Вы тут

Падпісацца на «Маладосць» і «Бярозку»


“Спякотным чэрвеньскім поўднем 1570 года з саборнай вежы загучаў харал”, — прачытае пахмурным ліпеньскім вечарам 2016 года прыхільнік “Маладосці”, калі атрымае ў паштовую скрыню чарговы яе нумар. Так пачнецца для яго захапляльная гісторыя пра беларускага Шэрлака Холмса з XVI стагоддзя, прыдуманая (а мо і не!) пісьменнікам Ягорам Коневым. Гісторыя пра Андрэя Станкевіча, шкаляра факультэта вольных мастацтваў, аддзялення філасофіі. Ён толькі што даведаўся пра грэшную душу прафесара Прудэнціўса і паспяшаўся туды, куды крыху раней прыходзіў Д’ябал. Але пакінем нашага чытача сам-насам з яго чытаннем. І раскажам пра тое, чаго немагчыма будзе прачытаць тым, хто, пракапялюшыўшы тэрмін падпіскі, не атрымае “Маладосць” у паштовую скрыню.


Найперш, паведамім пра перамены ў “Крытыцы”. Да ўжо ўсталяваных “Заявачак” — артыкулаў маладых і дзёрзкіх, апантаных ідэяй сказаць сваё слова адразу і важка, дадаюцца навейшыя “шыльдачкі”. Акурат у першым нумары другога паўгоддзя “стартуюць” “Майстар-клас” і “Неўтаймаваны Бялінскі” у зоне літкрытыкі і “Keep calm and love puppets” у крытыцы тэатральнай. Усё для таго, каб крытыкаў стала больш, каб крытыка стала справай не густу, але гонару — за маладую літаратуру, за новае айчыннае кіно, за Беларусь жывапісную і тэатральную.

Новая ідэя публіцыстычнага блока — “Лекцыі”. Хто студэнт, той добра ведае, якімі яны бываюць. Маюцца на ўвазе не вельмі стандартныя, не надта сур’ёзныя, не тое каб складаныя для разумення, але спрэс натхняльныя, дасціпна аздобленыя і пазнавальныя з прычыны выключнай карыснасці для шырокага кола. Літаратура і астраномія, гісторыя і матэматыка, псіхалогія з філасофіяй, эканоміка, шчасцезнаўства, эстэтыка… Прадастаўляць свае сапраўдныя, даўно апрабаваныя лекцыі, якім стала цесна ў аўдыторыях, запрошаны лепшыя дацэнты і прафесары.

Тым, хто сцвярджае, што ў краіне няма беларускамоўнага часопіса перакладной літаратуры, “Маладосць” адказвае студэнцкімі перакладамі з польскай, нямецкай, англійскай, французскай, іспанскай, кітайскай, японскай. Да канца года чакаецца шмат сюрпрызаў у рубрыцы “Пераклады”.

А яшчэ “Маладосць” цяпер мае маскотку! Завуць яе Досця, любіць пад гарбату пачытаць і падумаць. На “Маладосць” яна ўжо падпісалася.

“Бярозка” у новым паўгоддзі “Бярозкай” і застаецца: з праектам “Я — мастак” для юных талентаў з пэндзлямі, “Аповесцю-канструктарам” (хутка чакаецца вокладка), “Настаўніцкай на праслушцы”, “Бел.літам” і “Псі-факторыяй”, а таксама хрысціянскім праектам “Зярняткі веры”. Заўважна падрасла, прыкметна патаўсцела. Часопіс для школьнікаў, якія мараць стаць пісьменнікамі, і настаўнікаў, якія мараць пра лёгкія ўрокі і знакамітых вучняў, прыходзіць у школы і бібліятэкі па першым патрабаванні і лёгка — праз падпісны квіток.

Самае важнае: наяўнасць двух падпісных квіткоў на ІІ паўгоддзе — на часопісы “Маладосць” і “Бярозка” — дае магчымасць атрымаць у рэдакцыі падарунак.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».