Вы тут

Станоўчы эфект ад мадэрнiзацыi назiраецца ўжо зараз


Ад таго, як паспяхова на замежным рынку будуць прадавацца айчынныя тавары i цi будзе ў краiну паступаць валюта, так цi iнакш залежыць дабрабыт кожнага чалавека. Гэта i ёсць галоўная мэта мадэрнiзацыi вытворчасцi, якая праходзiць у Беларусi. Але пры гэтым не трэба забывацца i на iншыя складнiкi работы любога прадпрыемства — годны заробак ды парадак у галiне аховы працы. Менавiта тут i схавалiся «падводныя камянi». Пра iх i iшла гаворка на пасяджэннi Нацыянальнага савета па працоўных i сацыяльных пытаннях.

— Толькi за дзевяць месяцаў выкарыстана 1,4 трыльёна рублёў iнвестыцый у асноўны капiтал, — заявiў намеснiк мiнiстра эканомiкi Аляксандр Ярашэнка. — Больш за ўсё сродкаў выдаткавана на буйныя праекты ў прамысловасцi, сельскай гаспадарцы, транспарце i сувязi — жыццёва неабходных сферах эканомiкi. Так, ужо скончана будаўнiцтва тэхналагiчнай лiнii па вытворчасцi цэменту i вугальнага аддзялення ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Крычаўцэментнашыфер». Паблiзу ад сталiцы, у вёсцы Шчытамiрычы, з'явiўся новы транспартна-лагiстычны цэнтр. На прадпрыемствах машынабудавання ў Брэсцкай i Мiнскай абласцях запушчаны новыя вытворчасцi.

Найбольш пiльны кантроль вядзецца за прадпрыемствамi, якiя больш за ўсiх уплываюць на якуюсьцi галiну эканомiкi цi рэгiён. Але якiмi б вялiзнымi нi былi грашовыя ўлiваннi з боку дзяржавы, без iнiцыятывы на месцах мадэрнiзацыя належным чынам не адбудзецца. Прадпрыемствы ж скардзяцца на недахоп уласных грошай i на вялiзныя працэнты па банкаўскiх крэдытах. Аднак выйсце ёсць i з гэтай сiтуацыi.

— Хоць стаўка рэфiнансавання зараз i высокая, але становiшча тупiковым назваць нельга, — гаворыць першы намеснiк прэм'ер-мiнiстра Беларусi Уладзiмiр Сямашка. — Да прыкладу, на будаўнiцтва беларускай атамнай электрастанцыi выдадзены крэдыт пад 4% гадавых на 28 гадоў.

Вынiкi мадэрнiзацыi пачынаюць станоўча ўплываць на стан эканомiкi ў цэлым. Але пры гэтым важна, каб памер заработнай платы ў супрацоўнiкаў прадпрыемстваў быў абгрунтаваны i пад яе не бралiся крэдыты, якiя пасля каменем павiснуць на арганiзацыi. А вось тут ёсць i свае асаблiвасцi. Як зазначыў першы намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Пётр Грушнiк, зараз ледзь не палова вакансiй у Беларусi прадугледжвае зарплату, на якую зусiм не пашыкуеш, — да 3 мiльёнаў рублёў. Зразумела, што па такi заробак людзi ў чаргу не выстраяцца. Ускосна гэта стала прычынай таго, што на працу сёлета ўладкавалася на 53 тысячы чалавек менш, чым звольнiлася.

Акрамя заробкаў, востра стаяць на прадпрыемствах i пытаннi аховы працы. Сёлета дадому не вярнулiся 133 работнiкi. Трацiна з iх незадоўга перад гiбеллю была «пад градусам».

— Гэта сведчыць аб тым, што кантроль з боку наймальнiкаў недастатковы, а ў працоўных калектывах п'янства як мiнiмум не асуджаецца, — лiчыць дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Анатоль Садоўнiчы. — Сярэднi ўзрост загiнулых — 43 гады, калi чалавек знаходзiцца ў росквiце сiл. Што адметна, дзевяць з дзесяцi смяротных выпадкаў адбываюцца з-за «чалавечага фактару»! У сумных лiдарах ходзяць Вiцебская i Мiнская вобласцi, дзе на рабочым месцы з жыццём развiталiся 24 i 26 чалавек адпаведна. Часцей за ўсё смяротныя выпадкi на прадпрыемствах здараюцца па вiне як супрацоўнiкаў, так i наймальнiкаў. Не выконваюцца абавязкi па ахове працы, недастаткова добра навучаецца персанал, эксплуатуецца няспраўнае абсталяванне... Трэба памятаць: палажэннi тэхнiкi бяспекi напiсаны крывёй. Мабыць, выконваць iх не заўжды зручна, затое вас дачакаюцца дома.

Валяр'ян ШКЛЕННIК.

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.