У форуме прымуць удзел больш як 330 вучоных з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Вялікабрытаніі, Ірана, ЗША, Літвы, Аўстрыі, Японіі, Славакіі, Кітая. Падчас пленарнага і секцыйных пасяджэнняў яны абмяркуюць актуальныя пытанні захавання беларускай культурнай спадчыны, падзеляцца вынікамі ўласных навуковых даследаванняў. У якасці арганізатараў кангрэса выступаюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, Міністэрства культуры краіны.
Падрабязна пра канцэпцыю кангрэса і яго мэты карэспандэнту «Звязды» паведаміў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук, акадэмік Аляксандр ЛАКОТКА.
— Аляксандр Іванавіч, якое месца будзе займаць кангрэс у шэрагу традыцыйных навуковых мерапрыемстваў? Якія мэты ставіць перад сабой такі прадстаўнічы форум?
— Навуковыя даследаванні ў галіне культуры і суправаджэння культуры традыцыйна праводзяцца ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ужо шмат гадоў сумесна з Міністэрствам культуры выконваем пагадненне і маем праграму супрацоўніцтва. А паколькі гэты год аб'яўлены ў нашай краіне Годам культуры, арганізацыя вялікага кангрэса бачыцца выдатнай магчымасцю абмеркаваць самыя разнастайныя праблемы культуры.
Штогод мы праводзім канферэнцыі, творчыя семінары, «круглыя сталы», але кангрэс — арганізацыйна больш складаная форма, ён ставіць мэтай даць магчымасць не толькі выказацца навукоўцам, пазнаёміць шырокае кола ўдзельнікаў з новымі вынікамі даследаванняў, але і правесці сумоўе з творчымі работнікамі, з тымі, хто працуе ў тэатры і кіно, у галіне жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у літаратуры.
— Гаворку пра культуру немагчыма ўявіць без непасрэднага знаёмства са здабыткамі ў розных яе галінах...
— Сапраўды. Таму акрамя навуковых дакладаў, форум прадугледжвае і шырокую навукова-культурную праграму. Госці з замежжа наведаюць інстытуты Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, пазнаёмяцца з вынікамі даследаванняў у галіне гісторыі, археалогіі, мастацтвазнаўства, этналогіі, фалькларыстыкі, мовы, літаратуры, сацыялагічнымі даследаваннямі ў галіне культуры. Яны наведаюць мастацкі і гістарычны музеі, пазнаёмяцца з новай экспазіцыяй музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнай бібліятэкай.
— У наш час вельмі шмат гавораць пра значнасць захавання культурнай разнастайнасці свету, своеасаблівую антыглабалізацыю. Ці сугучныя мэты форуму гэтым працэсам?
— Так, ва ўмовах глабалізацыі паўстае праблема захавання самабытных нацыянальных культур, што павышае важнасць і навуковага суправаджэння культуры. Мы бачым, як, напрыклад, у Еўрапейскім саюзе, дзе існуе адзіная валюта, эканамічная прастора, рынак, кожная краіна вельмі заклапочаная захаваннем сваіх нацыянальных культурных адметнасцяў. Таму надзвычай важнай бачыцца праграма ЮНЕСКА, скіраваная на захаванне культурнай і моўнай разнастайнасці. Актуальным падчас кангрэса будзе абмеркаванне праблем развіцця беларускай мовы, захавання яе дыялектнай разнастайнасці, зберажэння нашай літаратурнай спадчыны, помнікаў пісьменства.
Вострай праблемай сёння з'яўляецца суадноснасць сучаснай архітэктуры і гісторыка-архітэктурных помнікаў, аб'ектаў сядзібна-паркавага мастацтва. Неабходна агучыць пытанні, вельмі актуальныя для даследавання каранёвай культуры беларусаў, нашай літаратуры і выяўленчага мастацтва.
— Ці многа на кангрэсе новых удзельнікаў, незнаёмых імёнаў?
— Навуковыя напрацоўкі, фундаментальныя даследаванні ствараюцца гадамі. І за доўгі час ужо сапраўды склаўся кантынгент нашых сяброў-навукоўцаў як у Беларусі, так і за мяжой. Яны ўжо шмат гадоў працуюць у кірунку даследавання беларускай культуры, прымаюць удзел у нашых канферэнцыях. Але час ідзе, і, безумоўна, з кожным годам з'яўляюцца новыя сябры. На сёлетнім кангрэсе — каля паловы новых удзельнікаў. Магчыма, іх прывабіў менавіта шырокі маштаб кангрэса, яго грамадскі рэзананс, але і нам заўсёды прыемна прымаць новых даследчыкаў у кола сяброў Беларусі.
— Можна сцвярджаць, што цікавасць да нашай краіны, культуры, мовы сёння павышаецца?
— Да беларускай мовы і культуры ў замежных даследчыкаў цікавасць была заўсёды. Іншая справа, што магчымасці мець агульныя праекты, праводзіць сумесныя даследаванні, удзельнічаць у канферэнцыях сёння большыя.
Традыцыі аўтэнтычнай культуры з'яўляюцца прадметам пастаяннай цікавасці беларускай дыяспары ў замежжы, якая налічвае некалькі мільёнаў чалавек.
Яшчэ адна з прычын заключаецца ў тым, што Беларусь стала адным з актыўных дыпламатычных удзельнікаў у свеце. З аднаго боку, нашы дыпламатычныя прадстаўніцтвы актыўна працуюць у галіне пашырэння звестак пра беларускую культуру. А з іншага — натуральны і лагічны працэс культурнага знаёмства адбываецца паралельна з тымі крокамі, якія робіць кіраўніцтва нашай дзяржавы, пашыраючы вектары эканамічнага, дзелавога супрацоўніцтва з замежнымі краінамі.
Памяць — гэта тое, што робіць нас людзьмі.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.