Вы тут

Васіль Шырко: «Няма рэгіёна, дзе б я не пабываў»


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 25 ліпеня 2014 г.

___________________________________________________________________________

Празаік і публіцыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Васіль Шырко нядаўна ўганараваны медалём Францыска Скарыны.

Шырко

— Васіль Аляксандравіч, што для вас значыць гэта ўзнагарода?

— Для мяне яна нечаканая. І вельмі важная! З таго часу, як я атрымаў Дзяржаўную прэмію, прайшло 16 год. Медаль — не менш радасная і ўрачыстая падзея ў маім жыцці.

— Вы шмат гадоў працуеце ў журналістыцы. З якімі думкамі азіраецеся на ўласны творчы шлях?

— Яшчэ ў чацвёртым класе я вырашыў: буду паступаць толькі на журфак. У школе вучыўся сярэдне, але ўсе іспыты ў ВНУ вытрымаў на «выдатна» і стаў студэнтам Белдзяржуніверсітэта. Спачатку займаўся выключна вучобай, пакуль не зразумеў: трэба пісаць! Пачаў публікавацца ў «Чырвонай змене» ды іншых газетах. У рэспубліцы няма ніводнага рэгіёна, дзе б я не пабываў, і нават па некалькі разоў. Пазней лёс прывёў мяне ў літаратурна-драматычную рэдакцыю Беларускага тэлебачання. Тут пашчасціла працаваць з Валянцінам Мысліўцом, Іосіфам Скурко, Міколам Маляўкам, Алесем Кажадубам, Сяргеем Панізнікам. Разам стваралі тэлеперадачы. Адна з іх — «Ліра», дзе вядомыя пісьменнікі — Сяргей Грахоўскі, Янка Брыль ды іншыя — адказвалі на нашы пытанні непасрэдна ў студыі. Творчае асяроддзе паспрыяла таму, што я пачаў пісаць вершы, з якімі выступаў на старонках «ЛіМа», «Маладосці»...

— Што хвалюе сёння? Пра што пішацца?

— Не зроблена яшчэ шмат. Напрыклад, вельмі люблю дасціпны гумар. Сапраўдны майстар такіх сюжэтаў — Кандрат Крапіва, пра якога я, дарэчы, таксама пісаў. Журналістыка ўвогуле дае магчымасць сустракацца са знакамітымі людзьмі. Так, героямі маіх публікацый былі заслужаны майстар спорту СССР Аляксандр Мядзведзь, Героі Беларусі Павел Марыеў (былы генеральны дырэктар БелАЗа),  Віталь Крэмко (былы старшыня калгаса «Кастрычнік»), Аляксандр Дубко (Герой Сацыялістычнай Працы, былы старшыня Гродзенскага аблвыканкама). Цяпер у суаўтарстве з дырэктарам-галоўным рэдактарам Выдавецкага дома «Звязда» Алесем Карлюкевічам працуем над кнігай з умоўнай назвай «Уздзеншчына літаратурная».

За творчае жыццё я напісаў каля 500 нарысаў. У мяне ёсць вучні. Сярод іх — Уладзімір Сауліч, драматург, уласны карэспандэнт «Сельскай газеты», публіцыст Мікола Панасюк.

— Кіраўніцтва СПБ рэгулярна ладзіць вандроўкі па рэгіёнах Беларусі. Ці знаходзіце вы падчас гэтых паездак матэрыял для кніг?

— Канечне. Я не веру ў тое, што цалкам выдуманы сюжэт можа стаць асновай добрага літаратурнага твора. І з таго, што сустракаю падчас падарожжаў, у сваёй творчасці так ці інакш выкарыстоўваю амаль усё.

— Вашы публіцыстычныя творы змешчаны ў літаратурна-мастацкай перыёдыцы суседніх краін. Якія стасункі ў вас з літаратарамі замежжа?

— Да сённяшніх трагічных падзей ва Украіне я падтрымліваў цесную сувязь з Луганскам, друкаваўся ва ўкраінскіх часопісах. Некалькі апавяданняў перакладзена на казахскую мову.

— Што найбольш хвалюе вас у цяперашнім літаратурным працэсе?     

— Некалі «ЛіМ» надрукаваў цудоўны артыкул Уладзіміра Паўлава «Асцярожна, графаманы!». Так, маюць права на жыццё вершы без знакаў прыпынку. Але ўсё ж ставіцца да літаратуры ў цэлым і да прыёму творцаў у Саюз пісьменнікаў Беларусі трэба сур’ёзна. Каб аўтара чыталі, яму варта пісаць жыццёвыя, надзённыя творы. Тым, хто не адчувае слова, у літаратуры не месца.

— Вы шмат пішаце і для дзяцей. Раскажыце, калі ласка, пра вашу новую кнігу.

— Родную вёску Чурылава я назваў бы казачнай. Адсюль родам і пісьменніца-казачніца Таццяна Цехнябедзіна. А яшчэ гэта малая радзіма цудоўнага казачніка Алеся Якімовіча, аўтара мноства цікавых твораў. На мяне моцна паўплывала яго творчасць, і ў выніку з’явіўся вобраз стагадовага дзеда Манюкіна, які, нягледзячы на ўзрост, нават ездзіць на матацыкле. З ім здараюцца самыя неверагодныя прыгоды. Літаральна цягам тыдня я напісаў пра яго танюткую кніжачку — «Дзед Манюкін не салжэ». Другая — «Дзед Манюкін і ўнукі». У выніку яны склалі адну —  «Дзед Манюкін і ўнукі», якая зусім хутка павінна выйсці ў Выдавецкім доме «Звязда». Хацелася б, каб дзеці вучыліся ў майго героя быць добрымі, жыццярадаснымі, клапаціцца пра сваё здароўе. Ды і для дарослых, думаю, выданне таксама будзе прыдатным.

Гутарыла Яна ЯВІЧ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.