«Жаночая» навука ствараецца мужчынамi
На атрыманне Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь у галiне навукi i тэхнiкi па раздзелу «За падручнiкi i вучэбныя дапаможнiкi» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь, Беларускi дзяржаўны медыцынскi унiверсiтэт i Беларуская медыцынская акадэмiя паслядыпломнай адукацыi вылучылi комплекс падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў па акушэрству i гiнекалогii для вышэйшых i сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў Iвана Уладзiмiравiча ДУДЫ, Вiталя Iванавiча ДУДЫ i Уладзiмiра Iванавiча ДУДЫ. Гаворка iдзе пра адзiны вучэбна-метадычны комплекс, якiм Iван Уладзiмiравiч i два яго сыны забяспечылi падрыхтоўку кадраў акушэрска-гiнекалагiчнай службы краiны на ўсiх узроўнях — сярэдняй медыцынскай адукацыi, вышэйшых вучэбных медыцынскiх устаноў, паслядыпломнага ўдасканалення. Доўгi час усе тутэйшыя медыкi ў галiне акушэрства-гiнекалогii рыхтавалiся па падручнiках, выдадзеных у Маскве i Ленiнградзе. Фактычна за ўвесь перыяд вышэйшай медыцынскай адукацыi рэспублiкi толькi ў 50—60-я гады мiнулага стагоддзя былi выдадзены пераклад падручнiка па акушэрству i вучэбны дапаможнiк па акушэрству i гiнекалогii. На шчасце, на дадзены момант можна гаварыць аб тым, што нашым навучэнцам i ўрачам прадастаўляецца поўны аб’ём ведаў з уласных крынiц. Пагадзiцеся, апошняе вельмi важна для любой краiны, у тым лiку i таму, што гаворка можа iсцi аб нацыянальных асаблiвасцях акушэрска-гiнекалагiчнай службы, у прыватнасцi, у сiстэме родадапамогi. Канец XX — пачатак XXI стагоддзяў характарызуецца асаблiва прагрэсiўным развiццём усiх накiрункаў медыцыны. У дачыненнi да акушэрства i гiнекалогii можна сказаць аб пастаянным развiццi i ўдасканаленнi ўяўленняў аб фiзiялагiчных i паталагiчных працэсах рэпрадуктыўнай сiстэмы жанчын, змяненнях у ёй падчас цяжарнасцi, родаў i пасляродавага перыяду, а таксама пры гiнекалагiчнай паталогii. Акушэрскiя праблемы, звязаныя з анамалiямi родавых шляхоў i размяшчэннем плода, сталi асноўнай складовай аператыўнага акушэрства. У сучасных жа вучэбных праграмах такiм аперацыям амаль не ўдзялялася ўвагi. Студэнтам 6-га курса медыцынскiх ВНУ, субардынатарам i ўрачам-стажорам часам няпроста было набыць лiтаратуру, якая давала апiсанне паслядоўнасцi выканання аператыўных умяшанняў. Аднак у вучэбны дапаможнiк 2002 года — «Аператыўнае акушэрства» I.У. Дуда, В.I. Дуда i У.I. Дуда залажылi анатомiю жаночай урагенiтальнай сiстэмы i фiзiялогiю родаў, без якiх немагчыма правiльна правесцi хiрургiчнае лячэнне. Аўтары разгледзелi вядзенне цяжарнасцi i родаў у час памежных станаў, анамалiй родавых шляхоў i становiшча плода, удзялiлi ўвагу перадаперацыйнай падрыхтоўцы, непасрэдна тэхнiцы асноўных акушэрскiх аперацый, нарэшце, адлюстравалi сучасныя погляды на карэкцыю пасляаперацыйных ускладненняў i крытычных станаў. Настольнымi для акушэраў-гiнеколагаў сталi кнiгi «Клiнiчнае акушэрства» i «Клiнiчная гiнекалогiя», выдадзеныя ў 1997 i 1999 гадах. Iх першыя вялiкiя тыражы разышлiся лiтаральна за тры-чатыры месяцы. Зараз шырока выкарыстоўваецца студэнтамi медыцынскiх ВНУ у навучальным працэсе серыя дапаможнiкаў — «Фiзiялагiчнае акушэрства», «Паталагiчнае акушэрства», «Гiнекалогiя», вышэйпамянёнае «Аператыўнае акушэрства» i «Аператыўная гiнекалогiя». Падручнiкi «Акушэрства» i «Гiнекалогiя» атрымалi ў 2002 годзе навучэнцы сярэднiх навучальных устаноў. Cёлета выйшлi з друку яшчэ два падручнiкi — «Акушэрства» i «Гiнекалогiя», прызначаныя для студэнцкай аўдыторыi. Па прычыне таго, што неабходная работа па прапанаванню комплексу выданняў трох вядучых беларускiх акушэраў-гiнеколагаў на атрыманне Дзяржаўнай прэмii пачалася яшчэ ў мiнулым годзе, гэтыя выданнi цяпер стаяць асобна. «Адзiн «разбэшчаны» кiнафiльм можа перакрэслiць дзесяткi асветнiцкiх матэрыялаў» Для ўсiх урачоў у галiне акушэрства-гiнекалогii кнiгi Iвана Уладзiмiравiча Дуды i яго сыноў сталi настольнымi. Можа, лiчыць прафесар, гэта i нясцiпла гучыць, але ж факт. Дынастыя Дудаў нiколi не перашкаджала iншым рабiць падобныя поспехi ў роднай iм галiне, таму нельга сказаць, што iм «проста пашанцавала» трапiць у намiнанты на Дзяржаўную прэмiю. Лепш сказаць, што яны цяжка i многа працавалi, i, на шчасце, гэта не засталося незаўважаным. Рэцэнзii i водгукi на кнiгi з адпаведных устаноў у Мiнску, Гродне, Вiцебску, а таксама з Расii i Украiны былi проста шыкоўнымi. I гэта не дзiва: запыты на атрыманне падручнiкаў Дудаў паступаюць зараз у Беларусь амаль з усiх краiн Садружнасцi. I бацька, i сыны бяруць удзел у шматлiкiх кангрэсах i канферэнцыях розных краiн свету... Ну а сёння аўтары гэтых кнiг сустракаюцца з чытачамi (перш-наперш, напэўна, чытачкамi) «Звязды» i адказваюць на пытаннi, якiя хвалююць не толькi медыкаў... — Як у цэлым вы ацэньваеце стан спраў у айчыннай акушэрска-гiнекалагiчнай службе? Уладзiмiр ДУДА: Галоўныя паказчыкi нашай службы — гэта, як вядома, узровень мацярынскай, перынатальнай i дзiцячай смяротнасцi. Пачынаючы з 70-х гадоў у нас тут назiраецца паступовае знiжэнне, i можна сказаць, што апошнiя пяць—дзесяць гадоў паказчыкi перынатальнай i дзiцячай смяротнасцi трымаюцца на ўзроўнi развiтых краiн — такiх як Вялiкабрытанiя цi Японiя. Мацярынская смяротнасць — гэта, нагадаю, прамежак часу з першага дня цяжарнасцi i яшчэ 42 днi пасля родаў — разлiчваецца на 100 тысяч жыванароджаных. Iдэ-альным лiчыцца паказчык на ўзроўнi 10—15 выпадкаў, а ў нас толькi аднойчы ён склаў 14, а так трымаецца на ўзроўнi 20. Што таксама нядрэнна. Ва ўсякiм разе, гэта лепшае дасягненне сярод краiн СНД. Працягваючы адказваць на ваша пытанне, можна сказаць, што пацiху ажыццяўляецца i ўкараненне нечага новага, а вось забяспечанасць спецыяльнай тэхнiкай i абсталяваннем вымагае жадаць лепшага. Будзем спадзявацца, што вялiкае рэфармаванне, якое адбываецца ў галiне аховы здароўя, станоўча паўплывае на сiтуацыю. — Чаму наша дэмаграфiчная сiтуацыя разглядаецца зараз выключна з пазiцыi катастрофы? I якой вам бачыцца роля акушэраў-гiнеколагаў у незваротным працэсе? Вiталь ДУДА: Сапраўды, склалася негатыўная дэмаграфiчная сiтуацыя. Але мне не хацелася б выдзяляць менавiта Беларусь. Гаворка iдзе пра з’яву, якая ахапiла ўвесь цывiлiзаваны свет. Таму лепш гаварыць не катастрофа, а менавiта негатыўная тэндэнцыя. У нашай краiне яна пачала складвацца, груба кажучы, года з 1985-га. У 1995—1997 г.г. сiтуацыя не тое што стабiлiзавалася, а проста ўжо не магла развiвацца ранейшымi тэмпамi. Ну, а калi вы хочаце пагаварыць аб выпраўленнi становiшча, значыць, пяцьдзесят працэнтаў сем’яў павiнны нарадзiць не менш чым трое дзяцей, або сто працэнтаў — па двое. Гэта, канешне, немагчыма, але вельмi добра, што на дзяржаўным узроўнi прымаюцца пэўныя меры, перш-наперш сацыяльна-эканамiчныя. Гэта правiльна, бо наша служба адыгрывае не самую значную ролю ў дэмаграфiчным працэсе. Хоць мы i робiм усё, што ад нас залежыць. — У тым лiку спрабуеце дапамагчы бясплодным парам... Па якiх прычынах, дарэчы, бясплоднасць стала такой актуальнай праблемай? Вiталь ДУДА: У свеце 15—20 працэнтаў ад усiх шлюбных пар не могуць мець дзяцей. Гэта настолькi буйная i складаная праблема, што вырашыць яе поўнасцю не ўдасца нiколi. Аднак што можна зараз рабiць, дык гэта лячыць тых, каго магчыма. У вынiку прыняцця ўсемагчымых мераў без сваiх дзяцей, дарэчы, застаецца толькi трэцяя частка ад гэтых 15 працэнтаў. Многае ў галiне вырашэння праблемы бясплоднасцi прасунулася наперад. Яшчэ не так даўно тыя, хто дабiўся станоўчага вынiку пасля штучнага апладнення, лiчылiся абсалютна бясплоднымi. Аднак самае важнае, дзейснае — не дапусцiць захворвання. Я гавару аб прафiлактыцы, канешне. Эротыка, задавальненне — гэта добра, аднак нельга забываць, што адзiн «разбэшчаны» кiнафiльм можа перакрэслiць дзесяткi асветнiцкiх матэрыялаў. Рэкрэацыйныя функцыi — гэта самае задавальненне, многiя ставяць на першае месца, хаця па ўсiх законах логiкi i сэнсу на першым месцы павiнна быць нараджэнне да сябе падобнага, прадаўжэнне роду. А ў рэшце рэшт гэта не стасуецца з тым, што мы маем — раннiм пачаткам палавога жыцця, частай зменай палавых партнёраў, захворваннямi, якiя перадаюцца палавым шляхам, шматлiкiмi запаленчымi працэсамi. — Скажыце, а што вас насцярожвае ў падыходзе нашых жанчын да кантрацэпцыi? Iван ДУДА: Кантрацэпцыя — гэта адзiн з дзесяткаў пытанняў, якiя ёсць у праблеме планавання сям’i. Зараз яго, праўда, узвялi ў ранг цi не адзiнага... Ну, што ж, прафiлактыка непажаданай цяжарнасцi — гэта медыцынскi аспект планавання сям’i. Праблема сур’ёзная i актуальная на працягу тысячагоддзяў. Складанасць заключаецца ў тым, што чалавеку патрэбны метады, якiя б выконвалi ролю прафiлактыкi цяжарнасцi i адначасова не змянялi фiзiялагiчных працэсаў... Але такога сродку яшчэ нiхто не прыдумаў. Ёсць шмат метадаў папярэджання цяжарнасцi, i самым папулярным на бягучы момант застаецца метад гарманальнай кантрацэпцыi. Менавiта па гэтай прычыне я хачу падкрэслiць, што сiтуацыя, калi жанчыны набываюць таблеткi ў аптэцы без рэкамендацыi ўрача, — недапушчальная. У процiлеглым выпадку жанчына пазбягае цяжарнасцi, але набывае iншыя праблемы. Можна выкарыстоўваць любы вядомы на сённяшнi дзень метад кантрацэпцыi, але толькi пры дынамiчным назiраннi на дыспансерным улiку. Кансультацыя ва ўрача абавязковая. Назначэнне таго цi iншага кантрацэптыўнага сродку робiцца на падставе паказанняў канкрэтнай пацыенткi, з улiкам процiпаказанняў, яе ўзросту i г.д. — Жыццё жанчыны — пераходны перыяд ад дзетанараджэння да фiзiялагiчнай бясплоднасцi... Далёка не ўсе жанчыны ўмеюць правiльна паводзiць сябе ў кожны канкрэтны, па-свойму складаны перыяд. Мала таго што навакольнае асяроддзе не «спрыяе» захаванню здароўя, дык яшчэ i мы самi робiм не тое i не так... Чаму, напрыклад, так iмклiва расце колькасць «жаночых» захворванняў, у тым лiку анкалагiчных? Уладзiмiр ДУДА: Сапраўды, мы дасягнулi вялiкiх змен у паказчыках мацярынскай, перынатальнай, дзiцячай смяротнасцi, аднак нам не ўдаецца знiзiць колькасць хвароб, ад якiх пакутуюць цяжарныя жанчыны, хвароб, з якiмi нараджаюцца iх дзецi. Што датычыць наогул жаночых хвароб, то iх вельмi шмат: гэта i эндакрынныя паталогii, i запаленчыя працэсы, i вялiкая група перадпухлiнных станаў, уласна пухлiны. Калi мы загаварылi пра анкалогiю, то неабходна адзначыць, што наша асноўнае дасягненне ў гэтай галiне — знiжэнне частаты выяўлення анкалагiчных захворванняў у запушчаных стадыях. Хаця ў цэлым частата ўзнiкнення пухлiн, на жаль, не знiжаецца. Што на гэта ўплывае? Ды вельмi многае... I некаторыя прычыны нават да канца не вядомы цi не вывучаны. Скажам, за апошнiя дзесяцiгоддзi значна вырасла колькасць ракавых захворванняў малочнай залозы. Паралельна расце, напрыклад, i ўжыванне гарманальных кантрацэптыўных сродкаў. Вучоныя не знаходзяць тут нейкай непасрэднай сувязi, але дыспансэрнае назiранне ва ўрача ўсе прызнаюць неабходным. Анкалогiя мае як агульныя фактары ўзнiкнення анкалогii, так i спецыфiчныя. Напрыклад, у кожнага органа могуць быць свае прычыны лакалiзацыi пухлiны. У жанчын, якiя нiколi не раджалi, не рабiлi аборт, «слабымi месцамi» могуць быць матка i яечнiкi. Аднак амаль нiколi ў iх не назiраецца пухлiн, звязаных з траўматызацыяй шыйкi маткi. Наадварот, жанчыны, якiя раджалi, або часта мянялi палавых партнёраў, або пакутавалi ад запаленчых захворванняў, больш падвяргаюцца захворванням шыйкi маткi. Што ж датычыць лячэння анкалагiчных станаў, то не толькi ў гiнекалогii, але ва ўсiх выпадках эфектыўным лiчыцца той метад, пасля прымянення якога чалавек пражыў пяць i больш гадоў. Гутарыла Святлана БАРЫСЕНКА.
|