У Мінску адкрыўся Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры, у якім прымаюць удзел больш як 330 вучоных з 11 краін свету.
"На кангрэсе прысутнічае больш як 330 удзельнікаў, з іх 65 - прадстаўнікі іншых краін: Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, ЗША, Вялікабрытаніі, Славеніі, Аўстрыі, В'етнама і Кітая. Такі склад сведчыць аб тым, наколькі цікавая сёння беларуская культура ў свеце", - падкрэсліў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Лакотка.
Вучоны звярнуў увагу, што неабходнасць у правядзенні такога буйнога форуму наспела даўно. "У Год культуры трэба павысіць планку навуковага абмеркавання праблем развіцця беларускай культуры: захавання нацыянальнай культурнай спадчыны, мовы, літаратуры, мастацтва - народнага і прафесійнага - ва ўмовах глабалізацыі. Гэта датычыцца ўсіх краін сёння, якія заклапочаны захаваннем мовы і культуры, акрамя таго, гэта адзін з прадметаў дзейнасці ЮНЕСКА", - растлумачыў ён.
Паводле слоў Аляксандра Лакоткі, адным з пытанняў абмеркавання стане развіццё і функцыянаванне беларускай мовы ва ўмовах двухмоўя. "Праблема ёсць, хоць беларускай мовы, на мой погляд, не стала менш. Нават наадварот, сёння мову мы чуем усюды - яе ўспрыняла моладзь, і гэта добра відаць, успрыняў інтэрнэт, стала з'яўляцца беларускамоўная рэклама", - адзначыў ён.
У НАН Беларусі 5-6 мая праходзіць Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры. Галоўная мэта мерапрыемства - захаванне гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, навуковы аналіз сучаснага стану нацыянальнай культуры. Форум прызначаны садзейнічаць развіццю даследаванняў айчыннай культуры ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук як у Беларусі, так і за яе межамі, а таксама садзейнічаць пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва вучоных розных краін.
У час кангрэса працуюць выстаўкі выратаваных беларускімі рэстаўратарамі артэфактаў, навуковых выданняў. Госці кангрэса наведаюць Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Нацыянальны гістарычны музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музей старажытнабеларускай культуры, Нацыянальную бібліятэку.
Арганізатарамі маштабнага мерапрыемства выступаюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН і Міністэрства культуры.
Памяць — гэта тое, што робіць нас людзьмі.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.