Вы тут

«На тым полі, дзе шмат кветак, — дзівосны букет», або Што чакае нацыянальныя літаратуры?


Пісьменнікі розных краін гэтымі днямі сабраліся ў Быхаве. На пасяджэнні міжнароднага «круглага стала» яны абмяркоўвалі, як працуюць і чым зарабляюць прадстаўнікі гэтай прафесіі, засцерагалі адзін аднаго ад глабальных праблем, што пагражаюць сапраўднай творчасці. Вяліся гарачыя спрэчкі і пра тое, што такое літаратуры кожнай краіны паасобку і што іх павінна аб'ядноўваць. Адным з арганізатараў быў і Выдавецкі дом «Звязда». Алесь КАРЛЮКЕВІЧ спачатку прэзентаваў новую кніжную серыю — «Сугучча сэрцаў».

Гэты праект уяўляе сабой 11 кніг, кожная з якіх напалову складаецца з твораў беларускай літаратуры, перакладзеных на рускую мову, а напалову — з твораў, таксама перакладзеных, літаратуры адной з краін СНД — такі атрымаўся своеасаблівы «мост» творчага сяброўства. Першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ зазначыла ў дачыненні да гэтага праекта:

1378158133361_3-38

— У «Сугуччы сэрцаў» сабрана літаратура ўсіх краін СНД. Нам трэба мацаваць і развіваць нашы кантакты. Таму што мы ўсе размаўляем на нацыянальных мовах. Аднак у нас ёсць моцная кансалідуючая зброя — руская мова, якую мы ўсе ведаем, любім, разумеем. І менавіта гэтая кніга, я ўпэўнена, трапіць ва ўсе бібліятэкі гэтых краін.

З далёкага Новасібірска ў Быхаў прыехаў паэт, галоўны рэдактар часопіса «Сибирские огни» Уладзімір Беразеў

. Ён — сапраўдны сябар нашай літаратуры, які заўважае тыя навінкі, з'явы, якія ў нас адбываюцца, і публікуе ў сваім выданні. На гэта Уладзімір Беразеў адказаў:

— Я вельмі люблю бываць на гэтай зямлі. Тут душа крыху адпачывае ад шалёнага тэмпу новасібірскага жыцця, тут мірна і спакойна. І пейзаж, і тэмп жыцця іншы. З іншага боку, магу сказаць, што ў Беларусі жывуць многія аўтары часопіса «Сибирские огни». І ў кожны прыезд я ўзбагачаю партфель нашага выдання новымі рукапісамі — адметнымі адкрыццямі. У мінулагодніх нумарах імі сталі маладыя беларускія пісьменніцы Алёна Брава і Наталля Валністая — унікальныя, таленавітыя творцы. Такую традыцыю мы будзем працягваць, бо беларуская літаратура ў нашым часопісе — адзін з выразных галасоў. Часта ў нас друкуюцца аўтары і з іншых краін СНД. Гэта пазіцыя выдання, еўразійская і сусветная, — аб'ядноўваць усіх сапраўдных таленавітых рускамоўных пісьменнікаў, якія жывуць сёння. Бо ў наш час для літаратуры няма межаў. Рускамоўныя кнігі выходзяць усюды, руская і беларуская літаратуры вывучаюцца ў многіх універсітэтах свету.

Ураджэнец Магілёўшчыны, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Валерый КАЗАКОЎ падтрымаў меркаванні суразмоўцаў. І дадаў, што айчыннай літаратуры на рускай мове можа пагражаць небяспека:

— З вялікім хваляваннем буду казаць пра лёс рускай літаратуры, якая перажывае няпросты час, хоць аўтараў і вельмі шмат. Увогуле няма нацыянальных літаратур, ёсць проста літаратура: добрая, якую чытаюць усе і любяць. Калі ж яе няма — застаецца чытво, якое мала перакладаецца, але шмат чытаецца — і гэта адна з асноўных на сёння праблем. Наша славянская літаратура (ды і ўвогуле нармальная літаратура) знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі. Не выключана магчымасць таго, што над намі сыдуцца дзве моўныя хвалі. Першая — англа-амерыканская, якая нясе з сабой шырспажыўскае смецце. І другая хваля, для нас пакуль не вядомая, — азіяцка-цюркская (сюды дадаю яшчэ і Кітай). Нам трэба аб'яднацца і адстаяць сваю агульную самабытнасць, іначай не ведаю, да чаго дажывём...

Пісьменнік, журналіст, сцэнарыст, рэжысёр-дакументаліст Аляксандр БАГАТЫРОЎ, таксама з Расіі, з меркаваннямі апанентаў аказаўся не згодны, але таксама нагадаў пра неабходнасць бараніць і прапагандаваць добрую літаратуру ў супрацьвагу шкоднаму ўздзеянню тэлебачання:

— Дзякуй Богу, нацыянальныя літаратуры ёсць! Бо на тым лузе, дзе шмат кветак, — дзівосны букет... Усім пісьменнікам, адказваючы на пытанне «Што нам рабіць?», я параіў бы прачытаць кнігу «Пра закон і боскую ласку» мітрапаліта Іларыёна. Бо сучасныя людзі жывуць пад пастаянным прыцэлам тэлевізара, з якога не пра боскую ласку кажуць, не пра закон, а яго сталае парушэнне. 90% экраннага часу займаюць дрэнна скляпаныя дэтэктывы. Яны, у адрозненне ад бессмяротнага твора Дастаеўскага «Злачынства і пакаранне», разглядаюць пытанне не таго, як чалавек прыходзіць да пакаяння пасля смяротнага граху, а таго, хто забіў... Вось чым з дня ў дзень, на жаль, займаюцца і многія пісьменнікі, і мае калегі-кінематаграфісты. Адрыў ад маральнасці, ад нацыянальных каранёў — гэта найвялікшая бяда. Аднак выдатная асаблівасць нашага часу заключаецца ў тым, што мы ўзгадалі пра карані. І я радуюся, што пра гэта сталі думаць не толькі прафесіянальныя творцы, але і дзяржаўныя дзеячы. Мы бачым, што з'явілася новая плеяда людзей, якія не толькі, як у народзе кажуць, стаяць збоку і свечку трымаюць, але шчыра вераць і разумеюць, што толькі з Божай дапамогай можна выцягнуць гэты наш велізарны воз з той бездані, у якую завялі яго і гоняць і кіраўнікі, і наша акаянства, і лянота, і п'янства, і незлічоная колькасць грахоў. Задача літаратуры — адлюстроўваць не статус-кво, не бяду, у якую мы трапілі, а шляхі, як знайсці з яе выйсце.

Намеснік старшыні Кіеўскай арганізацыі Нацыянальнай суполкі пісьменнікаў Украіны Уладзімір ДАНІЛЕНКА разважаў не толькі пра тое, што такое пісьменніцтва як прызначэнне, але і пісьменніцтва як прафесія. Па словах Даніленкі, за апошняе 20-годдзе ў гэтай сферы ва Украіне адбылося надзвычай шмат:

— Пасля падзення Савецкага Саюза і стварэння незалежных дзяржаў украінская літаратура апынулася ў абсалютна новых умовах развіцця. Са знікненнем таталітарнай ідэалогіі паўстала неабходнасць пісаць пра злабадзённыя рэчы. За кароткі час знікла дзяржаўная гандлёвая арганізацыя «Кніга», якая займалася пастаўкай выданняў у кнігарні Украіны. Былі прададзены многія кніжныя крамы, на мяжы знікнення апынуліся і самі выдавецтвы. Знік клас прафесійных пісьменнікаў, якія жылі за кошт продажу сваіх кніг. Але апошняе — з'ява не ўнікальная: у большасці краіны Еўрапейскага саюза пераважная большасць пісьменнікаў займаецца творчасцю ў вольны ад асноўнай працы час. Летась на ўкраінскай кніжнай выставе адзін французскі выдавец прызнаўся, што іх пісьменнікі зарабляюць на жыццё журналістыкай або выкладчыцкай працай... За гады незалежнасці ва Украіне з'явіліся новыя кніжныя выдавецтвы з украінскім і замежным капіталам, кніжныя серыі, літаратурныя газеты і інтэрнэт-выданні. Штогод у Львове праходзіць буйны міжнародны кніжны форум, а ў Кіеве — літаратурныя кніжныя кірмашы і таксама кніжны форум, прысвечаны Дню незалежнасці Украіны. Штогод уручаецца нацыянальная ўзнагарода аўтарам, чые тыражы перавысілі 100 тысяч экземпляраў, складаюцца рэйтынгі лепшых выданняў.

Са слоў Даніленкі вынікала, што прафесійныя пісьменнікі ва Украіне могуць і зарабіць сваёй творчасцю, і распіярыць сябе, калі трэба, і быць запатрабаванымі. І даволі часта гэта адбываецца без падтрымкі дзяржавы. Па прыватнай ініцыятыве адкрываюцца выдавецтвы, якія паступова становяцца даволі буйнымі. Паэты самі актыўна распаўсюджваюць сваю творчасць і робяцца прыкметнымі асобамі ў грамадстве. Іначай кажучы, развіццё і прэстыж прафесіі пісьменніка адбываецца знутры.
Ва ўдзельнікаў міжнароднага «круглага стала» быў час не толькі абмяняцца вопытам, але і пасябраваць падчас беларускага Дня пісьменства. Многія з іх паехалі дадому з новымі творамі нашых аўтараў, як паэтычнымі, так і празаічнымі, мяркуючы надрукаваць іх у сваіх выданнях. Кожнаму было чым ганарыцца і чаму павучыцца.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
г. Быхаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.