Народны каляндар
На Мiколу Качанскага — качаны завязваюцца, а на Мядовы Спас — дазвалялася есцi мёд новага збору9 жнiўня — Мiкола Качанскi, капуснiк, як яго называюць. «Да гэтага дня на полi капусным качаноў густа». Пара асацыюецца з ураджаем капусты, бо з гэтага дня капуста ў качаны завязваецца. Паўсюль у гэты дзень збiралi лекавыя раслiны. 11 жнiўня — Калiнаў дзень. Калi ранiцай не будзе маразоў, то i на Лупу (5 верасня) не замарозiць. «Пранясi, Божа, Калiннiка марокам, а не марозам». 12 жнiўня — Сiла i Сiлуян, Iван-воiн. Калi ў гэты час днi стаяць пахмурныя i халаднаватыя — дажджу можна i не чакаць. Святых апосталаў Сiлу i Сiлуяна ўспрымалi лiтаральна па iх iмёнах i прыпiсвалi гэтую сiлу перш за ўсё хлебу: «Сiла хлеб сiлiць». А таксама лiчылi, што «Святая Сiла прыбавiць мужыку сiлы» сабраць ураджай i засеяць новае поле. А за Iванам-воiнам у народзе замацавалася ўяўленне як аб абаронцы ад зладзеяў. Калi хацелi пакараць злоснага ворага, то служылi малебен Iвану-воiну. 14 жнiўня — Мядовы Спас, Макавей. У Спаса ўсяго ў запасе: i дождж, i пагода, i шэрая непагадзь. Гэты дзень у народзе называюць «мокрым», «мядовым» або «макавым» Спасам. У сувязi з асвячэннем вады свята таксама называецца «Спас на вадзе». Каб у калодзежы была чыстая вада, на першы Спас яго абавязкова асвячалi. Гэты дзень — свята пчаляроў. «На першы Спас заломвай соты», кажуць у народзе. Толькi з гэтага дня дазваляецца есцi мёд новага збору. Лiчылася, што той, хто народзiцца ў гэты дзень, будзе добрым пчаляром. Спас Макавы — свята маку, таму пяклi блiны, гатавалi варэнiкi i iншыя стравы, дзе абавязкова быў мак. Мак асвячалi ў царкве i абсыпалi iм усё навокал: дом, падворак, хлеў, свойскiх жывёл. Лiчылася, што варта абсыпаць дом асвячоным макам — i ўсе падкопы супраць вас будуць нiчога не варты. Па народнай традыцыi ў гэты дзень абавязкова дапамагалi ўдовам i сiротам. У гэты дзень у некаторых мясцiнах асвячалi садовыя кветкi. Частку кветак неслi на поле для добрага ўраджаю, другую частку — на магiлы памерлых дзяцей. Гэта традыцыя нарадзiлася ў гонар сямi мучанiкаў — малых дзяцей, якiя загiнулi ў гэты дзень за хрыстову веру. |