Вы тут

Каму ўсміхаецца Джаконда


Відаць, кожны хоць раз у жыцці ды зведаў рамантыку падарожжаў, радасць новых адкрыццяў.

Праўда, у кожнага падарожніка мэта свая: нехта імкнецца папесціцца ў хвалях паўднёвага мора ды паляжаць пад гарачым сонцам, нехта — патраціць грошы ў рэстаранах ды крамах, асобныя — выбіраюць маршруты, дзе можна на другіх паглядзець і сябе паказаць. Але ж большасць турыстаў хоча аднаго — спазнаць свет, на свае вочы пабачыць цуды прыроды, архітэктуры, гісторыі, мастацтва...


Такім чынам мы з жонкай — па настойлівых парадах дачкі і зяця — адважыліся на дзесяцідзённы аўтобусны круіз «па Еўропе».

Адразу зазначу: падарожжа атрымалася вельмі цікавае, з мноствам незабыўных яркіх уражанняў. Бо хіба ж можа не ўразіць, напрыклад, знакаміты Аляксандэрплац у цэнтры Берліна ці Рэйхстаг?..

І зараз перад вачыма Амстэрдам — горад, народжаны на вадзе, з яго мастамі і каналамі, з яго своеасаблівай архітэктурнай спадчынай і веласіпедамі. Іх, дарэчы, там безліч. Здаецца, яны прывезены сюды з усяго свету! Плошча Дам, велічны каралеўскі палац, дом-музей Рэмбранта, хоць і подбегам (бо як жа прамінуць!) — вядомы квартал чырвоных ліхтароў.

А за некалькі кіламетраў ад сталіцы Нідэрландаў — сапраўдная казка: кветкавы парк... Столькі цюльпанаў (а мы трапілі якраз падчас цвіцення) не ўбачыш, мусіць, нідзе і ніколі.

Потым была прагулка па венецыянскіх каналах — на сапраўднай гандоле з сапраўдным гандальерам! Пад уражаннем я нават заспяваў!

...«Гэй, зямляк!» — гэта першае, што пачуў на першай жа маставой у цэнтры Парыжа (а цэнтр там, дарэчы, паўсюль, дзе ступіла нага). Азіраюся, бо не верыцца, што побач хтосьці знаёмы... «Купі, зямляк», — чорны як смоль афрыканец настойліва прапануе мне сувеніры... Ветліва адмахнуўся ды толькі падзівіўся таму, наколькі ж спрактыкаваныя ў іх вочы, бо сярод процьмы іншых турыстаў яны беспамылкова вызначаюць ці не ўсіх рускамоўных.

А турысты, вядома ж, розныя — па ўзростах, прафесіях, жыццёвым досведзе, сваім эстэтычным узроўні... Адну з нашых спадарожніц, напрыклад, у турнэ праводзілі сяброўкі па працы на птушкафабрыцы. «Прыеду дамоў, — усю дарогу разважала жанчына, — зноў збяру за сталом! Будзе што расказаць».

Каб не забыцца, дзе і што яна бачыла (прычым канкрэтна), жанчыне давялося, што называецца, уздоўж і ўпоперак спісаць ладны сшытак.

— Яшчэ б Мадонну пабачыць, — марыла Галіна Іванаўна.

І вось мы ў Луўры — велізарным музейным комплексе. Даўжыня фасадаў яго складае каля пятнаццаці кіламетраў! Паспрабуй тут абыдзі яго, паспрабуй знайдзі сярод безлічы экспанатаў тую таямнічую Джаконду. Аднак мы, натхнёныя аптымізмам Галіны Іванаўны, адразу ж пайшлі па стрэлках, якія ўказвалі напрамак да мэты...

Было — у адным месцы «праскочылі» міма, потым прыйшлося вярнуцца, але ж карціну ўбачылі.

— Ну як? — спыталі потым у Галіны Іванаўны.

— Яна мне ўсміхнулася! — з гонарам адказала жанчына.

Ну, думаю, мэта дасягнутая і зараз можна будзе спакойна пахадзіць па Луўры, паглядзець хоць некалькі залаў... Ды не тут тое было!

— Пойдзем шукаць бязрукую жанчыну, — скамандавала наша спадарожніца, і нам нічога не заставалася, як падацца за ёю следам у пошуку Венеры Мілоскай.

Пакуль адшукалі патрэбную залу, пакуль палюбаваліся на вядомую на ўвесь свет скульптуру невядомага аўтара, — настаў час сыходзіць, шукаць сваю групу. Такім чынам, да вялікага мастацтва, прадстаўленага ў Луўры, удалося дакрануцца толькі праз «дзвюх жанчын» — Джаконду і Венеру Мілоскую. Значыць, будзе нагода, каб прыехаць у Парыж — ужо знаёмы і незнаёмы — яшчэ раз. І тады ўжо спакойна пастаяць каля многіх жывапісных і скульптурных скарбаў...

Дарэчы, нядаўна я даведаўся, што наша спадарожніца Галіна Іванаўна па-ранейшаму захапляльна распавядае ўсім пра сваё падарожжа. І, што адметна, Венеру Мілоскую яна не называе больш бязрукай жанчынай. Відаць, уразіла... Прычым настолькі, што многія з яе слухачак сталі марыць пра Парыж... Асобныя ж адразу папрасілі дарослых дзяцей заказаць ім тур «па Еўропе».

Мікалай Юруць, г. Ляхавічы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.