Вы тут

Беларуская АЭС - пад даглядам эколагаў


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада падпісаў Указ № 499 «Аб будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі», які дазваляе генеральнаму падрадчыку — ЗАТ «Атамбудэкспарт» (Расія) — пачаць будаўніцтва Беларускай АЭС. Гэтая навіна справакавала новыя абмеркаванні на тэму айчыннага атама.

Адной з пляцовак такога абмеркавання стаў «круглы стол» па прэзентацыі праекта «Грамадскі маніторынг уздзеяння Беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе».

У выніку да праекта далучыліся літоўскія і расійскія экалагічныя арганізацыі. Беларускае грамадскае аб'яднанне «Экалагічная ініцыятыва» заключыла пагадненні аб супрацоўніцтве ў экалагічнай сферы з дзвюма замежнымі грамадскімі арганізацыямі — Інстытутам рэгіянальнага развіцця і дэмакратыі (Літва) і Міжрэгіянальным грамадскім экалагічным рухам «Ака» (Расія).

1383710567462_6-30

Адкрытасць і празрыстасць

Як растлумачылі ўдзельнікі «круглага стала», падпісаныя пагадненні прадугледжваюць, што арганізацыямі-партнёрамі будзе наладжаны рэгулярны абмен вопытам у галіне экалагічнага маніторынгу атамных аб'ектаў, а таксама ажыццёўлена сумеснае правядзенне практычных мерапрыемстваў па радыяцыйным абследаванні аб'ектаў навакольнага асяроддзя, якія будуюцца каля Астраўца. Па словах кіраўніка Экалагічнай ініцыятывы Юрыя Салаўёва, МАГАТЭ і іншымі аўтарытэтнымі структурамі прызнана, што праект Беларускай АЭС, распрацаваны спецыялістамі расійскай кампаніі «Атамэнергапраект», з'яўляецца адным з самых бяспечных у свеце. «Таму галоўная задача для нас сёння — забеспячэнне грамадскага маніторынгу ходу будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі і практычнае ўкараненне ўсіх заяўленых у праектна-каштарыснай дакументацыі захадаў бяспекі», — падкрэсліў ён. Удзел замежных эколагаў у грамадскім маніторынгу выводзіць гэты працэс з нацыянальнага на міжнародны ўзровень і будзе садзейнічаць забеспячэнню незалежнага грамадскага кантролю за ўздзеяннем Беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе, лічыць кіраўнік грамадскага аб'яднання. «Акрамя таго, мы зможам удзельнічаць у праграме маніторынгу аб'ектаў, якія размешчаны на тэрыторыі Расіі і Літвы. У прыватнасці, гэта Ігналінская АЭС, якая з 2029 года павінна быць цалкам дэмантавана і выведзена з эксплуатацыі. Усе павінны разумець: мы жывём на адной планеце, а не ў нейкім у вакууме — важна адсочваць сітуацыю ў суседзяў», — сказаў Юрый Салаўёў.

«У Расіі ў грамадскасці ёсць магчымасць атрымаць актуальную і поўную інфармацыю аб усіх этапах — аб будаўніцтве АЭС, яе эксплуатацыі, перапрацоўцы ядзерных адходаў і вяртанні пляцоўкі ў зыходны стан. Той факт, што сёння праходзіць пасяджэнне «круглага стала» ў Мінску, на якім эксперты і эколагі з Беларусі, Літвы і Расіі могуць абмеркаваць актуальныя пытанні маніторынгу ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе, абмяняцца вопытам і намеціць планы на будучыню, з'яўляецца таксама важным паказчыкам. Сёння мы падпісалі пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве з беларускімі калегамі, і гэтая праца будзе будавацца на сістэмнай аснове. Усе нашы праекты мы будзем максімальна адкрыта і шырока асвятляць у СМІ. Адкрытасць і празрыстасць — гэта шлях да поспеху», — сказаў, у сваю чаргу, старшыня Міжрэгіянальнага грамадскага экалагічнага руху «Ака» Алан Хасіеў.

Эколагі змогуць адсочваць любое адхіленне ад заяўленых параметраў бяспекі

Падчас ажыццяўлення праекта грамадскага маніторынгу ўздзеяння Беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе ў перыяд з 14 па 18 кастрычніка валанцёрамі экалагічных недзяржаўных арганізацый і спецыялістамі дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя» Мінпрыроды Беларусі праводзілася радыяцыйнае абследаванне аб'ектаў навакольнага асяроддзя (глеба, паветра, вада) у рэгіёне, дзе будуецца АЭС. Ажыццёўлены адбор і аналіз проб глебы, вады і паветра на наяўнасць цэзію-137 і стронцыю-90 і выкананы вымярэнні ўзроўняў магутнасці дозы гама-выпраменьвання ў некалькіх населеных пунктах, а таксама на пляцоўцы АЭС. Чакаецца, што вынікі аналізу будуць гатовыя сёлета да сярэдзіны лістапада і прадстаўлены грамадскасці праз СМІ, а таксама ў межах пасяджэнняў «круглых сталоў» і семінараў, якія плануецца правесці падчас рэалізацыі праекта ў Беларусі, Літве і Расіі. Атрыманыя вынікі аналітычных даследаванняў стануць асновай для стварэння інфармацыйнага банка даных, неабходнага для ажыццяўлення рэгулярнага незалежнага маніторынгу ўплыву Беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе пасля яе ўводу ў эксплуатацыю. Таму эколагі змогуць адсочваць любое адхіленне ад заяўленых параметраў бяспекі БелАЭС. «На падставе гэтай базы даных будзе лёгка адсачыць, якое ўздзеянне станцыя аказала ў перыяд будаўніцтва і якое — пасля ўводу ў эксплуатацыю. Пры наяўнасці якіх-небудзь адхіленняў ад заяўленых параметраў бяспекі мы заўсёды зможам аператыўна праінфармаваць і дзяржаву, і грамадскасць для таго, каб прымаліся неабходныя захады», — падкрэсліў кіраўнік Экалагічнай ініцыятывы.

* * *

Беларуская АЭС з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200 ) МВт будзе пабудавана на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці. Для яе будаўніцтва выбраны праект «АЭС -2006», які цалкам адпавядае міжнародным нормам і рэкамендацыям МАГАТЭ. Генеральным праекціроўшчыкам і генеральным падрадчыкам з'яўляецца аб'яднаная расійская кампанія ААТ «НІАЭП» — ЗАТ «Атамбуд-экспарт». Тэрміны рэалізацыі праекта адлюстраваны ў генеральным кантракце, які прадугледжвае ўвод у прамысловую эксплуатацыю першага блока атамнай станцыі ў лістападзе 2018 года, другога — у ліпені 2020-га. Генеральны кантракт на будаўніцтва Беларускай АЭС Беларусь і Расія падпісалі ў ліпені 2012 года. Фінансаванне будаўніцтва АЭС ажыццяўляецца пераважна за кошт дзяржаўнага экспартнага крэдыту Расіі. У адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем, крэдыт прадастаўляецца на агульную суму да 10 млрд долараў тэрмінам на 25 гадоў для фінансавання 90% кошту кожнай дамовы паміж расійскім ЗАТ «Атамбудэкспарт» і беларускай дзяржустановай «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі».

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».