Стварэнне ў Нацыянальнай акадэміі навук так званых кластараў — устаноў, скіраваных на пашырэнне даследаванняў на міжведамасным і міжнародным узроўнях — закранула і гуманітарныя інстытуты. Дарэчы, беларускім вучоным у гэтай сферы ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, па колькасці выдадзеных за год у акадэмічным выдавецтве кніг яны пераўзыходзяць сваіх больш шматлікіх калег з прыродазнаўчых устаноў (і не дзіва, бо менавіта кніга — галоўны плён працы любога навукоўца-гуманітарыя). У якім стане айчыннае «чалавеказнаўства» цяпер і куды яно будзе рухацца? Якія праекты рэалізуюцца? Пра гэта распавялі кіраўнікі гуманітарных устаноў Акадэміі навук.
Веды не толькі для абраных
Ці не страчваюць сваю вартасць гуманітарныя даследаванні ў сучасным свеце? На думку акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Аляксандра КАВАЛЕНІ, развіццё прыродазнаўчых дысцыплін сёння значна апераджае духоўны стан чалавецтва. Але гэта не нагода для вялікай радасці, бо навуковы прагрэс, не ўраўнаважаны маральнымі каштоўнасцямі, можа прывесці да глабальных катастроф.
— Трэба сказаць, што цывілізацыя ў вялікай ступені эканамізавала адносіны паміж людзьмі, а грамадства штучна падштурхоўваецца да таго, што я назваў бы рэлігіяй прагрэсу, — зазначае Аляксандр Каваленя. — Сёння многае, у тым ліку душа і цела чалавека, разглядаецца праз прызму камерцыйнага поспеху. Але эканоміка — гэта толькі частка грамадскага жыцця, і развіццё грамадства без духоўных і культурных арыенціраў будзе тупіковым шляхам.
Аддзяленне гуманітарных навук НАН працуе згодна з дзяржаўнай праграмай навуковых даследаванняў на 2011—2015 гады «Гісторыя. Культура. Грамадства. Дзяржава», вялікую дапамогу ў гэтым аказваюць айчынныя ВНУ. Штогод выдаецца прыкладна 500 кніг, у тым ліку 200 манаграфій, падрыхтоўваецца 250 вучэбных дапаможнікаў, карт, атласаў. Не апошняе месца ў дзейнасці навукоўцаў займае і ўдзел у навуковых канферэнцыях, на якіх адстойваюць беларускі пункт гледжання на шматлікія пытанні.
— Вядома, ёсць і праблемы, — кажа Аляксандр Каваленя. — Трэба канстатаваць, што публікацыі па выніках нашых навуковых даследаванняў маюць абмежаваны тыраж — 100, 150, максімум 1500 асобнікаў. А гэта значыць, што праца вучоных не знаходзіць шырокай аўдыторыі, яна скіравана толькі на вузкае кола тых, хто займаецца адпаведнымі праблемамі. А хацелася б, каб наша пазіцыя даходзіла не толькі да грамадзян Беларусі, але і да замежных супольнасцей.
Для вырашэння сітуацыі робяць адпаведныя захады. У гуманітарных інстытутах Акадэміі навук узнік шэраг кластараў: Міжнародная школа гісторыка-археалагічных даследаванняў, Рэспубліканскі цэнтр фундаментальнай і практычнай філасофіі, Міжнародны цэнтр беларускай культуры, Міжнародная школа беларускай мовы і культуры, Рэспубліканская лабараторыя гісторыка-культурнай спадчыны. Пад іх эгідай працуюць не толькі вядомыя навукоўцы з Беларусі і замежжа, але і падрастаючае пакаленне, у тым ліку школьнікі.
Жыць не вёскай адзінай
— Падчас глабалізацыі справа захавання культурнай і моўнай разнастайнасці патрабуе ўвагі да праблем менавіта нацыянальнай культуры, — мяркуе дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр
ЛАКОТКА. — У тым ліку і для гэтых мэт у нашай установе быў створаны адзін з кластараў — Міжнародны цэнтр беларускай культуры.
Адна з галоўных яго задач — стварэнне новай парадыгмы разумення беларускай культуры. Па словах Аляксандра Лакоткі, больш за 70 гадоў перад тым, як Беларусь пачала будаваць уласную суверэнную дзяржаву, наша нацыянальная культура пазіцыянавалася ў асноўным як культура вясковая, сялянская. Амаль не ішло гаворкі аб тым, што полацкія князі былі вельмі адукаванымі па тых часах людзьмі, што беларуская навука часоў Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага знаходзілася на сусветным узроўні. І гэта не кажучы пра эпоху Вялікага Княства Літоўскага, падчас якой на Беларусь прыйшла культура Рэнесансу.
Развіццём такой парадыгмы і займаецца інстытут. Распачата новая серыя «Нарысаў гісторыі і культуры Беларусі» ў чатырох тамах. Першыя два ўжо пабачылі свет, яны прысвечаны адпаведна культуры сацыяльнай эліты і гісторыі гарадоў. Яшчэ два распавядуць пра сялянскую культуру. Іншая задача — стварыць сістэмнае выданне рухомых помнікаў гісторыі і культуры. Размова ідзе пра вялікую колькасць твораў манументальнага, сакральнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў, якія знаходзяцца ў рэлігійных установах, музеях, прыватных калекцыях, у тым ліку за мяжой.
Слова пра мову
— Цяпер завяршаецца падрыхтоўка дзяржаўнай праграмы даследаванняў у сферы гуманітарных навук на наступныя пяць гадоў, — распавядае першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ. — Яна якраз ахоплівае тыя праекты, якія распрацоўваюцца гуманітарыямі нашай краіны. Асобнай падпраграмай выдзелена беларуская мова і літаратура, што сведчыць пра важнасць гэтага кірунку.
Сярод прац беларускіх мовазнаўцаў можна адзначыць даследаванні лексікаграфіі, бо лексічны склад мовы працягвае змяняцца і час вымагае стварэння новага і актуальнага тлумачальнага слоўніка. Цэлы шэраг прац датычыцца граматычнага ладу беларускай мовы, вынікам якіх стане новая акадэмічная граматыка. У ёй будуць зафіксаваны ўсе тэндэнцыі ў словазмяненні і сінтаксісе. Яшчэ адзін аспект — вывучэнне нашай нацыянальнай мовы ў супастаўленні з рускай і іншымі славянскімі.
На наступны год запланавана перавыданне аднатомнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» ў адпаведнасці з новымі правіламі арфаграфіі, перавыданне «Граматычнага слоўніка беларускай мовы» (дзе пададзены ўсе словаформы кожнага слова). Рыхтуецца да выхаду чарговы тэрміналагічны слоўнік — па металургіі. Па ініцыятыве пасла Італьянскай Рэспублікі абмяркоўваецца пытанне стварэння беларуска-італьянскага слоўніка. Працуюць нашы мовазнаўцы і над міжнароднымі праектамі, такімі як агульнаславянскі лінгвістычны атлас, у якім усе моўныя з'явы і дыялекты славянскіх народаў будуць пазначаны на карце.
— Вельмі важныя задачы стаяць і перад нашымі літаратуразнаўцамі, — зазначае член-карэспандэнт НАН. — Гэта ў першую чаргу вызначэнне месца беларускага мастацтва слова ў сусветным літаратурным працэсе, а таксама ролі літаратуры ў духоўным удасканаленні грамадства. Атрыманне беларускай пісьменніцай Нобелеўскай прэміі арыентуе нас на больш глыбокія даследаванні такога феномена, як рускамоўная літаратура Беларусі.
«Прызямліць» навуку аб высокім
Як сцвярджае дырэктар Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Анатоль ЛАЗАРЭВІЧ, менавіта цяпер прыйшоў той час, калі людзям трэба змяняць сваё стаўленне да філасофіі як да выключна тэарэтычнай навукі. Тэорыя пазнання, тэорыя творчасці, логіка, тэорыя аргументацыі, этыка, антрапалогія, філасофія рэлігіі — усё гэта складнікі філасофскага вучэння, якія могуць дапамагчы ў вырашэнні паўсядзённых праблем чалавека.
Над задачай прымянення філасофскага вучэння ў штодзённым жыцці працуе Рэспубліканскі цэнтр фундаментальнай і практычнай філасофіі — кластар, створаны на базе інстытута.
— У межах кластара мы ствараем цэнтры, арыентаваныя выключна на практыку, — распавядае Анатоль Лазарэвіч. — Напрыклад, Цэнтр упраўлення ведамі і кампетэнцыямі. У гэтай установы ёсць дамова з Міністэрствам прамысловасці, паводле якой нашы спецыялісты праводзяць семінары і трэнінгі для інжынерна-тэхнічнага персаналу многіх прадпрыемстваў. Інавацыйны менеджмент, упраўленне кампетэнцыямі — гэта той патэнцыял, які нам трэба задзейнічаць, не абапіраючыся толькі на адміністрацыйны рэсурс дзяржавы. Работнікі прадпрыемстваў самі павінны шукаць шляхі інавацыйнага развіцця, а гэта залежыць ад сістэмы кіравання.
Аналагічныя методыкі ёсць для школьнай адукацыі, маральна-псіхалагічнага клімату на прадпрыемствах і іншых сфер. Асобна можна вылучыць праект «Філасофія для дзяцей». Па словах навукоўца, вельмі важна з дзяцінства прывучыць малых да правільнай логікі, аргументацыі, самастойнага пошуку адказаў на ўласныя пытанні.
Белавежскі скансен — у блізкай будучыні
Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці, па якіх працуе Інстытут гісторыі НАН, — уласна гісторыя, археалогія і антрапалогія. Ужо больш за год існуе Цэнтр гісторыі геапалітыкі. Кластар, які ствараюць на базе інстытута, Міжнародная школа гісторыка-археалагічных даследаванняў займаецца правядзеннем сумесных даследаванняў з гісторыкамі іншых краін. Сярод іх першая Міжнародная школа гісторыкаў краін СНД, што была прысвечана праблематыцы Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў, Міжнародная летняя школа для аспірантаў і студэнтаў па праблеме Першай сусветнай вайны, беларуска-французская археалагічная экспедыцыя на месцы пераправы войскаў Напалеона праз Бярэзіну і іншыя.
— Галоўная перавага, якую дало нам стварэнне кластара — гэта замацаванне сувязяў з гісторыкамі іншых краін і вывядзенне нашых напрацовак на міжнародны ўзровень, — патлумачыў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ. — Бо мы не павінны, што называецца, «варыцца ва ўласным соку». Трэба даносіць свой погляд да міжнароднай гістарычнай супольнасці і адстойваць яго ў дыскусіях з калегамі з-за мяжы.
Ужо ідзе праца над стварэннем першага ў Беларусі археалагічнага скансена (этнаграфічнага комплексу і музея пад адкрытым небам, ад назвы аднайменнай установы на востраве Юргардэн у Швецыі). Размясціць яго плануюць у Белавежскай пушчы. І тут таксама спатрэбіцца досвед замежных калег, бо падобныя музеі ўжо працуюць у суседняй Польшчы і іншых краінах.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
lyskavets@zvіazda.by
Памяць — гэта тое, што робіць нас людзьмі.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.