Песня вечаровая
Расцiслаў БЕНЗЯРУК
НА КОНКУРС АПАВЯДАННЯЎ
Пра iмгненнi шмат чаго напiсана. Але яны былi, ёсць i будуць... трымаць лiтаратуру. I не старэюць, кожны раз новыя. I для кожнага толькi свае. Для Расцiслава Бензерука з Жабiнкi — гэта песня, якой ён i дзелiцца з чытачамi газеты.Вiктар КАЗЬКО. — Штось кнiгаўкi закiгiкалi, — гаварыў, выходзячы з двара, Iван Лаганчук, па мянушцы Лысы, свайму сябру, таксама Iвану, якога ўсе ў вёсцы звалi Кудлаты. Як жа, два сябры i два Iваны! Самым камiчным у мянушках было тое, што Iван Лысы на самай справе адрасцiў круглую бараду, шырокую шавялюру сiвых валасоў i нечым нагадваў Карла Маркса ў сталым узросце, а ў чырванашчокага Iвана Кудлатага галава блiшчэла, як начышчаны самавар, ён старанна галiўся i болей паходзiў на Хрушчова. Свае мянушкi Iваны атрымалi ў дзяцiнстве. У Лысага быў бацька i гадоў да пятнаццацi стрыг хлопца пад нулёўку. Iван жа Кудлаты, бязбацькавiч, рэдка стрыгся, хадзiў лахматы i непрычэсаны. Калi пасля вайны быў прызваны ў войска, служыў на флоце на Балтыцы. Клiмат, мусiць, не пайшоў хлопцу на карысць, бо праз чатыры гады вярнуўся дадому з парадзелымi валасамi, а да трыццацi страцiў амаль усе. Калi яму гаварылi, каб адрасцiў бараду, як у сябра, Кудлаты смяяўся: — Няма на галаве — не будзе i ў барадзе!.. Людзi, жартуючы, прапаноўвалi абмяняцца мянушкамi. Iван Лысы звычайна на гэта адказваў: — Так выгадней. Украду я ў цябе парсюка. Прыйдзе ўчастковы i спытае, хто ўкраў, ты ж адкажаш: «Iван Лысы». Пакуль мiлiцыянер будзе разбiрацца з суседам, я ўцяку... Людзi пасмейвалiся з такiх Iванавых кепiкаў. А зараз ён, памаўчаўшы хвiлiну-другую, паўтарыў: — Штось кнiгаўкi закiгiкалi. Можа, на дождж? Кудлаты паглядзеў на бязвоблачнае неба i не пагадзiўся: — Не, дажджу не будзе. Проста бабы пяюць... — То, можа, пойдзем да iх на вячоркi? Была нядзеля. Чатыры жанчыны, памалiўшыся ў царкве, пакармiўшы парсючкоў i курачак, падаiўшы i выгнаўшы на пашу кароў, мелi вольны час, каб пасядзець разам. Яны прымасцiлiся ля штакетнiка на траве i спявалi. Спявалi так, як пяюць птушкi, забiўшыся ў засенi дрэў, i зусiм не зважалi, цi слухае iх хто. Людзi праходзiлi мiма, усмiхалiся, часам гаварылi добрае слова. Нечакана Параска Лукашык заўважыла: — Бабы, а мы ўсе тут дзеўкi? — Далiбог, праўда, — падтрымала Лiдка Чацвяртак. Яны толькi зараз, здаецца, зразумелi, што ўсе пахавалi сваiх мужоў i былi як бы на роўнай назе. — Глядзiце, i хлопцы да нас iдуць! — засмяялася Марыя Грыб, заўважыўшы Iванаў. — Iваначкi, iдзiце да нас! — загукалi жанчыны. — Паспяваем. Мужыкi весела перамiргнулiся мiж сабою: значыць, i яны яшчэ некаму патрэбны. I завярнулi да жаночага гурта. — Спяваць умееце? — спыталася Параска. Не адказваючы, Iван Лысы завёў прыпеўку: Няхай дождж, няхай снег, Маразы хай лютыя, — Да каханак пабяжым Босыя й абутыя! — Маладзец! — пахвалiла Марыя Грыб. — То сядайце з намi. — Параска, можа, гасцям услончык прынясеш, — прапанавала Зiна Лук’янюк. Параска гатова была бегчы ў хату, але Iван Лысы запынiў: — Калi жанчыны сядзяць, дык i нам не трэба ўслончыка... Ён усеўся побач, а Кудлаты доўга-доўга ўладкоўваўся, усё прыстройваючы сваю пабiтую нагу (прыдавiла калодаю, калi ў лесе бярвенне нарыхтоўваў). Каб не бянтэжыць госця, Марыя завяла: Чаму не прыйшоў, Як месяц узышоў, Як цябе я ждала?.. Мужчынскiя галасы на хаду ўварвалiся ў песню, хораша сплялiся з жаночымi: Цi каня не меў, Дарожкi не знаў, Мацi не пускала?.. — Ды ў нас харошы б хор атрымаўся! — не ўцярпела Параска. — Пенсiянерскi, — дадала Зiна. — А што?! — заўважыла Лiдка. — Зараз модныя пенсiянерскiя хары. Нас, можа б, i па целявiзары паказалi? — Ты, Лiдка, са сваiм пузам i ў целявiзар не ўлезеш! — пацвялiла Марыя. Разам усе праспявалi яшчэ некалькi песень. Сонца тым часам схавалася за далёкiм лесам. На вёску апусцiлася жаданая прахалода. У канцы вулiцы запылiў статак, што вяртаўся з пашы. — Бабы, каровы! — першай падхапiлася Лiдка Чацвяртак, а за ёю i ўсе астатнiя, пакiнуўшы мужчын адных. — Вось i пагулялi мы з табою, Iване, — нявесела заўважыў Кудлаты. — У нас нават каровы няма, каб сустракаць разам з iмi... |