Вы тут

Святы без экстрыму


Ва ўзмоцненым рэжыме працуюць першую дэкаду экстранныя службы Беларусі. За выключэннем трох дзён, амаль уся яна выдалася святочнай, аднак «дапамагаюць» яшчэ і моцныя халады, якія прыйшлі ў краіну следам за Новым годам...


Зіма, халады

Ужо даўно стала традыцыяй праводзіць стары год і сустракаць новы шумна. А нязменным атрыбутам гэтага часу года стала піратэхнічная кананада.

— Ад пачатку зімы канфіскавана амаль мільён адзінак разнастайнай піратэхнікі, — паведаміў начальнік аддзела па масавых мерапрыемствах упраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Уладзімір Станілевіч. — Рублём пакаралі каля 220 прадаўцоў нелегальнага тавару. Усяго ж Новы год на вуліцах адсвяткавалі ў Беларусі больш за 320 тысяч чалавек. На мерапрыемствах ніякіх здарэнняў зарэгістравана не было.

— Тое ж адбылося на святочных ёлках і па нашым профілі, — гаворыць першы намеснік начальніка ўпраўлення аварыйна-ратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Руслан Гаўдуровіч. — А вось у жылым сектары, на жаль, сітуацыя зусім не аптымістычная. З-за вельмі халоднага надвор'я абстаноўка з пажарамі рэзка абвастрылася. Людзі распальваюць печы і не заўжды сочаць за спраўнасцю сістэм, калі-нікалі і проста кураць у ложках нападпітку. Толькі за чацвёра першых сутак 2016-га адбылося 127 пажараў. У іх загінулі 27 чалавек, сярод якіх двое дзяцей. Апошняя трагедыя адбылася ў вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна ў ноч на панядзелак. А трэцяй гадзіне паступіў на пульт дзяжурнага выклік ад суседзяў. Калі нашы падраздзяленні прыбылі на месца падзей, то адстаяць будынак шанцаў ужо не было — ён гарэў адкрытым полымем, абрынуўся дах. Пасля высветлілася, што там пражывала сям'я з дзецьмі. Агонь забраў жыцці маці і дваіх малых, якім не споўнілася нават 10 гадоў...

Не зафіксавана сёлета і пажараў з-за піратэхнікі.

— А вось пацярпелыя ад яе ёсць, — зазначае начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя Алег Панчук. — Праўда, іх значна менш, чым у мінулыя гады.

Усяго да медыкаў з пашкоджаннямі ад піратэхнікі звярнуліся 27 чалавек, трох з іх мы шпіталізавалі. Адзін з іх — адзінаццацігадовы хлопчык з Гродна, які атрымаў пашкоджанне правай кісці... Прыкметна больш людзей да нас звярнулася з-за галалёдных і холадавых траўмаў. Іх 418 чалавек, прыкладна чвэрць з якіх трапілі ў бальніцы.

Як жа засцерагчы сябе ад такіх непрыемнасцяў? Забудзьце пра высокія абцасы і нерыфленыя падэшвы. Асабліва гэта датычыцца ўжо паношанага абутку, на якім рэльеф пратэктара ўжо мог выраўнавацца. Крочыць трэба спакойна, ступню падымаць мінімальна. Тым, хто ўжо дасягнуў паважанага ўзросту або мае якія-небудзь хранічныя захворванні, медыкі раяць пры паніжэнні тэмпературы да тых лічбаў, якія рэгіструюцца цяпер, да мінімуму скараціць выхады на вуліцу. З улікам узроставых змен арганізма наступствы траўмаў могуць быць куды больш сур'ёзныя.

— Дзесяць чалавек мы шпіталізавалі з-за пераахалоджання. Зразумела, цяжэй за ўсё тым, хто працуе на адкрытым паветры, аднак і свае магчымасці перабольшваць не трэба. Часта ж бывае, як у глыбінцы: выпіў чалавек і пачаў збірацца ў суседнюю вёску, да якой некалькі кіламетраў. А сіл сваіх не разлічыў, прысеў па дарозе адпачыць. І... больш ужо не падняўся.

А на выхадных у Пінску замёрз чалавек у сваім доме. На Новы год мясцовы жыхар запрасіў гасцей. Калі яны пайшлі, то чамусьці замкнулі дзверы і пакінулі ключ звонку. Гаспадар хаты прачнуўся і вылезці з дома, які раптам стаў пасткай, не здолеў. Клікаць на дапамогу ён нікога не стаў і вырашыў выбрацца з дома самастойна праз акно. Але забыўся на тое, што ў аконным праёме былі прымацаваны дошкі, якія служылі імправізаванай абаронай супраць зладзеяў. Так мужчына і захрас. Яго цела праз некаторы час знайшоў сусед...

Рыбалку лепш адкласці

Хоць ртутны слупок яшчэ каля тыдня таму апусціўся далёка ўніз за нуль градусаў, спецыялісты раяць адкласці зімовую рыбалку яшчэ на некалькі дзён, пакуль лёд набярэ трываласць. Сёлета крохкі лёд ужо паспеў адабраць адно чалавечае жыццё.

— Трагедыя здарылася 1 студзеня на рацэ Сож у межах Гомеля, — паведаміў карэспандэнту «Звязды» вядучы спецыяліст рэспубліканскага савета Таварыства ратавання на водах Алег Баразна. — Рыбак па неасцярожнасці выйшаў на край палонкі і раптоўна апынуўся ў халоднай вадзе. Амуніцыя зацягнула яго ўніз літаральна за некалькі хвілін.

Па папярэдніх звестках, за мінулы год за цягу да рыбалкі на неакрэплым лёдзе жыццём заплацілі дванаццаць чалавек. Яшчэ чацвёра не вярнуліся дадому з-за таго, што вырашылі падурэць на вадаёмах або скараціць праз іх шлях. Двое з іх назаўжды засталіся няпоўнагадовымі...

— Хоць лёд ужо і пачаў нарастаць, аднак бяспечных для чалавека мінімальных сямі сантыметраў таўшчыні ён пакуль не дасягнуў, — працягвае Алег Баразна. — Асабліва гэта датычыцца праточных вадаёмаў, месцаў, дзе скідваецца адпрацаваная вада, а таксама аб'ектаў побач з цеплавымі электрастанцыямі. Там, дзе вада стаячая — напрыклад на азёрах, — больш-менш трывалы лёд ужо пачаў з'яўляцца. Але перш чым на яго выходзіць, трэба выпрабаваць на ўстойлівасць. Зрабіць гэта вельмі проста — паспрабаваць прабіць лёд пешнямі, колам або іншым падручным сродкам. Калі трымае — значыць, выходзіць можна. Ды і перасоўвацца па лёдзе трэба асцярожна. Падазроныя месцы варта абмінуць як мага здалёк. Да іх адносяцца выхады ручаёў, крынічак, месцы, дзе ў лёд умерзла трава. А калі вы рухаецеся групай, то трымайце дыстанцыю не менш за пяць метраў адзін ад аднаго.

Але самы надзейны спосаб, з дапамогай якога можна даведацца, наколькі трывалы лёд, яшчэ больш просты і бяспечны. Дастаткова патэлефанаваць на найбліжэйшую ратавальную станцыю Таварыства ратавання на водах. Таўшчыня лёду маніторыцца спецыялістамі, якія працуюць там, штодзённа. Яны і падкажуць, ці можна ўжо выходзіць на лёд.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.