«Iншыя» еўрапейцы — нямецкiя туркi
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
Некаторыя вынiкi 30-гадовага легальнага «нашэсця» туркаў на ГерманiюЗа апошнiя 15 гадоў рэгулярна наведваў Германiю i кожны раз заўважаў усё ўзрастаючую прысутнасць, так бы мовiць, асобаў турэцкай нацыянальнасцi на гарадскiх вулiцах, на працоўных месцах у крамах i супермаркетах, у офiсах устаноў i арганiзацый, у сферы бiзнэсу i палiтыкi. У размовах з немцамi турэцкае пытанне ўзнiкала амаль заўсёды, а вось грунтоўна пагутарыць з туркамi аб iх жыццi-быццi на Нямеччыне ўдалося ўпершыню толькi сёлета ў час нядаўняй паездкi ў складзе дэлегацыi беларускiх журналiстаў. Гэту сустрэчу, заўважу, нам арганiзавалi немцы. Факт, якi, на мой погляд, гаворыць аб пачатку вялiкай i цяжкай работы па пераасэнсаванню месца i ролi мiгрантаў-мусульман у грамадстве. Вiдаць, нарэшце немцы ўсвядомiлi, што iх мiлая сэрцу Германiя ўжо ператварылася ў краiну мiгрантаў. I з гэтым цяпер прыйдзецца жыць. Сёння ў краiне больш як 15 мiльёнаў iншаземцаў цi амаль пятая частка ўсяго насельнiцтва ФРГ. З iх (па розных крынiцах) ад трох да чатырох мiльёнаў — туркi. Iх колькасць няўхiльна расце як у вынiку значна большай нараджальнасцi ў турэцкiх сем’ях у параўнаннi з нямецкiмi, так i за лiк землякоў з этнiчнай радзiмы. Палова мiгрантаў ужо атрымала грамадзянства ФРГ. Сярод iх i Нiхат Зоргеч, кiраўнiк адукацыйнага цэнтра ў невялiкiм гарадку Кройцберг зямлi Паўночны Рэйн-Вестфалiя. Ён у юнацтве разам з бацькамi прыехаў з турэцкай глыбiнкi ў Германiю i па мiгранцкiх мерках выбiўся ў людзi. У яго свой невялiкi бiзнэс, прыстойны аўтамабiль, салiдны рахунак у банку. Яго сын таксама грамадзянiн ФРГ. Сям’я Зоргеча назаўсёды звязала свой лёс з гэтай зямлёй. Наш суразмоўца не без задавальнення гаварыў аб поспехах туркаў не толькi ў прадпрымальнiцтве. Яго землякi яшчэ займаюцца публiчнай палiтычнай дзейнасцю, некаторыя нават прабiлiся ў бундэстаг, iншыя засядаюць у ландтагах — зямельных парламентах. Зоргеч не ўстрымаўся ад смелага прагнозу: да 2020 года ў складзе федэральнага ўрада з’явiцца мiнiстр-турак. Ён упэўнены ў гэтым. Ёсць жа туркi сярод топ-менеджараў вядомых кампанiй. Надыходзiць час свайго мiнiстра, а там.... Адкуль такая ўпэўненасць? «Немцы ўжо не могуць абысцiся без мiгрантаў», перакананы Нiхат Зоргеч. Ён спакойна пералiчвае аргументы на карысць сваёй думкi. Сёння ў краiне на аднаго пенсiянера прыходзяцца тры працуючыя. У выпадку, скажам, раптоўнага ад’езду ўсiх iншаземцаў, суадносiны будуць адзiн да аднаго. Гэтага не вытрымае эканомiка, а значыць i сацыяльная сiстэма. Яна проста абвалiцца. Таму ў Германii няма iншага выйсця, як пачаць укладваць сур’ёзныя iнвестыцыi ў адаптацыю i падрыхтоўку мiгрантаў, у iх сярэднюю i спецыяльную тэхнiчную адукацыю. Што можа прапанаваць Германiя? Напрыклад, якасна палепшыць, зрабiць больш iнтэнсiўным працэс iнтэграцыi дзяцей мiгрантаў i маладых людзей у нямецкае грамадства. Канцлер ФРГ Ангела Меркель на леташняй нарадзе на вышэйшым узроўнi па пытаннях адаптацыi iншаземцаў заявiла iх прадстаўнiкам: «Мы хочам, каб вы не адчувалi сябе ў нас гасцямi». Трэба сказаць, што праблемы, звязаныя з iнтэграцыяй, у Германii даўно i ўсiм вядомы. Навiзна моманту ў тым, што цяпер iх вырашаць улады плануюць сумесна з мiгрантамi. Дзеля гэтага распачаты грамадскi дыялог аб iх iнтэграцыi, стварэннi спрыяльных умоў для хуткага авалодвання iншаземцамi, у першую чаргу моладдзю, нямецкай мовай. Новыя падыходы да праблематыкi iнтэграцыi тады выклiкалi адабрэнне з боку аб’яднанняў i саюзаў iншаземцаў.Так, старшыня турэцкай абшчыны Германii Кенан Колат загаварыў аб новай эры iнтэграцыйнай палiтыкi. На яго думку, немцам ужо больш немагчыма сабе манiць, што, маўляў, Германiя застаецца краiнай без мiгрантаў. Адным з вынiкаў новай палiтыкi Нiхат Зоргеч называе красамоўную лiчбу: ужо 70 тысяч яго суайчыннiкаў адкрылi сваю справу ў Германii. На гэтых прадпрыемствах працуе 350 тысяч чалавек. У сферы турэцкага бiзнэсу знаходзяць сабе месца iншаземцы з iншых краiн СНД. Тым не менш, як адзначае наш субяседнiк, новым грамадзянам турэцкага паходжання нярэдка даводзiцца лiтаральна змагацца за выжыванне. Беспрацоўе сярод мiгрантаў удвая большае, чым сярод немцаў. Колькасць дзяцей мiгрантаў, якiя вучацца ў гiмназiях i атрымлiваюць вышэйшую адукацыю, вельмi нязначная — усяго каля 9 працэнтаў. Астатнiя 90 працэнтаў турэцкай моладзi могуць разлiчваць толькi на дыплом прафесiйна-тэхнiчнага вучылiшча. I гэта ўвогуле нядрэнна, лiчыць Нiхат Зоргеч, бо трэцяя частка турэцкага насельнiцтва ФРГ пазбаўлена такой магчымасцi з-за элементарнай непiсьменнасцi i неадукаванасцi. Таму iх сацыяльныя перспектывы вельмi няпэўныя. Цяпер у краiне засталiся працоўныя месцы, якiя патрабуюць квалiфiкацыi. А рабочая прафесiя — пропуск у будучыню для маладых туркаў. — Але гэта толькi першая прыступка да ўсталявання рэальнай роўнасцi, наперадзе — задача давесцi колькасць турэцкiх студэнтаў у нямецкiх ВНУ з 9 да 23 працэнтаў, — гаворыць Нiхат Зоргеч. У сваю чаргу немцы хочуць на ўсякi выпадак абаранiць сябе ад непрыемных сюрпрызаў з боку мусульманскай часткi iх грамадства. Гучаць часам даволi жорсткiя прапановы. Напрыклад, увесцi для прэтэндэнтаў на грамадзянства ФРГ тэст на лаяльнасць новай радзiме. Спачатку мяркуецца ў якасцi эксперыменту праводзiць двухгадзiнны вусны iспыт у зямлi Бадэн-Вюртэмберг. Кандыдаты павiнны адказаць на 30 пытанняў наконт ведання асноў еўрапейскiх правiлаў жыцця, выказаць свае адносiны да сумнавядомых падзей 11 верасня 2001 года ў ЗША, да многажонства, аднаполых шлюбаў, ролi жанчыны ў сям’i i грамадстве i г.д. Потым, калi вынiкi тэсцiравання апраўдаюць сабе, гэты вопыт будзе распаўсюджаны паўсюдна. Аднак грамадзянства можна i страцiць, калi высветлiцца, што на экзамене мiгрант казаў адно, а на справе ён заўзяты iсламскi фундаменталiст i вораг прагрэсу. Такая мера да несумленных iншаземцаў прадугледжваецца ў новым законапраекце. Ён, вядома, выклiкаў чарговую хвалю пратэстаў з боку лiдараў турэцкай абшчыны. Агульнавядома: там, дзе мусульмане — там i мячэцi. Апошнiм часам iх колькасць у Германii значна павялiчылася. Сёння ў краiне iснуе амаль сотня мячэцяў i 2200 малельных дамоў мусульман. А яшчэ адносна нядаўна ў 1970 годзе ў ФРГ было ўсяго тры мячэцi. Дынамiка iх бурнага будаўнiцтва гаворыць на карысць пашырэння ўплыву i ролi «iншых» еўрапейцаў, усяляе ў iх упэўненасць у сабе. Але з iншага боку бум на мячэцi непакоiць карэнных жыхароў. Яны ўсё часцей коса глядзяць на новыя мячэцi. Немцам нярэдка здаецца, што пад iх дахам знаходзяць прытулак i падтрымку каварныя тэрарысты. У Мюнхене, дзе жывуць дзесяткi тысяч туркаў, справа дайшла аж да судовай забароны будаўнiцтва самай вялiкай у краiне мячэцi ў элiтным раёне горада. Яго заможныя насельнiкi не захацелi, каб iх цiхi, прыгожы i ўтульны раён стаў месцам масавага паломнiцтва iншаверцаў, спакой i звыклы парадак парушаў муэдзiн, побач мiтусiлiся сотнi мусульман, стваралiся аўтамабiльныя пробкi, узнiк, нарэшце, дысананс з гатычнай архiтэктурай. У прыватнасцi, у цянi магутнай мячэцi аказалася б старажытная каталiцкая царква, што само па сабе, на погляд яе прыхаджан, з’яўляецца моцным рэлiгiйным выклiкам. I суд прыслухаўся да аргументаў карэнных жыхароў. У адказ — рашучыя пратэсты турэцкай абшчыны, абвiнавачваннi немцаў у парушэннi пачуццяў i правоў мусульман. Узнiкла сур’ёзная дыскусiя. Тая частка карэннага насельнiцтва, якому не падабаецца вялiкая колькасць культавых пабудоў мусульман (iх у Германii ў асноўным прадстаўляюць туркi), увогуле вылучыла i актыўна мусiруе тэзiс аб працэсе «цiхай iсламiзацыi» краiны, фармiраваннi паралельнага iсламскага грамадства. У гэтым, на думку асобных нямецкiх iнтэлектуалаў, асаблiвую ролю адыгрываюць мячэцi. Гучаць спасылкi на той факт, што многiя мячэцi невыпадкова знаходзяцца пад негалосным наглядам федэральнага ведамства па ахове канстытуцыi. А iсламскi цэнтр у Мюнхене (створаны ў 1973 г.), па дадзеных германскай разведкi, стаў еўрапейскiм фiлiялам блiзкаўсходняй экстрэмiсцкай арганiзацыi «Мусульманскае братэрства». Усе вострыя i часам вельмi непрыемныя для туркаў выказваннi, спрэчкi i дыскусii, у рэшце рэшт, працуюць на iмiдж i глыбiнныя iнтарэсы турэцкай абшчыны, у каторы раз пераконваюць немцаў i iх суседзяў, што сённяшняя Германiя, як не круцi, без эмiгрантаў (г.зн. без туркаў) ужо не Германiя. Сярод тых, хто раней за iншых зразумеў гэта — партыя «зялёных». Яе прадстаўнiкi знайшлi цiкавай iдэю перакладу нямецкага гiмна на турэцкую мову. У вынiку свет, маўляў, убачыць, што Германiя з’яўляецца краiнай дэмакратычнай, талерантнай, якая клапоцiцца аб новых турэцкiх суграмадзянах. «Зялёных» падтрымалi iх традыцыйныя апаненты лiберал-дэмакраты. На iх погляд, пераклад гiмна садзейнiчаў бы большаму разуменню людзьмi з iншымі каранямi нямецкага менталiтэту, культуры i традыцый. Аднак хрысцiянскiя дэмакраты знайшлi важкiя контраргументы: пакуль не чуваць з Турцыi звестак аб прапановах перакладу турэцкага гiмна на нямецкую мову. А па другое, атрымлiваецца, што не туркi-мiгранты павiнны iнтэгравацца ў нямецкае грамадства, а немцы ў турэцкае. Абсурд ды i толькi. Але i гэта даволi экзатычная дыскусiя сведчыць аб росце аўтарытэту турэцкай абшчыны. У Германii шмат пiшуць i гавораць пра загадкi i сюрпрызы турэцкай абшчыны, якую даследчыкi называюць самай закрытай абшчынай у Еўропе. Адным з сюрпрызаў стала масавая рэакцыя захаплення i ўхвалення часткай туркаў адкрыта антыамерыканскага турэцкага фiльма аб вайне ў Iраку «Далiна ваўкоў». Яго глядзелi пераважна маладыя туркi. Яны бурна пляскалi ў далонi, калi герой стужкi турак узарваў штаб амерыканскiх войскаў. А фiнальная сцэна, дзе ён забiвае нажом у сэрца генерала, увогуле ўвяла ў транс гледачоў аднаго берлiнскага кiнатэатра. Яны ўскочылi i доўга крычалi: «Алах акбар»! Гэты энтузіязм i праявы нянавiсцi да саюзнiкаў ФРГ па антытэрарыстычнай каалiцыi моцна азадачыла нямецкiх палiтыкаў i грамадскiх дзеячаў.
|