Вы тут

Помніць. Каб жыць


Супрацоўнікі нашай бібліятэкі не адзін год збіралі, занатоўвалі ўспаміны землякоў — сведак ваенных падзей. «Вайна вачыма салдата», «Акупацыя: знак бяды», «Выпрабаваныя агнём», «Дзяцінства ў полымі вайны», «У рабства ў Германію»... Гэтыя маналогі-споведзі, зліўшыся ў адно шматгалосае пракляцце вайне, надоечы ажылі — у бібліятэчным тэатры аднаго акцёра.

...Вось жанчына ўзгадвае, як суседскі хлопчык паклікаў яе, малую, рваць радыску, «бо заўтра ж будзе вайна», як яна паслухала яго і нарвала. А калі маці са здзіўленнем спытала, навошта, адказала: «Дык заўтра ж будзе вайна». І тады матуля (чаго раней ніколі не было) яе пабіла. А вайна праз некалькі дзён і сапраўды пачалася.

Вось іншая жанчына ўзгадвае, як упершыню ў жыцці збіралася быць дружкай на вяселлі, як чакала яго, як марыла абуць першыя ў жыцці чаравічкі...

Але напярэдадні з'явіліся немцы і паблізу вёскі расстралялі ўсіх маладых хлопцаў. Таго жаніха — таксама.

Вось споведзь вяскоўца, які летам хадзіў басанож, а зімой — у лапцях. Боты абуваць яго навучылі ў арміі. Там жа салдата даймалі вошы: толькі на другі год вайны з'явіўся выратавальны сродак — жоўтая смярдзючая паста, у якой сталі кіпяціць салдацкае адзенне.

Простых салдат здзіўлялі і трафейныя пайкі. На фоне нашых, вельмі сціплых, сапраўднай загадкай сталі нямецкія плаўленыя сыркі. Спачатку думалі, што гэта ўзрыўчатка, потым — што кавалкі мыла, пакуль самы смелы не адважыўся ўзяць на зуб... «Дык можна ж есці! Смачна!»

Наступны маналог перадаў адчуванні салдата, які адзін на адзін апынуўся перад нямецкім «тыграм». Адзінае, што яго ўратавала — «кішэнная артылерыя» — бутэлька з гаручай сумессю.

Пазнавальна гучаў і аповед вадзіцеля машыны з устаноўкай легендарнага мінамёта «Кацюша», які за 7-10 секундаў выпускаў 16 снарадаў вагой па 40 кг кожны, за што ворагі празвалі яго «Сталінскім арганам». Нямецкае камандаванне абяцала буйную ўзнагароду таму, хто захопіць хоць адну ўстаноўку. І каб гэтага не здарылася, на кожнай машыне была ўзрыўчатка...

Пранікнёна гучалі споведзі жанчын-франтавічак, якія ішлі па ваенных дарогах у трохпудовых, не па памеры, ботах. Уражвала вынаходлівасць дзяўчыны, якая, атрымаўшы непамерна вялікае абмундзіраванне, прыстасавала пад спадніцу... рэчавы мяшок: лямкі абрэзала, донца распарола, адзела...

У маналогах ажывалі і жахлівыя ўспаміны салдатак — ад першага забітага немца, ад ампутаваных рук і ног, якія ў палявым шпіталі складвалі ў звычайны таз, ад «манікюру» (у час кароткіх перадышак многія засыналі так, што не чулі нават таго, як пацукі абгрызалі ім скуру пальцаў вакол пазногцяў). Як яны ж, дзяўчаты, жанчыны, вучыліся спаць на хаду: ідучы, трымаліся за рукі і сярэдняя спала.

Аднак там, на фронце, салдаты, салдаткі рызыкавалі толькі сваім жыццём, а вось жыхары акупаваных тэрыторый жылі ў штодзённай трывозе і за сябе, і за сваіх родных. Бібліятэчным акцёрам была агучана споведзь жанчыны, якая з дзіцем хавалася ад бамбёжкі ў падвале разбуранага дома. На хвілю адхінуўшыся (выйшла па ваду), яна трапіла ў аблаву: ажно два бясконцыя дні немцы прымусілі капаць траншэі. Факт: калі яна з крывавай ранай на сэрцы і крывавымі мазалямі на руках прыбегла ў падвал, дачушка яе памерла...

З жахлівым адчаем гучалі маналогі матуль, у якіх дзеці прасілі есці, а даць не было чаго, як ім малыя ў палаючай хаце казалі: «Горача, мамка, горача...» І гэты крык тут жа абрываўся, бо на людзей абвальваўся дах.

Не менш тужлівыя аповеды і ў дзяцей вайны — у дзяўчынкі, якая адна (дакладней — з чатырма кацянятамі) засталася ў спаленай вёсцы, у хлопчыка, якога ледзь не загрызла нямецкая аўчарка, у сястрычак, якія прасілі матулю перавязаць іх ляльку, расстраляную немцамі...

...Аптымізмам веяла ад аповеду жанчыны, якая ў вызваленым Мінску, з букетам палявых кветак, у сукенцы з мешкавіны (замест гузікаў — фасоліны, абцягнутыя тканінай) хадзіла сустракаць салдацкія эшалоны з фронту.

Яна ж, гэтая жанчына, узгадала, што на 300-ы дзень вызвалення Мінска на рынку з'явілася чырвоная губная памада ў маленькіх цюбіках, падобных да гільз ад патронаў.

Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара, у Беразіно насельніцтва зменшылася ўдвая. А таму 3 ліпеня, дзень вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта, вядома ж, свята, але свята са слязамі на вачах.

У жніўні-верасні ваенны тэатр маналога «Мая вайна» прадоўжыць свае выязныя «гастролі» ў працоўныя калектывы.

Тамара Круталевіч,

загадчыца аддзела маркетынгу раённай бібліятэкі,

г. Беразіно

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».