Вы тут

Хто памяняе цыгарэту на цукерку?


У Бярэзінскім раёне знайшлося 100 ахвотных. Там завяршылася акцыя "Аграгарадок — зона цвярозасці і некурэння". Удзельнічала ў ёй каля 500 чалавек.

Яшчэ Дэмасфен казаў, што змагацца з чалавечымі заганамі трэба ўсімі даступнымі сродкамі і ў першую чаргу словам. Сапраўды так, яркае слова — гэта і баец, і прапагандыст, і агітатар, і сродак пераканання. А хто добра валодае словам? Бясспрэчна, работнікі культуры, бібліятэк. Менавіта яны звярнуліся ў Бярэзінскі райвыканкам з прапановай правесці мабільную акцыю па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

— У раёне 10 аграгарадкоў. Наш агітцягнік выйшаў на маршрут 17 мая, першым наведалі аграгарадок "Паплавы", — распавяла загадчыца аддзела маркетынгу Бярэзінскай раённай бібліятэкі, старшыня раённага Савета жанчын, аўтар і вядучая праекта Тамара Круталевіч. — Аграгарадкі былі выбраны менавіта таму, што яны з'яўляюцца флагманамі сацыяльна-культурнага развіцця сельскай мясцовасці. Сваёй акцыяй мы мелі на мэце падняць іх статус, паказаць асаблівасці і непаўторнасць, а таксама сфарміраваць грамадскую думку, атмасферу нецярпімасці да цыгарэтнага дыму і хмельных традыцый з ідэяй абвяшчэння кожнага аграгарадка зонай цвярозасці і некурэння.

1377015442844_20-19

Кампанія прадугледжвала шматлікія мерапрыемствы для людзей розных узростаў, прафесій, сацыяльнага статусу. Напрыклад, "У радасны дзень вяселля ні кроплі спіртнога" (для маладажонаў), "Падымі гіру пяць разоў і атрымай прыз", "Самадзейныя артысты супраць шкодных звычак", "Ушанаванне землякоў — прыхільнікаў руху "Аграгарадок — зона цвярозасці і некурэння", "Залаты фонд аграгарадка", "Памяняй цыгарэту на цукерку" і шмат іншых. Безумоўна, яны праходзілі з выкарыстаннем разнастайных прыёмаў, што выклікалі моцныя эмоцыі, абвостранае ўсведамленне і вобразнае ўспрыманне інфармацыі. Па колькасці цукерак, што разышліся, арганізатары падлічылі: у акцыі ўдзельнічала звыш 100 чалавек.

Асноўнае дзеянне адбывалася ў дамах культуры аграгарадкоў. У прыватнасці, тэатр аднаго акцёра прадстаўляў нявыдуманыя гісторыі пра трагедыі людзей, якіх загубіла "зладзейка з наклейкай". Перад жыхарамі выступалі старасты, старшыні сельскіх Саветаў з заклікам пачынаць з сябе, сваёй сям'і, каб пераўтварыць аграгарадок у зону цвярозасці. Акцэнт рабіўся на ўшанаванне людзей, сем'яў, якія не сябруюць з алкаголем і цыгарэтай, маюць карысны для сябе занятак. Падчас прэзентацыі яны расказвалі, адкуль пайшла гэтая традыцыя — ад бацькоў, дзядоў. Адзін з жыхароў, які доўгі час курыў, пры пераездзе на новае месца жыхарства развітаўся са шкоднай звычкай. "Як жа я з цыгарэтай у зубах павяду па вуліцы свайго сына ў школу?" — заявіў ён. За ўзор бралі і старажылаў, якія за свой сталы век не выкурылі ні адной цыгарэты, не выпілі чаркі гарэлкі. Былому ўрачу Марыі Гаўрылаўне Кавалёвай

92 гады. Пра сакрэт свайго даўгалецця яна кажа так: "Няма хворых, ёсць гультаі". І раіць пераняць гэты дэвіз маладому спецыялісту Пагосцкай участковай бальніцы Юрыю Курачу. Праўда, Юрый Георгіевіч не курыць сам і нават дапамог развітацца з заганай двум пацыентам. Анатолю Сцяпанавічу Стрыгельскаму 87 гадоў. Дваццаць гадоў таму кінуў курыць.

У якасці прыкладу прыводзіліся прозвішчы кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый, органаў мясцовага самакіравання, школьных устаноў, чыя пазіцыя паспрыяла павышэнню прэстыжу родных мясцін. Цудоўна, што сярод тых, хто стаіць душою за цвярозасць і некурэнне, знайшлося шмат педагогаў. Гучалі імёны механізатараў, якія вядуць прыстойны лад жыцця. Механізатар — самая запатрабаваная спецыяльнасць на вёсцы. Яго называць "валадаром поля", "сябрам жаўрука". У аграгарадках "Багушэвічы", "Лешніца", "Пагосцкі" сярод механізатараў шмат хто не захапляецца выпіўкай і курэннем. Напрыклад, у Сяргея Корыка два цудоўныя сыны: малодшы вучыцца ў школе, а старэйшы закончыў авіяцыйны каледж. Як лічыць Сяргей Дадонаў, быць перадавіком яму дазваляе ў тым ліку і адсутнасць перакураў.

— Мы імкнуліся давесці да кожнага: аграгарадок — гэта не толькі геаграфічная тэрыторыя. Людзей, што тут пражываюць, аб'ядноўвае любоў да роднага краю, агульная праца на карысць грамадства, традыцыі і звычкі іх продкаў. І, бясспрэчна, рабілі ўпор на нейкую адметнасць кожнага з іх. Напрыклад, у аграгарадку "Багушэвічы" выпускнікі мясцовай школы 1981 года засталіся ў калгасе ўсім класам. Так утварылася Маладзёжная вуліца. І сярод іх няма выпівох. У аграгарадку "Лешніца" таксама шмат маладых сем'яў жыве на вуліцах Маладзёжнай і Паркавай. У кожнага дагледжаны падворак, каля дома мноства кветак і зеляніны, падсобная гаспадарка. Тут таксама не сябруюць з гарэлкай і тытунём, а значыць, і з лянотай. У аграгарадку "Сяліба" пражывае аж сем нацыянальнасцяў. Жывуць у згодзе і міры, бо не ўжываюць спіртнога, — адзначае Тамара Круталевіч.

А многія не пабаяліся прызнацца перад землякамі, што злоўжывалі алкаголем ці курэннем, але знайшлі ў сабе сілу волі завязаць са шкоднымі звычкамі. Такім уручалі самаробны ордэн " За цвярозасць. За сілу волі". І асаблівы наказ давалі маладажонам засцерагацца "ад зладзейкі з наклейкай". Ад гэтага залежыць іх далейшы дабрабыт, здароўе іх дзяцей.

— Вядома, мы не ідэалісты, разумеем, што цяжка адначасна выправіць чалавека, які злоўжываў гарэлкай і тытунём гадамі. Але нават калі некалькі нашых грамадзян задумаюцца над сваімі паводзінамі і перастануць піць, то нашы намаганні патрачаны не дарэмна, — гаворыць Тамара Круталевіч.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.