педагагічных навук Вольга ПРАСКАЛОВІЧ. — Пад функцыянальнай пісьменнасцю мы разумеем здольнасць выкарыстоўваць набытыя веды, уменні і навыкі для рашэння дыяпазону жыццёвых задач у розных сферах чалавечай дзейнасці і сацыяльных узаемаадносін. Сучасная адукацыя імкнецца пераарыентавацца з пазіцыі «ведаць, каб памятаць» на пазіцыю «ведаць, каб умець і дзейнічаць».
Абноўлены змест навучання беларускай літаратуры ўжо знайшоў адлюстраванне ў новых вучэбных праграмах, якія былі распрацаваныя ў Нацыянальным інстытуце адукацыі і пачалі ўкараняцца паэтапна, пачынаючы з 5-га класа. У 2016/2017 навучальным годзе па абноўленай праграме будуць навучацца вучні 6-х класаў. А на ІІІ ступені (у 10—11-м класах) на працягу чатырох гадоў будуць дзейнічаць праграмы пераходнага перыяду
— У вучэбную праграму для шасцікласнікаў унесены нязначныя карэкціроўкі, фактычна адбылося пераразмеркаванне вучэбнага матэрыялу, — удакладняе Вольга Праскаловіч. — Творы, якія раней былі ў спісе «Для чытання і абмеркавання», прапанаваны цяпер для тэкстуальнага вывучэння. Напрыклад, «Незабыўная старонка славянскай мінуўшчыны» Генрыха Сянкевіча (урыўкі з рамана «Крыжакі»). Для тэкстуальнага вывучэння прапанавана таксама і паэзія Міхася Башлакова. Быў пашыраны спіс літаратуры для дадатковага чытання.
У 5-6-м класах на вывучэнне літаратуры адводзіцца па 70 гадзін (з іх 62 гадзіны — на вывучэнне твораў, 4 гадзіны — на творчыя работы і 4 гадзіны — на ўрокі па творах для дадатковага чытання). У 7-8-м класах курсы беларускай літаратуры разлічаны на 53 гадзіны (з іх 45 гадзін — на вывучэнне твораў, 4 гадзіны — на творчыя работы і 4 гадзіны — на ўрокі па творах для дадатковага чытання).
Больш гадзін для «Людзей на балоце»
А вось курс 9-га класа займае ў сістэме літаратурнай адукацыі асобнае месца, паколькі ён адносна завяршае агульную сярэднюю адукацыю.
— Яго мэта — сфарміраваць у вучняў цэласнае ўяўленне пра беларускую літаратуру ад старажытнасці да сучаснасці, дапамагчы асэнсаваць ідэйна-мастацкі змест лепшых твораў беларускага мастацкага слова, — тлумачыць Вольга Праскаловіч. — Увага вучняў на гэтым этапе навучання канцэнтруецца на мастацкім творы, але з падключэннем інфармацыі пра эпоху, адметнасці часу, якія паўплывалі на яго стварэнне, асноўныя звесткі з жыцця і творчасці пісьменніка. З'явы гісторыі і літаратуры раскрываюцца пераважна на прыкладзе канкрэтнага мастацкага твора або асобных твораў пісьменніка.
Што тычыцца старшай школы, то асноўны прынцып структуравання літаратурных курсаў у 10-11-м класах (для базавага і павышанага ўзроўню вывучэння прадмета) — лінейны на гісторыка-літаратурнай аснове.
Базавы ўзровень прадугледжвае знаёмства вучняў з агульнымі заканамернасцямі і асаблівасцямі развіцця беларускай літаратуры ў пэўны гістарычны перыяд, асэнсаванне знакавых твораў найбольш яркіх прадстаўнікоў мастацтва слова.
У 10-м класе з вывучэннем беларускай літаратуры на базавым узроўні была зменшана колькасць вывучаемых твораў. Раман Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» перанесена ў спіс твораў для дадатковага чытання. Некаторыя вялікія па памеры і складаныя для вучнёўскага ўспрымання творы былі заменены на менш аб'ёмныя: замест рамана Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні» прапануецца апавяданне «Макаркавых Волька». А колькасць гадзін на вывучэнне вялікіх па аб'ёме твораў, такіх, як раманы Івана Мележа «Людзі на балоце» і Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», наадварот, павялічылася.
Ваенная тэма: Васіль Быкаў і Святлана Алексіевіч
Затое павышаны ўзровень вывучэння беларускай літаратуры на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжвае не толькі пашырэнне кола тэм і аўтараў, а, у першую чаргу, больш грунтоўны аналіз праграмных літаратурных твораў, большую ўвагу да праблем сусветнага літаратурнага працэсу, літаратуры суседніх народаў, узаемадзеянне літаратуры і іншых відаў мастацтва, глыбейшае вывучэнне тэарэтыка-літаратурных паняццяў. На вывучэнне на павышаным узроўні літаратуры ў 10-11-м класах адводзіцца 105 гадзін (тры гадзіны ў тыдзень), з іх 93 гадзіны — на вывучэнне і абмеркаванне твораў, 10 гадзін — на творчыя работы і 2 гадзіны — на ўрокі па творах для дадатковага чытання.
Для манаграфічнага вывучэння ўведзены тэмы па творчасці Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Жылкі, Язэпа Пушчы, Андрэя Мрыя. Пашыраны спіс твораў для тэкстуальнага вывучэння: у тэму «Максім Гарэцкі» ўключана аповесць «Дзве душы», у тэму «Змітрок Бядуля» — лірычныя мініяцюры і абразкі, у тэму «Пятрусь Броўка» — паэма «Голас сэрца», у тэму «Кузьма Чорны» — раман «Пошукі будучыні», у тэму «Аркадзь Куляшоў» — паэма «Сцяг брыгады», у тэму «Янка Брыль» — апавяданне «Галя» і лірычныя мініяцюры, у тэму «Іван Мележ» — раман «Подых навальніцы», у тэму «Уладзімір Караткевіч» — вершы. Павялічана колькасць гадзін на вывучэнне найбольш значных і аб'ёмных тэм: жыццё і творчасць Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка...
А ці знайшлося ў вучэбнай праграме па беларускай літаратуры месца для Святланы Алексіевіч? Як высветлілася, у 11-м класе ў раздзеле «Сучасная беларуская проза» на тэму вайны настаўніку прапануюцца творы некалькіх аўтараў: Васіля Быкава «У тумане», Івана Чыгрынава «Вяртанне да віны», Алеся Адамовіча «Нямко», Георгія Марчука «Крык на хутары», Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча». Таму выбар — за педагогам...Творы Святланы Алексіевіч уключаны ў праграму як у профільных класах, так і ў класах з базавым узроўнем вывучэння дысцыпліны.
Асаблівы падыход да «прынцэс тусоўкі»
Як прызнаюцца члены рабочай групы, па сённяшні дзень няма адзінай перыядызацыі літаратуры і адзінага меркавання наконт таго, якую літаратуру лічыць сучаснай? Скажам, ці можа літаратура, якая стваралася ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя, разглядацца цяперашнімі школьнікамі як сучасная? Наколькі актуальная яна для іх?
— Трэба мець на ўвазе, што гэта апошняя тэма, якая завяршае вывучэнне беларускай літаратуры, падсумоўвае этапы яе развіцця і акрэслівае перспектывы далейшых пошукаў айчыннага прыгожага пісьменства. У школьным курсе 11-га класа значна абноўлены спіс твораў сучаснай беларускай літаратуры. Так, у новую вучэбную праграму ўведзены творы, напісаныя ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя, — тлумачыць Вольга Праскаловіч. — Для вывучэння старшакласнікамі рэкамендаваныя творы Людмілы Рублеўскай, Алеся Наварыча, Георгія Марчука, Сяргея Кавалёва, Пятра Васючэнкі, Ігара Сідарука, Міхася Башлакова, Міколы Шабовіча і іншых.
— Настаўнік павінен сачыць за тым, як сёння развіваюцца паэзія, проза, драматургія, якія з'яўляюцца новыя імёны, — упэўнены Яўген ХВАЛЕЙ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар аповесці «Прынцэса тусоўкі», якая перажыла ўжо чатыры перавыданні. — Я лічу, што адным з галоўных прынцыпаў адбору твораў для школьнай праграмы павінна быць суаднесенасць іх з часам, пазнавальнасць герояў і сюжэтная цікавасць для школьніка. А класічныя творы неабходна для сучасных дзяцей адаптаваць: гэта тычыцца ў тым ліку твораў Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Івана Мележа.
— Безумоўна, трэба ўлічваць і псіхолага-ўзроставыя асаблівасці вучняў, даступнасць тэксту для іх разумення, — пагаджаецца Вольга Праскаловіч. — Яшчэ адзін крытэрый — сувязь з жыццём. Класіку адбірае час. На маю думку, асноватворны прынцып — гэта адпаведнасць твора той ці іншай эпосе і народу. «Мой родны кут, як ты мне мілы...» — гэта знакавы твор, візітоўка нашай краіны, гэтыя радкі ў кожнага на вуснах...
Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, член Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван САВЕРЧАНКА прапанаваў у якасці прадмета для дыскусіі вопыт заходніх краін, дзе творы класікаў «перакладаюць» на сучасную мову. Гэтым займаюцца таленавітыя майстры слова, якія робяць класічную літаратуру даступнай для новага пакалення чытачоў, адаптуюць яе пад нашы рэаліі, прапануюць сучаснае наватарскае асэнсаванне твора. Мала шанцаў, што падлеткі асіляць вялікі твор. Безумоўна, нават самы таленавіты пераказ рамана Купера «Апошні з магікан» не заменіць чытанне арыгінала, затое ёсць шанц, што творчасць цікавага пісьменніка не застанецца ўвогуле незаўважанай падлеткамі, а кагосьці, можа, падштурхне і да пошуку першакрыніцы.
— Ці будзе дзіця чытаць, у многім залежыць ад самога настаўніка, — перакананая Ірына Булаўкіна. — Трэба пабудаваць і правесці ўрок так, каб раскрыць магчымасці кожнага вучня, прымусіць яго азірнуцца і задумацца. Галоўная задача педагога — уключыць у размову ўвесь клас, даць зразумець школьнікам, наколькі гэта выдатны і займальны занятак — чытанне кніг. Мяркую, што калі сам настаўнік шмат чытае, то заахвоціць дзяцей ён зможа.
Памяць — гэта тое, што робіць нас людзьмі.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.