Чытанне як характар
Ганна КIСЛIЦЫНА
Дзённiк бландзiнкi
Малады беларускi лiтаратар Б. увесь час наракае на крытыкаў, а апошнiм часам незадаволены чытачамi. Маўляў, неадукаваныя, пiшуць па-беларуску з памылкамi. Мiж тым, спрэчку з першымi выйграць можна, тут ужо, як гавораць, час — суддзя, а вось выйграць у другiх — немагчыма. Больш за тое, сярод чытачоў часцяком сустракаюцца людзi, чый лёс, характар, харызма не толькi не саступаюць пiсьменнiцкiм, але i значна ярчэйшыя.А наогул, цi ёсць ён — iдэальны, узорны чытач? Будзеце здзiўлены, але для мяне гэта Вера Харужая. Прызнаюся, да нядаўняга часу не было ў мяне нiякiх эмоцый адносна яе iмя, хоць i ведала, хто гэта. А тут чытаю фотакопiю яе лiста да Мiхася Лынькова, надрукаваны нядаўна ў «Полымi», i дзiву даюся... У лiсце гэтым, ад першага да апошняга слова напiсаным па-беларуску, уражаннi ад двух апавяданняў, адно яна ўхваляе, другое крытыкуе, як «пасрэднае», хоць i вельмi тактоўна. Цiкава тое, што Харужая i Лынькоў практычна не былi знаёмыя, але, як тлумачыць сама аўтарка лiста, «справы беларускай лiтаратуры настолькi востра i глыбока мяне цiкавяць, што, выбачайце, таварыш пiсьменнiк, не магу не выражаць сваёй радасцi цi незадаволенасцi ў адносiнах да яе». Лiст напiсаны другога красавiка 1942 года, а праз паўгода гэтая незвычайная ва ўсiх адносiнах жанчына была закатавана фашыстамi. Яна знайшла час i сiлы, каб напiсаць пiсьменнiку ва ўмовах, калi другi б i думаць нi пра што не стаў бы, акрамя ўласнай скуры. А ў нашых сучаснiкаў i хвiлiнкi няма, каб зайсцi ў краму побач з домам, каб спраўдзiць, цi жывая яна, беларуская лiтаратура. Колас i лiставанне Рыхтуючыся да «круглага стала» з нагоды юбiлею класiкаў нашых, перачытала вершы i лiсты Якуба Коласа да любiмых жанчын — Кетлер («Былiнкi») i Сомавай. Заўважыла нечаканую акалiчнасць — у лiстах увесь час паэт наракае на здароўе. Падрабязна так распiсвае, як нылi «прастуджаныя» зубы, балела сцягно, запалiлася брушына... Што ж дзiвiцца, што маладыя цётачкi-адрасаткi адказвалi яму з пятага лiста на дзесяты! Сыс i «ўспамiнальнiкi» 2000 год. Рэдактар «Крынiцы» Ала Канапелька, чалавек, якi цi не найбольш нацярпеўся ад Анатоля Сыса, вырашае зрабiць яго «постаць» — прысвяцiць яго творчасцi частку матэрыялаў. Сыс капрызнiчае, не жадае нi з кiм гаварыць, i Галубовiч просiць зрабiць iнтэрв’ю з iм мяне. Раблю, пiшу пра яго артыкул i разам з Галубовiчам угаворваю яго сяброў i знаёмых напiсаць пра яго хоць пару сло0ў. Збiранне матэрыялу расцягваецца — Сыс нiкому не цiкавы. Пагаджаюцца толькi сам Галубовiч, Глобус, Шынкарэнка, Аркуш, Шнiп, Гарачка, Вiшнёў, Васючэнка i Тычына. «Постаць» выходзiць у часопiсе са знакавым нумарам 6(66)... Згадваю пра гэта кожны раз, як бачу чарговы «опус» пра Сыса з сённяшняга канвеера ўспамiнаў. Слова i ўяўленне Усё ж у пiсьменстве галоўнае не Слова, а Уяўленне... Зразумела гэта, пабачыўшы, як пасажыры метро ўпотай выцiраюць рукi, прачытаўшы на чорнай сумцы вясёлага хлопца надпiс: «Другi ўсерасiйскi з’езд дэрматавенеролагаў. Масква, 2006». Зона адпачынку Могiлкi — месца, дзе ты павiнен думаць пра вечнае. Ты павiнен думаць пра неба, на самай жа справе глядзiш ў зямлю. Вось i я дайшла да магiлы i канстатавала — кветкi зноў давядзецца садзiць. За дваццаць гадоў, што жыву без мамы, я так прывыкла, што магiлаўтрымальнiкi суседняга ўчастка перакопваюць да сябе пасаджаныя мною кветкi, што перастала абурацца. Проста стала шукаць савочак, каб выкапаць некалькi лунак для пасадкi. I тут да мяне даходзiць — ГЭТА НЕ МАЯ МАГIЛА! Я праляцела два лiшнiя метры, не падымаючы вачэй ад зямлi. А ў мяне ўсё ў парадку — i кветкi растуць, i букецiкi стаяць, i яйка з Вялiкадня... Харашо! Як цяпер гавораць, «чылаўтная зона». «Бонi i Клайд» Днямi бачыла, як цётка каля метро раздавала ўлёткi «Поющие кедры России против терроризма». На пачку соўса «1000 выспаў» знайшла рэцэпт катлеты «Капiтан Кук». А сёння ўразiлася назвай матраца, якi меў персанальнае iмя «Бонi i Клайд»(спадзяюся, усе помняць, як скончылася жыццё гэтай парачкi). Разумею, чаму людзi перастаюць чытаць i хадзiць у музеi. Ад «крэатыву» паратунку няма. А «што забардзо, то не здрове», як казала мая бабуля. Балахонаў i правiнцыйны клуб Прачытала на дзiва змястоўны артыкул пра свайго любiмага маладога пiсьменнiка Сяргея Балахонава, чыя кнiга «Iмя грушы» вельмi папулярная ў беларускай маладзёвай тусоўцы. Трэба сказаць, што абсалютна згодная з агульным мэсiджам крытыка Макса Шчура. Цалкам пагаджуся з яго бачаннем цяперашняй лiтаратурнай «сiтуёвiны», як казалi ў 90-х. Вось толькi параўнанне балахонаўскага апавядальнiка з «падвыпiлым канферансье ў засмярдзелым правiнцыйным клубе» мяне засмуцiла. Бо тыя канферансье даўно ўжо гакнулi, разам з тымi клубамi... Даўнавата iх не бачыла, няма як параўнаць. Аднак жа цiкавая рэч — чаму ў нас самымi раскрытыкаванымi аказваюцца ўсё ж самыя любiмыя публiкай аўтары? Чаму менавiта iм выстаўляюць раз за разам гамбургскi рахунак... Такое ўражанне, што крытыкi ўсё ж трошачкi раўнуюць чытача да паэтаў i празаiкаў... Чылаўтная зона-2 Выглянула днямi ў акно... Цёплы дзень. Сонейка. На зялёнай траўцы каля сметнiцы, добра падмацаваўшыся, ляжаць на ўласных «спiнжаках» чатыры алкаголiкi... Над iмi лятуць галубкi, на тварах i траве ценi ад iх крылаў. Лiпа цвiце... Толькi вось адна праблема — «чылаўтная зона» за дваццаць метраў ад адзялення мiлiцыi. Можна сказаць, прамы выклiк стражам парадку, якiя неўзабаве i з’явiлiся. Сталi падымаць аднаго, другога... Двое паднялiся, а двое так i не змаглi... Падаюць, як кеглi... Мучылiся мiлiцыянеры, мучылiся, ды i пагналi тых, хто на нагах трымаўся, у аддзяленне для высвятлення асобаў. А тыя, што не змаглi падняцца, праз хвiлiну адарвалiся ад зямлi i цiхенька рушылi ў процiлеглы бок. Карысна ўсё-ткi чытаць у дзяцiнстве казкi. Асаблiва пра лiсiчку, якая прыкiнулася мёртвай i з’ела ўсю рыбу. Што нi кажыце, а фальклор i цяпер яшчэ — магутная сiла! |